Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
23 верасня 2011, 12:21

НЕ ПЕРАШКАДЖАЙЦЕ ЛЮДЗЯМ ЖЫЦЬ

Арганізатары кампаніі "Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі", якія заклікаюць грамадзян прыняць удзел у маўклівай акцыі пратэсту ў сераду, чарговы раз пацярпелі фіяска.

Як паведамляюць інтэрнэт-СМІ, у тым ліку і апазіцыйныя, у Мінску акцыя прадаўжалася не больш за 10 мінут, у ёй удзельнічалі 30 маладых людзей. Даныя з іншых гарадоў яшчэ больш павінны "ўзрадаваць" ініцыятараў акцыі: у Магілёве на вуліцу выйшлі 50 чалавек, у Бабруйску, Маладзечне, Наваполацку - па 30 чалавек, у Мазыры - 25, у Салігорску - 10, у Слуцку - 8, у Баранавічах - 20, у Лідзе - 5... А цяпер палічым: колькасць пратэстуючых ад агульнай колькасці пражываючага насельніцтва, напрыклад, у беларускай сталіцы склала 0,0016 працэнта, у абласным цэнтры Магілёве - 0,014 працэнта. Гэтыя лічбы нават не кропля ў моры - малекула...

Але, відаць, што "змагары за народнае шчасце" ніколькі не саромеюцца ўласнага рэйтынгу "ніжэй за плінтус" у насельніцтва. Галоўнае - не колькасць удзельнікаў, а сам факт правядзення акцыі. Інакш чым можна растлумачыць аператыўнасць з'яўлення ў Інтэрнэце паведамленняў аб колькасці ўдзельнікаў. Гэтыя "зводкі" нагадваюць справаздачы для бухгалтэрыі, маўляў, глядзіце: улада нам перашкаджае, а мы ўсё ж пратэстуем. А любое дзеянне, як ужо не раз даказвалі беларускія апазіцыянеры, павінна добра аплачвацца.

Так званая маўклівая акцыя пратэсту ў Мінску стала ў гэтым плане вельмі паказальнай. Каля 30 прадстаўнікоў замежных і беларускіх СМІ сабраліся на скрыжаванні цэнтральнага праспекта Незалежнасці і вул.Леніна щ раёне рэстарана "Макдональдс" каб сфатаграфаваць пратэстуючы натоўп. Але здымаць не было каго... Здымаючая, запісваючая і пішучая журналісцкая брація знемагала ад бяздзейнасці, раз-пораз адказваючы на пытанні прахожых аб тым, чым выклікана такая колькасць журналістаў. "Выратавалі" бязвыхаднае становішча некалькі маладых людзей, якія пачалі дэманстратыўна апладзіраваць перад камерамі. Хто гэтыя людзі - наведвальнікі рэстарана, людзі, якія проста вырашылі дзеля драйву засвяціцца, прахожыя або сапраўды пратэстуючыя - невядома, ды зрэшты і не мае значэння. Галоўнае - кадр зняты, крыкі запісаны, словы заканспектаваны. Акцыя, на думку яе арганізатараў, удалася, чаму ёсць неабвержныя сведчанні СМІ... І пара ініцыятарам акцыі садзіцца за справаздачы...

А грамадства будзе падбіваць іншыя "бабкі": колькі сродкаў пайшло на ахову грамадскага парадку, колькі наведвальнікаў адмовіліся ў гэты дзень ад наведвання рэстаранаў і кафэ ў месцах правядзення акцыі і г.д. Хто падлічыць гэтыя страты, якія аплачваюць законапаслухмяныя грамадзяне. І плацяць яны нават за такія акцыі...

Спадарства маўклівае нешматлікае, не перашкаджайце людзям жыць!

Аляксандр САМ,
БЕЛТА.
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі