Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
21 лістапада 2012, 13:28

Настаў новы этап у развіцці беларускай нейрахірургіі

Афіцыйнае адкрыццё Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра неўралогіі і нейрахірургіі пасля рэканструкцыі, якая доўжылася шэсць гадоў, адбудзецца гэтымі днямі, а пакуль цэнтр паціху пачынае работу. Адно за другім уводзяцца аддзяленні, у пабудаваным аперацыйным модулі праведзены першыя аперацыі, а сучаснае абсталяванне выпрабавана на справе. Але самае галоўнае, што з адкрыццём РНПЦ пачаўся новы віток развіцця айчыннай нейрахірургіі, паколькі цяпер у рабоце беларускім нейрахірургам будзе дапамагаць самае сучаснае абсталяванне, якім аснасцілі карпусы РНПЦ. Аб тым, якія магчымасці адкрыліся перад цэнтрам пасля рэканструкцыі, карэспандэнту БЕЛТА расказаў дырэктар Андрэй Танін.


Канцэпцыя Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра неўралогіі і нейрахірургіі была распрацавана ў 2005 годзе, а ў 2006 годзе пачаліся непасрэдна будаўнічыя работы. За гэты час быў рэканструяваны клінічны корпус і пабудаваны аперацыйна-рэанімацыйны модуль.


Як расказаў Андрэй Танін, да рэканструкцыі ўсе падраздзяленні цэнтра, уключаючы адміністрацыю, навуковыя аддзелы і лабараторыі, клінічныя аддзяленні размяшчаліся ў адным будынку. У ім працавала ўсяго два неўралагічныя аддзяленні па 40 ложкаў кожнае. Сёння ж ва ўстанове адкрыліся тры неўралагічныя і два нейрахірургічныя, а таксама дзіцячае неўралагічнае аддзяленні. У бліжэйшы час да іх будзе дададзена дзіцячае нейрахірургічнае і дзіцячае рэанімацыйнае аддзяленні, якія перавядуць з Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Мінска. Разам агульны ложкавы фонд складзе 250 ложкаў, з іх 18 рэанімацыйных.


"У нашым аперацыйным модулі размясціліся 7 аперацыйных, уключаючы рэнтгенэндаваскулярную, аддзяленні дарослай і дзіцячай рэанімацыі. Там ужо былі выкананы першыя аперацыйныя ўмяшанні. Дарэчы, па ўзроўню аснашчэння модуль адпавядае ўсім еўрапейскім і сусветным стандартам", - адзначыў дырэктар РНПЦ нейрахірургіі і неўралогіі.


Вядома ж, павялічыцца і колькасць пацыентаў, якім акажуць дапамогу ў цэнтры. Паводле слоў Андрэя Таніна, раней стацыянарнае лячэнне ў РНПЦ у год праходзілі каля 2 тыс. пацыентаў, а ў поліклінічным аддзяленні праводзілася да 11 тыс. кансультацый. З адкрыццём новых будынкаў гэтыя паказчыкі павялічацца да 5 тыс. і 20 тыс. адпаведна.


Акрамя таго, увод у эксплуатацыю аперацыйнага модуля даў магчымасць праводзіць хірургічныя ўмяшанні на сваёй базе. Раней яны выконваліся супрацоўнікамі РНПЦ на базе 5-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска - да 1,5 тыс. умяшанняў у год. У новым аперацыйным блоку будуць рабіць больш за 2,5 тыс. высокатэхналагічных і складаных нейрахірургічных аперацый.


Трэба адзначыць, што нейрахірургічная дапамога насельніцтву рэспублікі заўсёды аказвалася ў поўным аб'ёме. Выконваліся аперацыі пры пухлінах нервовай сістэмы, траўмах галаўнога мозга і перыферычных нерваў, грыжах міжпазванковых дыскаў, прамыя ўмяшанні на сасудах мозга і многія іншыя, аднак з адкрыццём цэнтра настаў новы этап у развіцці айчыннай нейрахірургіі - яе пераход на малаінвазіўныя, высокатэхналагічныя метады лячэння.


Апошнія пяць гадоў нейрахірургі РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі праходзілі стажыроўку ў Расіі, Францыі, Германіі, Бельгіі, Ізраілі і іншых краінах. "Мы пачалі лячыць такія захворванні, як хвароба Паркінсона, шляхам правядзення хранічнай стымуляцыі падкоркавых структур. Упершыню ў Беларусі такая аперацыя была выканана ў мінулым годзе. З пераходам у новы корпус мы пашырым пералік аказання нейрахірургічнай дапамогі пацыентам пры эпілепсіі, мышачных дыстаніях, дзецям з цэрэбральным паралічам", - адзначыў дырэктар цэнтра.


Усё гэта стала магчымым і дзякуючы самаму сучаснаму абсталяванню як для дыягностыкі, так і для лячэння пацыентаў неўралагічнага і нейрахірургічнага профілю, якім абсталяваны новыя карпусы. Напрыклад, для нейравізуалізацыі выкарыстоўваецца новы магнітна-рэзанансны тамограф з магутнасцю магнітнага поля 3 Тл. Гэта першы ў Беларусі апарат з такой распазнавальнай здольнасцю і адзін з нямногіх у Еўропе. Ён дае магчымасць забяспечыць больш тонкую структурную дыягностыку захворванняў нервовай сістэмы, дае магчымасць дакладнага планавання хірургічных умяшанняў з захаваннем жыццевызначальных функцый.


У РНПЦ устаноўлены двухэнергетычны апарат камп'ютарнай тамаграфіі, які забяспечыць больш хуткую дыягностыку захворванняў і пашкоджанняў цэнтральнай і перыферычнай нервовай сістэмы, што асабліва важна для аказання дапамогі маленькім пацыентам. Таксама працуюць найноўшыя апараты для ультрагукавых даследаванняў, энцэфалаграфіі, электранейраміёграфы, а клініка-дыягнастычная лабараторыя бальніцы аснашчана высокапрадукцыйнымі дыягнастычнымі аналізатарамі, якія даюць магчымасць выконваць шырокі спектр лабараторных даследаванняў.


Новыя магчымасці лячэння пацыентаў з сасудзістымі захворваннямі галаўнога і спіннога мозга адкрывае і рэнтгенэндаваскулярная аперацыйная. "Дзякуючы з'яўленню такой тэхналогіі, мы можам праводзіць аперацыі, не разразаючы поласць чэрапа", - расказаў Андрэй Танін. Паводле яго слоў, раней супрацоўнікі РНПЦ такіх аперацый праводзілі каля 150 у год, але патрэбнасць у іх у Беларусі значна вышэйшая. "З увядзеннем новага корпуса мы павялічым колькасць такіх умяшанняў прыкладна ў тры разы", - запэўніў субяседнік.


Акрамя таго, у цэнтры актыўна прымяняюцца сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі, якія даюць магчымасць весці электронную гісторыю хваробы, лічбавую апрацоўку здымкаў, архівацыю і перадачу даных. Існуе адзіная камп'ютарная сетка ў ардынатарскіх, аперацыйных, кабінетах загадчыкаў аддзяленняў і адміністрацыі клінікі. Наладжана тэлемедыцынская сувязь для прамых кансультацый з абласнымі медыцынскімі ўстановамі і некаторымі гарадскімі клінікамі.


Не забылі ў цэнтры і пра камфорт пацыентаў. Як расказаў дырэктар РНПЦ, ва ўстанове сканцэнтраваны не толькі кваліфікаваныя ўрачэбныя кадры і сучаснае абсталяванне, але і спагадлівы і чулы сярэдні і малодшы медыцынскі персанал, а таксама камфортныя палаты для праходжання лячэння. Паводле слоў Андрэя Таніна, гэта павінна прыцягнуць і пацыентаў з блізкага і далёкага замежжа. "Да нас ужо сталі актыўна звяртацца па медыцынскую дапамогу грамадзяне з Расіі, Украіны, Узбекістана. Для пацыентаў жа важны не толькі ўзровень аказваемай дапамогі, але і ўтульнае знаходжанне ва ўстанове аховы здароўя. Новы будынак гэтаму поўнасцю адпавядае", - расказаў ён.


Што датычыцца медперсаналу, то калі яшчэ тры гады таму агульны штат РНПЦ быў крыху большы за дзвесце чалавек, то цяпер па штатнаму раскладу прадугледжана каля тысячы пасад. "Так, мы істотна пашыраемся. Да ўводу новых карпусоў рэальна існавала ¼ цэнтра, ¾ мы атрымалі цяпер, адпаведна ўзрасла і колькасць абслуговага персаналу", - адзначыў Андрэй Танін.


Ядро ўстановы складаюць навуковыя кадры: у цэнтры працуюць 8 дактароў навук і прафесараў, адзін акадэмік, 23 кандыдаты медыцынскіх навук. Большасць урачэбнага персаналу маюць вышэйшую або першую катэгорыі. "А ў мінулым годзе мы набралі новую змену нейрахірургаў, якія сёння навучаюцца ў акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Хочацца пажадаць ім поспехаў у асваенні спецыяльнасці і прафесійнай удачы", - сказаў Андрэй Танін.


Хрысціна КУРЛОВІЧ

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі