Асноўная інтрыга двух апошніх гадоў работы сістэмы вышэйшай адукацыі Беларусі вырашана: 14 мая наша краіна афіцыйна прынята ў Балонскі працэс. Гэта важная для Беларусі падзея адбылася на Канферэнцыі міністраў адукацыі краін агульнаеўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі ў Ерэване (Арменія). Тым самым Балонскі камітэт прызнаў поспехі ў развіцці нацыянальнай сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь. Усе кропкі над "і" карэспандэнт БЕЛТА папрасіў расставіць кіраўніка беларускай дэлегацыі на гэтым мерапрыемстве міністра адукацыі Міхаіла Жураўкова.
Рашэнне міністраў адукацыі краін агульнаеўрапейскай прасторы закрыла белую пляму на еўрапейскай карце Балонскага працэсу. І цяпер 48 краін Еўропы знаходзяцца ў адной "зоне камфорту". Што ж такое Балонскі працэс і што чакае сістэму вышэйшай адукацыі Беларусі ў бліжэйшым будучым, разбяромся па пунктах.
Заканадаўчая база
Як паказала размова з прадстаўнікамі еўрапейскіх краін у Ерэване, многае з таго, што ведаюць яны пра Беларусь, не толькі надумана, але і не адпавядае рэчаіснасці. На жаль, нашу сістэму адукацыі дрэнна ведаюць у замежных краінах. Напрыклад, дзіўна, што некаторыя прадстаўнікі цікавіліся, калі мы пяройдзем на двухступеньчатую сістэму вышэйшай адукацыі і ўвядзём магістратуру. Таму нам трэба будзе выканаць работу не толькі па развіцці сістэмы нацыянальнай адукацыі, але і па прапагандзе сістэмы вышэйшай адукацыі ў нашай краіне сярод прадстаўнікоў універсітэцкай супольнасці, вучоных і педагогаў краін Еўропы.
Трэба падкрэсліць, што змяненні ў заканадаўчай базе і галоўным дакуменце (Кодэксе аб адукацыі) былі запланаваны Праграмай развіцця вышэйшай адукацыі Беларусі задоўга да прыняцця рашэння ў Арменіі аб далучэнні нашай краіны да Балонскага працэсу. Далучэнне нашай краіны да Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі толькі ўносіць пэўныя карэктывы і дапаўненні да прынятых намі планаў і праграмы. У апошнія гады ў нашай нацыянальнай сістэме вышэйшай адукацыі прыняты важныя рашэнні: уведзена двухступеньчатая сістэма, укаранёны адукацыйныя стандарты новага пакалення, завяршаецца распрацоўка ўніверсітэцкіх сістэм менеджменту якасці і іх сертыфікацыя міжнароднымі агенцтвамі, існуе шырокая сацыяльная падтрымка студэнтаў, значна пашырылася міжнародная акадэмічная мабільнасць студэнтаў і выкладчыкаў, прадаўжаецца работа па ўкараненні нацыянальнай сістэмы заліковых адзінак і яе ўзгадненне з ECTS, вядзецца работа па фарміраванні нацыянальнай сістэмы кваліфікацый і многае іншае.
У адпаведнасці з агульнымі прынцыпамі Балонскага працэсу цяпер мы павінны зрабіць некаторыя дадатковыя дзеянні па ўдасканаленні сістэмы адукацыі. Сярод іх, напрыклад, пэўная ўніфікацыя спецыяльнасцей, увядзенне дадатку да дыплома згодна з еўрапейскім стандартам, распрацоўка нарматыўных дакументаў, згодна з якімі студэнтам, што праходзяць стажыроўку ў замежных ВНУ, залічваюцца праслуханыя курсы ў Беларусі і інш.
У нас наперадзе звычайная, можна нават сказаць, руцінная работа ў заканадаўчай сферы. Але студэнт або выкладчык яе можа адразу і не адчуць. Паколькі працэс прывядзення нашай сістэмы да стандартаў вышэйшай адукацыі Еўрапейскай прасторы праходзіць і цяпер, працуюць вучоныя, менеджары ў сферы адукацыі, юрысты, дэпутаты. Гэта штодзённая інтэлектуальная праца па распрацоўцы тых ці іншых дакументаў.
І галоўнае - Балонскі працэс не мае на ўвазе поўную ідэнтычнасць сістэм адукацыі. Таму мы спакойна і без спешкі пройдзем увесь шлях удасканалення і мадэрнізацыі сістэмы вышэйшай адукацыі, дапрацуем там, дзе гэта неабходна, заканадаўства, але з улікам нацыянальных асаблівасцей Беларусі. Праграма развіцця вышэйшай адукацыі прадугледжвае глабальную работу ўніверсітэтаў па ўдасканаленні матэрыяльнай базы, фарміраванні навуковых школ, падтрымцы выкладчыцкага складу, кадравай наменклатуры, узаемадзеянні з навучальнымі ўстановамі ў Беларусі і за мяжой.
Крэдытна-модульная сістэма
У Беларусі распрацоўваецца дадатак да дыплома аб вышэйшай адукацыі еўрапейскага ўзору. Неабходнасць увядзення дакумента ў такім фармаце абумоўлена ў тым ліку і ўваходжаннем у Балонскі працэс. У дадатку павінны быць адзначаны пройдзеныя курсы, адзнакі і замест "гадзін па курсах" колькасць так званых крэдытаў па іх, а таксама агульная колькасць крэдытаў, якую студэнт набірае за час свайго навучання. Крэдыт - гэта своеасаблівая мера курсаў і прадметаў. Кожны курс/прадмет "каштуе" пэўную колькасць заліковых адзінак/балаў. Навучэнец разам з абавязковымі дысцыплінамі выбірае сабе дадатковыя прадметы, загадзя ведаючы, колькі ён павінен "зарабіць" крэдытаў як за семестр, так і за ўвесь цыкл навучання.
Такі выбар прадастаўляецца галоўным чынам старшакурснікам, а на першым-другім курсах у асноўным вывучаюцца абавязковыя дысцыпліны. У пераходзе на сістэму крэдытаў няма нічога страшнага. Калі былі ўведзены новыя адукацыйныя стандарты, то яшчэ на стадыі распрацоўкі была створана сістэма навучальных курсаў, кратная па гадзінах 17 вучэбным тыдням, гэта значыць навучальныя курсы ў беларускіх ВНУ - 34 гадзіны, 68 гадзін і г.д. Гэта было зроблена для таго, каб потым іх было лягчэй пералічыць у крэдыты.
Гэту сістэму не трэба блытаць з 10-бальнай ацэнкай ведаў, якая ўведзена ва ўсіх навучальных установах Беларусі. Такая адзнака выстаўляецца студэнту за праяўленыя ім веды па прадмеце, а крэдыты ацэньваюць "працаёмкасць" уласна самога прадмета. Нашы ўніверсітэты без асаблівых праблем ужо цяпер паступова ўводзяць крэдытную сістэму. Такія вялікія ВНУ, як БДУ або БДУІР, гатовы ў поўнай меры да гэтых пераўтварэнняў, некаторым жа ВНУ давядзецца папрацаваць больш актыўна.
Студэнцкае самакіраванне
Зразумела, уключэнне Беларусі ў Балонскі працэс прадугледжвае распрацоўку пэўнай адукацыйнай палітыкі ў "дэмакратычным аспекце", але развіццё нашай нацыянальнай сістэмы адукацыі абсалютна не супярэчыць гэтым устаноўкам.
Напрыклад, у Беларусі пачаў актыўную работу нядаўна створаны Рэспубліканскі грамадскі студэнцкі савет пры міністры адукацыі. У яго ўвайшлі прадстаўнікі ўсіх 54 ВНУ краіны. Асноўная задача студэнтаў, якія выступілі з прапановай арганізаваць такі савет, - дапамога спецыялістам у пошуку канструктыўных рашэнняў праблем, што стаяць перад сістэмай адукацыі, шляхам стварэння ўмоў для шырокага грамадскага дыялогу, уключэння ў яго актыўнай, мыслячай моладзі. У сусветнай адукацыйнай прасторы ідзе барацьба за студэнта, за будучае краіны. Некаторыя гавораць, што моладзь слаба ўдзельнічае ў жыцці ВНУ, а іншыя, што моладзь лянівая і не хоча актыўнічаць. Хочацца падкрэсліць, што гэта не так. Моладзь у нашай краіне актыўная і крэатыўна мыслячая, яна вылучае ідэі па развіцці і ўдасканаленні сістэмы адукацыі і, што важна, прымае ўдзел у рэалізацыі ідэй. Нашы студэнты актыўна ўключыліся ў абмеркаванне самых злабадзённых тэм, прычым выкарыстоўваюць яны для гэтага не толькі звычайныя формы работы - сустрэчы, але і інтэрнэт-супольнасць. Так, напрыклад, створаны групы ў самых папулярных сацыяльных сетках і абмеркаванне пытанняў ідзе значна больш актыўна.
Што датычыцца саветаў ВНУ, то і тут работа значна актывізуецца. Мы імкнёмся да таго, каб колькасць прадстаўнікоў студэнцтва ў саветах дасягнула 25 працэнтаў ад агульнай колькасці прафесарска-выкладчыцкага складу. Разам з тым у некаторых ВНУ яшчэ неабходна выканаць работу і разварушыць інертнасць студэнтаў.
Стажыроўка, практыка, уключанае навучанне
Некаторыя лічаць, што з уваходжаннем Беларусі ў Балонскі працэс будзе мець месца масавы адток студэнтаў і спецыялістаў з краіны. Цвёрда ўпэўнены, што такога працэсу не прадбачыцца.
У Беларусі на сённяшні дзень больш за 7 тыс. студэнтаў і выкладчыкаў штогод выязджаюць на навучанне, стажыроўкі, канферэнцыі ў розныя краіны як блізкага, так і далёкага замежжа.
Сёння акрамя міжнародных грантаў на навучанне і стажыроўкі значная колькасць грантаў і фінансавай падтрымкі выдзяляецца міністэрствам адукацыі і ВНУ. Спадзяюся, што цяпер такіх стажыровак будзе яшчэ больш. Па змесце мы адпавядаем усім патрабаванням Лісабонскай канвенцыі, а вось мабільнасць плануем развіваць.
Калі нехта думае, што можна паступіць у БДУ, напрыклад, а потым паехаць і скончыць Гарвард, то тут таксама памылка. Еўрапейская практыка ў асноўным такая: у якую ВНУ студэнт паступаў і пачынаў вучыцца, такую ВНУ ён і заканчвае. Стажыроўка, вучоба прадугледжваюцца ў час вучобы на пэўнай ступені адукацыі. Зразумела, можна змяніць ВНУ пры пераходзе на наступную ступень навучання.
Хацелася б адзначыць, што ў нас цяпер назіраецца станоўчая тэндэнцыя і ў вяртанні ва ўніверсітэты і на кафедры маладых прадстаўнікоў прафесарска-выкладчыцкага складу. З'яўляюцца новыя магчымасці і ўмовы для навуковай работы, ёсць лабараторыі, выдзяляюцца значныя сродкі для выканання новых даследаванняў і тэм.
Вось, напрыклад, Беларусь актывізуе супрацоўніцтва з Кітаем, становіцца часткай Шаўковага шляху. Пад Мінскам ідзе актыўнае будаўніцтва кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень". Аб гэтым ужо ведаюць і ў Еўропе. Да мяне ў Арменіі падыходзілі прадстаўнікі краін Балтыі і пыталіся, ці можна прыехаць, зарэгістравацца і працаваць у Беларусі. Мне здаецца, што ўступленне ў Балонскі працэс, стварэнне высокатэхналагічных лагістычных цэнтраў і вытворчасцей будзе садзейнічаць таму, што ў бліжэйшы час стане тэндэнцыяй прыезд у Беларусь спецыялістаў не толькі для атрымання адукацыі, але і для адкрыцця вытворчасцей і навуковых лабараторый.
Што ж датычыцца прафесарска-выкладчыцкага складу, то ўключэнне нас у еўрапейскі адукацыйны рух дапаможа нашым спецыялістам больш актыўна пашыраць і развіваць сумесныя праекты. Мы зможам абменьвацца тэхналогіямі, прапаноўваць для ўкаранення свае адукацыйныя ноу-хау, запазычваць чужыя і не толькі ў адукацыі, але і ў навуцы, прамысловасці, іншых галінах.
Прызнанне дакументаў ад адукацыі
Канвенцыя аб прызнанні дакументаў аб адукацыі (Лісабонская канвенцыя) не прадугледжвае аўтаматычнага прызнання любога дакумента аб вышэйшай адукацыі ў краінах, якія падпісалі канвенцыю. Яна толькі абавязвае распрацаваць працэдуры правядзення прызнання, устанавіць дакладныя тэрміны разгляду спраў і магчымасць апеляцыі.
Ёсць пытанне і з прызнаннем дакументаў аб адукацыі. Напрыклад, беларускія ВНУ даюць сваім выпускнікам кваліфікацыю, якая дазваляе адразу ж пачаць працаваць. Заходняя ж вышэйшая школа іншая. Там прадугледжваецца бакалаўрыят - агульная базавая падрыхтоўка, а ўжо кваліфікацыя і спецыялізацыя даводзіцца на прадпрыемстве або фірме. Які падыход лепшы, вырашае сама краіна. Узаемнае прызнанне дыпломаў - не асноўная мэта Балонскага працэсу і краін - удзельніц Лісабонскай канвенцыі. Дыпломы прызнаюцца і цяпер. Але да прызнання заказчык, работадавец заўсёды правярае, наколькі ты адпавядаеш таму дыплому і той кваліфікацыі, якая запісана ў цябе ў дакуменце.
У Беларусі ўжо распрацавана пэўная праграма дзеянняў па ўдасканаленні гэтага працэсу. У Ерэване значная частка дыскусій была прысвечана тэме, як гарантаваць моладзі рабочае месца. На жаль, але ў некаторых еўрапейскіх краінах беспрацоўе сярод моладзі з вышэйшай адукацыяй дасягае 30-35 працэнтаў. Я прапанаваў звярнуць увагу на тое, як гэта пытанне вырашае Беларусь. Ужо цяпер у многіх краінах на навучанне ва ўніверсітэце дзяржава дае гранты. І гэты дзяржаўны грант выпускнік павінен або адпрацаваць, або вярнуць грошы. Безумоўна, ёсць пытанні з тым, як быць калі выпускнік паехаў у іншую краіну ў магістратуру або аспірантуру. То тут павінны ўступаць у сілу дамоўленасці паміж універсітэтамі. Таму ёсць яшчэ пытанні, у тым ліку заканадаўчага плана, якія нам неабходна будзе ўрэгуляваць.
У Еўропе наспела яшчэ адна праблема, якую абмяркоўвалі прадстаўнікі розных міністэрстваў адукацыі ў Ерэване, - многія не паспяваюць скончыць за чатыры гады ўніверсітэт, і гэты тэрмін прадаўжаецца на пяць-шэсць гадоў. У розных краінах Еўропы па-рознаму ставяцца да гэтай праблемы, адзінага рашэння на канферэнцыі выпрацавана не было.
Вельмі спадзяюся, што ўключэнне нас у Балонскі працэс павялічыць прыток замежных студэнтаў у беларускія ўніверсітэты. Паколькі раней ім часта не залічваліся стажыроўкі або ўключанае навучанне ва ўстановах адукацыі нашай краіны, а цяпер гэта пытанне будзе вырашана.
Рашэнне аб пачатку працэдуры далучэння Беларусі да Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі Прэзідэнт прыняў у 2010 годзе. Лісабонская канвенцыя прадугледжвае прызнанне кваліфікацый і асноўныя прынцыпы падрыхтоўкі спецыялістаў. Рашэнні Балонскага працэсу маюць рэкамендацыйны характар. Сістэма развіцця Балонскага працэсу, не закранаючы нашых інтарэсаў, дапаможа нам сачыць за адукацыйнымі працэсамі ў сусветнай прасторы і ўдзельнічаць у іх.