Законапраект "Аб змяненні законаў" (аб біяметрычных дакументах) у першым чытанні будзе разгледжаны на бліжэйшым пасяджэнні сесіі - 12 кастрычніка. Вынясенню дакумента ў Авальную залу папярэднічала карпатлівая работа з удзелам усіх зацікаўленых бакоў. Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Валянціна Ражанец расказала карэспандэнту БЕЛТА, якіх змяненняў трэба чакаць.
"Законапраектам уносяцца змяненні ў шэраг законаў. У прыватнасці, аб парадку ўезду і выезду з Рэспублікі Беларусь грамадзян. Чаму ўзнікла такая неабходнасць? Таму што ўжо ўведзены ў дзеянне біяметрычныя дакументы, якія засведчваюць асобу: ідэнтыфікацыйная картка грамадзяніна Беларусі, біяметрычнае пасведчанне на права жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь замежнага грамадзяніна і асобы без грамадзянства, біяметрычныя дакументы для выезду, уезду - біяметрычны пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, біяметрычны дыпламатычны, службовы пашпарт і гэтак далей. Таму навацыі, безумоўна, патрабуюць заканадаўчага замацавання. Уносяцца змяненні ў закон "Аб дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь", паколькі яны размяшчаюцца на біяметрычных дакументах, - расказала Валянціна Ражанец. - Яшчэ адзін момант, які, можа, з'яўляецца тэхнічнай карэкціроўкай, але разам з тым вельмі важны. У Кодэкс аб адукацыі ў новай рэдакцыі ўключана прававая норма, якая прадугледжвае дзейнасць ваенных навучальных устаноў у форме ваенных інстытутаў без права юрыдычнай асобы. У 2021 годзе ваенна-медыцынскі факультэт Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта рэарганізаваны ў Ваенна-медыцынскі інстытут, які функцыянуе ў той жа ўстанове адукацыі. Гэта дасць магчымасць удасканальваць нацыянальную сістэму ваенна-медыцынскай адукацыі, на адзінай базе будзе сканцэнтравана падрыхтоўка спецыялістаў медыцынскай службы розных узроўняў кіравання і напрамкаў прафесійнай дзейнасці. Плануецца, што і экспартная прывабнасць ваенна-медыцынскай адукацыі будзе ўзрастаць".
У цэлым законапраект накіраваны на ўмацаванне бяспекі, адзначыла дэпутат. "Лічу, што цяпер кожны дакумент трэба разглядаць праз прызму паняццяў "бяспека" і "суверэнітэт". Асабліва ў сферы лічбавізацыі", - удакладніла яна.
"Унутраная дысцыпліна ў гэты момант ва ўмовах знешніх выклікаў і пагроз вельмі важная. Таму, на наш погляд, абгрунтавана карэкціроўка артыкулаў аб уездзе і выездзе як грамадзян нашай краіны, так і іншаземцаў. Больш пільна ў праекце закона прапануецца зірнуць на тых, хто ў рамках адміністрацыйнага працэсу не ў поўнай меры выканаў свае абавязацельствы перад правасуддзем за ўчыненае адміністрацыйнае правапарушэнне. У той жа час прадугледжваецца, што як толькі абавязацельства будзе выканана, то часовае абмежаванне на выезд будзе знята. Карэкціроўкі невялікія, але ў той жа час важныя, кропкавыя і накіраваныя на ўмацаванне ўнутранай дысцыпліны, павышэнне бяспекі", - падкрэсліла Валянціна Ражанец.
Дэпутат дапоўніла, што законапраект паступіў у Палату прадстаўнікоў летам. "У перыяд ліпеня - жніўня мы працавалі над падрыхтоўкай яго да першага чытання. Але работа над дакументам будзе прадоўжана ў час яго падрыхтоўкі да другога чытання, гэта яшчэ не канчатковы варыянт, - адзначыла парламентарый. - Прыняцце законапраекта будзе садзейнічаць удасканаленню заканадаўчай базы, садзейнічаць павышэнню эфектыўнасці работы па захаванні бяспекі і суверэнітэту краіны".
Святлана СУХАРКО,
БЕЛТА.-0-