Адным з асноўных напрамкаў супрацоўніцтва ў СНД застаецца сумесная дзейнасць па забеспячэнні бяспекі. Тэрарызм, экстрэмізм і, як паказвае практыка, спрыяльныя ім злачынствы карупцыйнай накіраванасці пагражаюць стабільнасці ў рэгіёне. Аб апошніх кроках у гэтым напрамку карэспандэнту БЕЛТА расказаў дырэктар дэпартамента па супрацоўніцтве ў сферы бяспекі і процідзеяння новым выклікам і пагрозам Выканаўчага камітэта СНД Альберт Дружынін.
У штаб-кватэры СНД у Мінску 11-12 ліпеня прайшло пасяджэнне экспертнай групы. Прадстаўнікі Арменіі, Беларусі, Кыргызстана, Малдовы, Расіі, Таджыкістана, Узбекістана, Савета міністраў унутраных спраў краін СНД і Выканкама Садружнасці ўзгаднілі праект пагаднення аб супрацоўніцтве ў процідзеянні карупцыі. Дакумент будзе ва ўстаноўленым парадку ўнесены на разгляд Савета кіраўнікоў дзяржаў.
Альберт Дружынін адзначыў, што пагадненне прызначана павысіць эфектыўнасць нацыянальных намаганняў у справе процідзеяння карупцыі. Для гэтага ў Садружнасці маюць намер рэалізоўваць сумесныя праграмы і мерапрыемствы, праводзіць антыкарупцыйны маніторынг, абменьвацца інфармацыяй і ўдасканальваць прававую базу ўзаемадзеяння. "Краіны будуць аказваць адна адной прававую дапамогу і садзейнічанне па справах аб карупцыйных правапарушэннях, праводзіць скаардынаваныя і ўзгодненыя аператыўна-вышуковыя, аператыўна-прафілактычныя мерапрыемствы, супрацоўнічаць у сферы вышуку і затрымання асоб, якія ўчынілі карупцыйныя злачынствы", - растлумачыў ён.
Акрамя таго, плануецца наладзіць супрацоўніцтва ў сферы вышуку і вяртання даходаў ад карупцыі. Яшчэ адзін немалаважны аспект - забеспячэнне прававой абароны і падтрымкі грамадзян і арганізацый, якія ўдзельнічаюць у процідзеянні карупцыі. "Акрамя таго, бакі будуць праводзіць аператыўна-інфармацыйны і інфармацыйна-аналітычны абмен, абменьвацца вопытам прававога рэгулявання і вынікамі антыкарупцыйнага маніторынгу, супрацоўнічаць у падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі кадраў, у навуковай сферы", - дадаў прадстаўнік Выканкама СНД.
Ён таксама нагадаў, што ў СНД з кастрычніка 2013 года дзейнічае Міждзяржаўны савет па процідзеянні карупцыі (МСПК). Адпаведнае пагадненне ратыфікавалі Арменія, Беларусь, Казахстан, Расія і Кыргызстан. З моманту стварэння савета прайшло не так многа часу, аднак яго ўклад ва ўмацаванне супрацоўніцтва ў справе процідзеяння карупцыі значны. Так, МСПК падрыхтаваў і ўнёс на разгляд вышэйшых органаў СНД шэраг дакументаў. У іх ліку канцэпцыя супрацоўніцтва краін Садружнасці ў процідзеянні карупцыі. Яна была адобрана на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў у кастрычніку 2017 года. Дакумент мае базавы характар, ён прызначаны садзейнічаць далейшаму сістэмнаму і ўзгодненаму ўдасканаленню супрацоўніцтва, ствараць аснову для распрацоўкі міжнародных дагавораў і міждзяржаўных праграм.
Альберт Дружынін звярнуў увагу, што нараўне са стварэннем і развіццём прававой базы ў СНД узмацняецца прафілактычны складнік. Напрыклад, па ініцыятыве МСПК у гэтым годзе стартаваў міжнародны маладзёжны конкурс сацыяльнай антыкарупцыйнай рэкламы "Разам супраць карупцыі!". Работы прымаюцца да 19 кастрычніка праз афіцыйны сайт www.anticorruption.life. Да гэтага часу ў краінах СНД вызначаць нацыянальных пераможцаў. З іх ліку міжнародным журы выберуць лепшых, узнагароджанне якіх плануецца прымеркаваць да Міжнароднага дня барацьбы з карупцыяй і правесці яго ў снежні 2018 года ў Маскве.
Святлана САЎКО,
БЕЛТА.