Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
29 красавіка 2022, 17:32

Нацыянальны цэнтр маркетынгу аб перспектывах пашырэння беларускіх тавараў у Інданезію

Інданезія з'яўляецца адной з ключавых эканомік АСЕАН і ўсяго Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна і выступае ёмістым рынкам для экспарту рознай прадукцыі з высокім узроўнем канкурэнцыі амаль ва ўсіх яго сегментах. У 2020 годзе сукупны аб'ём імпарту Інданезіі склаў $141,6 млрд. Насельніцтва краіны складае 273 млн чалавек, а гэта значыць, што перспектыўнасць рынку для асваення беларускімі экспарцёрамі відавочная. Пра перспектывы пашырэння беларускіх тавараў у Інданезію расказалі карэспандэнту БЕЛТА ў Нацыянальным цэнтры маркетынгу.

Да найбольш традыцыйных таварных пазіцый, якія імпартуе Інданезія, адносяцца нафта і нафтапрадукты, тэлефонныя апараты, пшаніца і меслін, вылічальныя машыны і іх блокі, цукар трысняговы або бураковы і хімічна чыстая цукроза.

Інданезія займае 18-е месца сярод важнейшых напрамкаў беларускага экспарту. "У 2021 годзе двухбаковы тавараабарот Беларусі і Інданезіі дасягнуў $232 млн, перавысіўшы паказчык 2020 года на 28 працэнтаў. Пры гэтым экспарт Беларусі істотна перасягнуў імпарт і склаў $200 млн, тэмп росту - 40 працэнтаў", - сказалі ў цэнтры.

Адметнай асаблівасцю інданезійскага рынку з'яўляецца яго адкрытасць для іншых краін у рамках заключаных пагадненняў аб зоне свабоднага гандлю таварамі і паслугамі, якіх налічваецца больш за дзясятак. Паколькі паміж ЕАЭС і Інданезіяй ідзе працэс у напрамку заключэння пагаднення аб свабодным гандлі, для Беларусі існуюць значныя перспектывы па пастаўках у Інданезію па зніжаных мытных пошлінах грузавой, сельскагаспадарчай і спецыяльнай тэхнікі, рэнтгенаўскага абсталявання, цэлюлозы беленай, фанеры клеенай і інш.

У Нацыянальным цэнтры маркетынгу адзначылі, што ў беларускіх прадпрыемстваў машынабудаўнічай і харчовай галіны ўжо ёсць удалыя прыклады выхаду на інданезійскі рынак (БЕЛАЗ, МТЗ, ААТ "Савушкін прадукт", ААТ "Бабуліна крынка", ААТ "Верхнядзвінскі масласырзавод").

Пэўных поспехаў могуць дасягнуць вытворцы гарадскога электратранспарту, паколькі ў вялікіх гарадах Інданезіі рэалізуецца праграма абнаўлення парку грамадскага транспарту, і беларускія прадпрыемствы маюць магчымасць прапанаваць канкурэнтаздольны і экалагічны тавар.

Перспектыўным і вельмі важным у частцы дыверсіфікацыі беларускага экспарту з'яўляецца развіццё супрацоўніцтва ў харчовай сферы. Дасягнуты значны прагрэс ва ўзаемным прызнанні сертыфіката "Халяль" у рамках узаемадзеяння ТАА "Белхаляль" і Інданезійскага агенцтва па забеспячэнні якасці халяльнай прадукцыі дазволіў у 2021 годзе павялічыць пастаўкі беларускай малочнай прадукцыі ў Інданезію больш як у чатыры разы.

"Для дэталёвага вывучэння рынку Інданезіі ў мэтах вызначэння яго патэнцыялу неабходна разглядаць канкрэтны від прадукцыі (код ТН ЗЭД) з пункту гледжання дынамікі паставак, тэмпаў росту імпарту, тарыфнага рэгулявання, канкурэнтнага асяроддзя, кошту прадукцыі", - дадалі ў цэнтры.

Пашырэнню беларускіх тавараў у Інданезію будзе садзейнічаць актыўны ўдзел беларускіх прадпрыемстваў у двухбаковых дзелавых мерапрыемствах, нацэленых на актывізацыю беларуска-інданезійскага ўзаемадзеяння.

Нацыянальны цэнтр маркетынгу аказвае ўсебаковае садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у гэтым напрамку. У прыватнасці, у 2020-2021 гадах цэнтрам сумесна з інданезійскімі партнёрамі была арганізавана серыя тэматычных відэаканферэнцый, у якіх сумарна прынялі ўдзел і ўсталявалі новыя карысныя кантакты амаль 300 беларускіх кампаній.

Для актывізацыі бізнес-кантактаў паміж краінамі ў бліжэйшай перспектыве плануецца арганізацыя маштабнага Беларуска-інданезійскага бізнес-форуму, суарганізатарам якога выступіць Нацыянальны цэнтр маркетынгу.-0-

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі