Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
25 сакавіка 2013, 16:58

Курортная зона Нарачанскага краю фарміруе новы выгляд беларускага турызму

Нарачанскі край называюць жамчужынай Беларусі, прыгожай і загадкавай мясцінай. Цікавасць да прыродных пераваг можна значна "падагрэць", развіваючы курортную інфраструктуру рэгіёна, якая фарміравалася некалькі дзесяцігоддзяў таму і не ў поўнай ступені адпавядае сучасным патрабаванням. Курорту трэба будзе павысіць якасць паслуг, павялічыць іх экспарт і колькасць аб'ектаў туріндустрыі, аб'ёмы прыцягнення інвестыцый адначасова з захаваннем прыроднага комплексу. Гэта прадугледжана Дзяржаўнай праграмай развіцця курортнай зоны Нарачанскага краю на 2011-2015 гады.

АДПАЧЫВАЙЦЕ Ў БЕЛАРУСІ

Нарачанская курортная зона размешчана ў паўночна-заходняй частцы Беларусі, на стыку граніц Мінскай, Віцебскай і Гродзенскай абласцей. Амаль 17 працэнтаў яе агульнай плошчы займаюць вялікія і малыя азёрныя экасістэмы. Менавіта тут суседнічаюць два возеры-рэкардсмены: Нарач (самае вялікае ў Беларусі) і Свір (самае доўгае). Дзіўная і разнастайная прырода рэгіёна: гэта і гаі, і балоты, і густыя лясы, і прасторныя палі, лугі. У маляўнічай навакольнай мясцовасці Нарачы штогод адпачываюць больш як 100 тыс. турыстаў з нашай краіны, блізкага і далёкага замежжа. Эксперты сцвярджаюць, што прыродныя рэсурсы рэгіёна не ўступаюць, а ў многіх выпадках перасягаюць па сваіх характарыстыках аналагічныя рэсурсы іншых краін - суседзяў Беларусі. У курортнай зоне размешчаны ландшафтны заказнік "Блакітныя азёры", гідралагічныя ("Чарэмшыцы" і "Швакшты") і біялагічныя ("Рудакова", "Некасецкі", "Пасынкі") заказнікі.

У Дзяржаўную праграму развіцця курортнай зоны Нарачанскага краю на 2011-2015 гады ўключаны 143 населеныя пункты, у якіх пражывае каля 20 тыс. чалавек. Плануецца добраўпарадкаваць не толькі прылеглыя да возера Нарач тэрыторыі, але і транзітныя населеныя пункты. Стануць больш даступныя для турыстаў азёры Мядзел, Мястра, Расохі, Свір, Вішнеўскае, Швакшты.

Ужо два гады праводзіцца работа па стварэнню буйнейшага аздараўленчага, культурна-забаўляльнага і турыстычнага цэнтра рэспублікі. Як адзначыў старшыня камітэта эканомікі Мінскага аблвыканкама Дзмітрый Паўловіч, за гэты час на рэалізацыю дзяржпраграмы зрасходавана больш як Br348 млрд., у поўным аб'ёме выкананы 28 мерапрыемстваў.

У рэкрэацыйна-турыстычнай зоне размешчаны 11 санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый, у кожнай з іх ёсць канкрэтныя планы развіцця. Так, ужо завершана рэканструкцыя лячэбнага корпуса санаторыя "Прыазёрны", у санаторыі "Нарачанскі бераг" мадэрнізаваны 2 спальныя корпусы. Санаторый "Спадарожнік" у хуткім часе зможа пахваліцца спальным корпусам на 136 месц са SPA-цэнтрам, кінаканцэртнай залай і рэстаранам. У турыстычным комплексе "Нарач" гасцей прымае абноўлены гасцінічны корпус, устаноўлена сучаснае медыка-аздараўленчае абсталяванне.

Значна абнавіўся санаторый "Белая Русь". На яго тэрыторыі з'явіўся гасцявы домік, пашырана аўтамабільная стаянка. На добраўпарадкаваным пляжы аматары валейбола могуць апрабаваць новую пляцоўку, на тэнісным корце ўстаноўлены навесы. У здраўніцы адрамантаваны памяшканні, турыстаў абслугоўваюць на найноўшым абсталяванні. Тут арганізавана харчаванне па тыпу шведскага стала.

Палепшылі матэрыяльна-тэхнічную базу і іншыя арганізацыі рэгіёна. Напрыклад, у санаторыі "Журавушка" абноўлены спальныя карпусы, клуб-сталовая, медыцынскі корпус. Пакой адпачынку ў адміністрацыйна-прыёмным корпусе таксама стаў больш прывабным. Добраўпарадкавалі і тэрыторыю санаторыя, пляжную зону. У стацыянарным аздараўленчым лагеры "Русалачка" адноўлена спартыўная зала.

Турыстычная інфраструктура азёрнага краю сканцэнтравана ў курортным пасёлку Нарач, які расцягнуўся на некалькі кіламетраў уздоўж берага самага вялікага ў Беларусі возера. У пасёлку з насельніцтвам больш як 3 тыс. чалавек гасцей прымаюць некалькі санаторыяў, баз адпачынку. Іх чакае ландшафтнае добраўпарадкаванне і дэкаратыўна-мастацкае афармленне. У Нарачы пачала прымаць ужо турыстаў абноўленая аднайменная гасцініца, адчыніў свае дзверы і новы аўтавакзал. Да курортнага пасёлка вядзе рэканструяваная аўтадарога Р28 Мінск - Маладзечна - Нарач.

КУРОРТНЫЯ ПЕРСПЕКТЫВЫ

У 1999 годзе прырода Нарачанскага краю атрымала гарантаваную ахову каштоўных аб'ектаў - ландшафтаў, вадаёмаў, лясоў, флоры і фаўны. Тут быў створаны нацыянальны парк "Нарачанскі", які ўключае тэрыторыі Мядзельскага, Вілейскага, Пастаўскага, Смаргонскага раёнаў. На ахоўнай прыроднай тэрыторыі ёсць "Парк рэдкіх раслін", у бліжэйшым будучым турысты змогуць палюбавацца на дзікіх жывёл у вальерах.

Супрацоўнікі нацпарка адзначаюць, што цяпер турыстычная дзейнасць, перш за ўсё экалагічны турызм, успрымаецца гасцямі не як самастойны напрамак, а як другарадны занятак. У той жа час рэсурсы нацпарку ў галіне распрацоўкі адносна новых для краіны відаў экалагічнага турызму далёка не вычарпаны. Ёсць значны патэнцыял для развіцця такіх відаў турыстычнай дзейнасці, як зялёны турызм, назіранне за птушкамі, фотапаляванне. Асноўная перашкода для арганізацыі сістэмы зялёных маршрутаў - адсутнасць узаемадзеяння паміж нацпаркам, гаспадарамі аграсядзіб, турфірмамі і грамадскім аб'яднаннем "Адпачынак у вёсцы". Гэта супрацоўніцтва павінна быць арганізавана на кластарнай аснове.

Нацыянальны парк "Нарачанскі" мог бы актыўна развіваць назіранне за птушкамі як від турызму. Аднак для гэтага патрэбны не толькі веды аб біялогіі птушак, валоданне замежнымі мовамі, але і адпаведная інфраструктура, абсталяванне, сцвярджаюць спецыялісты. Акрамя таго, недастатковы вопыт у распрацоўцы і папулярызацыі нацыянальнага турыстычнага прадукту, заснаванага на прыродных і культурных каштоўнасцях асабліва ахоўных прыродных тэрыторый.

Сярод турыстаў папулярны курорты, у якіх можна адчуць свята жыцця. У Нарачанскім краі для гэтага з'явяцца шматлікія аб'екты адпачынку і забаў, якія будуць адкрыты і ноччу. Аматараў актыўнага адпачынку напэўна прыцягнуць паслугі цэнтраў па новых водных відах спорту (кайтсёрфінг, снаўкайтынг і інш.) Палепшыць якасць турыстычных паслуг павінна і арганізацыя тураў выхаднога дня, карпаратыўных мерапрыемстваў, індывідуальнага і сямейнага адпачынку.

Дзяржпраграма закране таксама аб'екты культуры, якія плануецца актыўна ўключаць у турыстычную індустрыю. Важнай прызнана папулярызацыя самабытнай традыцыйнай культуры рэгіёна. У Мядзеле з'явіцца Дом культуры з сучасным кінатэатрам. Вёска Камарова зможа прыцягнуць турыстаў абноўленым паркава-сядзібным комплексам графаў Старжынскіх і створаным у ім музеем. Будзе адноўлена Мядзельская Кальварыя - гістарычнае месца пакланення католікаў. Плануецца адрамантаваць і добраўпарадкаваць помнікі партызанам Мядзельшчыны і Вілейшчыны на беразе возера Нарач у вёсцы Нікольцы. Каля вёскі Занарач з'явіцца мемарыял, прысвечаны падзеям Першай сусветнай вайны.

Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Беларусі распрацавала генеральную схему курортнай зоны Нарачанскага рэгіёна, у тым ліку лакальнай тэрытарыяльнай зоны Крывічы-Будслаў. З'явіўся маршрут культурна-пазнавальнай экскурсіі "Архітэктура Нарачанскага краю" і водны турыстычны маршрут на байдарках "Па гладзі Нарачанскіх азёр". Тураператары Нарачанскага рэгіёна прапануюць звыш 30 экскурсій. Перспектыўнымі ў развіцці курортнай зоны лічацца турыстычныя пешыя, веласіпедныя, конныя паходы, а таксама водныя маршруты ў экалагічна чыстым прыродным асяроддзі.

ІНВЕСТЫЦЫІ Ў ЭФЕКТЫЎНЫ ТУРЫЗМ

Значны ўклад у развіццё курортнай зоны Нарачанскага краю чакаецца ад рэалізацыі 22 інвестыцыйных праектаў. Частка з іх ужо ажыццёўлена, агульны аб'ём інвестыцый у 2011-2012 гадах склаў Br54,4 млрд. Наведвальнікаў гатовы прыняць 10 драўляных дамоў гасцінічнага тыпу на тэрыторыі санаторыя "Спадарожнік", турыстычная вёска ў раёне вёскі Абрамы, а таксама дом паляўнічага і рыбалова ў вёсцы Наносы. У гэтым жа населеным пункце будуецца этнакультурны турыстычны комплекс. Недалёка ад возера Вялікія Швакшты ўзводзіцца база турызму і адпачынку. Распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя на будаўніцтва базы адпачынку і турызму ў вёсцы Альшэва, турыстычнага комплексу і дома паляўнічага і рыбалова ў пасёлку Нарач.

Сярод рэалізаваных у Мядзельскім раёне інвестпраектаў - вытворчасць па перапрацоўцы і кансерваванню рыбы і рыбных прадуктаў. Прадпрыемства штомесяц выпускае больш як 4 т прадукцыі, праводзіцца работа па нарошчванню аб'ёмаў вытворчасці. Яшчэ адным прадпрыемствам папоўніцца раён у бліжэйшым будучым - па вытворчасці кандытарскіх вырабаў.

Да 2015 года інвестыцыі будуць укладзены ў будаўніцтва базы сельскага адпачынку і рыбалоўства ў фермерскай гаспадарцы "Лясная сядзіба", турыстычнага комплексу на возеры Кузьмічы, аздараўленчага комплексу каля возера Воўчына, шматфункцыянальнага забаўляльнага цэнтра водных забаў і інш. Фірменныя стравы будуць гатаваць для турыстаў у запланаванай да будаўніцтва карчме "Нарачанская юшка".

"Агульны аб'ём плануемых інвестыцый на 2012-2015 гады перавышае Br200 млрд. У Нарачанскім рэгіёне ў 2011-2015 гадах указам нумар 514 прадастаўляюцца ўнікальныя магчымасці для вядзення бізнесу", - адзначыў старшыня камітэта эканомікі Мінаблвыканкама Дзмітрый Паўловіч. Так, укладваючы сродкі ў рэканструкцыю або будаўніцтва, прадпрымальніку практычна не трэба аплачваць падаткі (на прыбытак, нерухомую маёмасць, зямельны). Суб'екты гаспадарання вызваляюцца ад адлічэнняў у інавацыйныя фонды Мінаблвыканкама і Міністэрства будаўніцтва і архітэктуры, ад выплаты сродкаў у мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы пры выдачы дазвольнай дакументацыі на будаўніцтва і рэканструкцыю аб'ектаў, платы за права заключэння дагавораў арэнды зямельных участкаў.

Акрамя таго, указ дае магчымасць інвестарам дзейнічаць, не заключаючы інвестыцыйнага дагавора. Спрошчана працэдура атрымання зямельнага ўчастка - зямля выдзяляецца без аўкцыёну па ўзгадненню з нацыянальным паркам "Нарачанскі", эколагамі. Будаўніцтва і рэканструкцыя аб'ектаў можа праводзіцца паралельна з распрацоўкай праектна-каштарыснай дакументацыі.

Курортная зона Нарачанскага краю ўключае амаль 46 працэнтаў тэрыторыі Мядзельскага раёна. Як паведамілі ў Мядзельскім райвыканкаме, вынікі рэалізацыі дзяржпраграмы ўжо адчуваюцца, відаць дынаміка росту асноўных паказчыкаў развіцця курортнай зоны. Паводле папярэдніх даных, у 2012 годзе колькасць турыстаў, абслужаных у санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацыях раёна, павялічылася ў параўнанні з 2011 годам на 4,7 працэнта да 75,5 тыс. чалавек. Гасцініцы і аналагічныя аб'екты прынялі 14,4 тыс. чалавек, або 132 працэнты да ўзроўню папярэдняга года. У выніку выручка ад рэалізацыі паслуг санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый узрасла ў 4 разы і склала Br250 млрд., ад размяшчэння ў гасцініцах і аналагічных аб'ектах - павялічылася ў 13 разоў і склала Br10,5 млрд. Экспарт паслуг узрос да $13,4 млн.

ЭКАЛОГІЯ Ў ПРЫЯРЫТЭЦЕ

Абавязковай умовай пры зацвярджэнні мерапрыемстваў па развіццю курортнай зоны Нарачанскага краю было захаванне прыродаахоўных інтарэсаў, зніжэнне рызык прыроднага і тэхнагеннага характару. Гэтыя ж мэты прадугледжвае план кіравання нацыянальным паркам "Нарачанскі", які распрацоўваўся ў 2011-2012 гадах. Выкананне патрабаванняў гэтага дакумента прызначана збалансаваць інтарэсы аховы і выкарыстання каштоўных рэсурсаў біялагічнай, ландшафтнай разнастайнасці.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца падтрыманню і аднаўленню каштоўных экасістэм, папуляцый рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл. Спецыялісты навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі вызначылі гранічна дапушчальныя рэкрэацыйныя нагрузкі на прыроду Нарачанскага краю і распрацавалі мерапрыемствы па зніжэнню іх уздзеяння. Ніводны, нават самы эканамічна выгадны інвестпраект, не можа быць рэалізаваны ў выпадку яго негатыўнага ўплыву на прыродныя экасістэмы.

Для забеспячэння якаснай пітной вадой жыхароў курортнага пасёлка Нарач і санаторна-курортных устаноў будуецца станцыя ачысткі вады ад прымесей жалеза. У Мядзеле праводзяцца работы над другой чаргой палігона цвёрдых камунальных адходаў.

Ці ператворыцца Нарачанскі край у курорт сусветнага класа, у многім залежыць ад узроўню дзяржаўна-прыватнага партнёрства, узаемадзеяння паміж рэкрэацыйнымі ўстановамі, гаспадарамі аграсядзіб, турфірмамі. Асноўныя мерапрыемствы дзяржаўнай праграмы плануецца выканаць да 2014 года. Чакаецца, што развіццё турыстычных паслуг павысіць прывабнасць краю, створыць стымул для прытоку ў краіну замежнага капіталу, дасць магчымасць у будучым рэалізоўваць шэраг буйных праектаў у сферы турызму, у тым ліку міжнародных.

Вера ГРАМЧАКОВА
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі