Гэтымі днямі завяршаецца ўступная кампанія ў ВНУ Беларусі. Студэнтамі 54 дзяржаўных і прыватных ВНУ стануць больш як 91 тыс. чалавек. Дзяржаўныя ВНУ планавалі прыняць 77,3 тыс. чалавек, з іх на дзённую форму атрымання адукацыі - 45,2 тыс., завочную - 31,8 тыс. чалавек. На навучанне за кошт сродкаў бюджэту было запланавана прыняць 32,2 тыс. студэнтаў. Гэта значыць, што ўсе астатнія абітурыенты будуць аплачваць сваё навучанне ў ВНУ. Аб цане дыплома і аб тым, як яна фарміруецца, карэспандэнту БЕЛТА расказалі рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі (БДУІР) Міхаіл Батура і рэктар Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта (МДЛУ) Наталля Баранава.
Якая цана дыплома аб вышэйшай адукацыі?
Пры ўстанаўленні кошту навучання ў разлік бяруцца не толькі фінансавыя параметры і стандарты, але і такія фактары, як кантынгент беларускіх навучэнцаў, іх сацыяльна-эканамічнае становішча і многае іншае.
На думку рэктара БДУІРа Міхаіла Батуры, у гэтым годзе ВНУ прапанавалі студэнтам аптымальны варыянт атрымання платнай адукацыі. Сярэдні кошт навучання ў БДУІРы склаў каля Br13,7 млн. за навучальны год. У залежнасці ад факультэта і выбранай спецыяльнасці студэнтам давядзецца плаціць за год навучання ва ўніверсітэце ад Br12,7 млн. да Br14,7 млн. Міхаіл Батура звярнуў увагу на тое, што ў гэтым годзе ўсе ВНУ заключаюць дагаворы на навучанне з усімі студэнтамі - бюджэтнікамі і платнікамі. Кошт навучання зафіксаваны ва ўсіх дагаворах, у адрозненне ад мінулых гадоў, калі ён указваўся толькі ў дагаворах са студэнтамі-платнікамі.
Навучанне ў МДЛУ ў 2012/2013 навучальным годзе будзе каштаваць першакурсніку Br10,7 млн., а завочніку - крыху больш за Br3,5 млн.
За што плацім?
Значны аб'ём сродкаў з тых, што БДУІР атрымлівае ў якасці аплаты навучання студэнтаў, ВНУ накіроўвае на абнаўленне абсталявання. Справа ў тым, што на ўсіх занятках ва ўніверсітэце - лекцыйных і лабараторных - выкарыстоўваюць вельмі дарагое абсталяванне. І кіраўніцтва ўніверсітэта пастаянна абнаўляе вучэбна-лабараторную базу. Гэта робіцца для таго, каб студэнты навучаліся на самых сучасных апаратах. Напрыклад, у 2012 годзе ў БДУІРы запланавана закупіць лабараторнага абсталявання больш чым на Br10 млрд., а за 2011 год на гэтыя мэты было выдзелена Br7 млрд. Інакш не атрымліваецца, упэўнены Міхаіл Батура, паколькі эканоміць на закупцы новага, сучаснага абсталявання - гэта значыць эканоміць на якасці падрыхтоўкі спецыяліста.
Яшчэ адзін сур'ёзны артыкул расходаў - гэта электронныя бібліятэкі. У БДУІРы створаны ўжо тры такія бібліятэкі. У розных карпусах ВНУ размешчаны бібліятэкі, у якіх ёсць доступ да ўсіх электронных рэсурсаў ВНУ, а таксама да Нацыянальнай бібліятэкі і да Інтэрнэту. Безумоўна, развіццё гэтых паслуг каштавала ўніверсітэту немалых затрат, і цяпер падтрымка ўсіх сэрвісаў на сучасным узроўні таксама аплачваецца са сродкаў ВНУ. Дарэчы, з гэтых жа сродкаў аплачвае ВНУ і работу карпаратыўнай камп'ютарнай сеткі, да якой на сённяшні момант падключаны больш за 4 тыс. камп'ютараў, у тым ліку і ў інтэрнатах ВНУ.
Па кожнай дысцыпліне (а іх больш за 900) у БДУІРы створаны электронныя вучэбна-метадычныя комплексы дысцыплін (ЭВМКД), кожны з якіх змяшчае ў электронным выглядзе праграмы дысцыплін, канспекты лекцый, праграмы для выканання ў электронным выглядзе лабараторных работ, для тэсціравання і самастойных работ. Іх распрацоўка і ўдасканаленне таксама каштуе вялізных сродкаў.
Акрамя таго, універсітэт фінансуе стварэнне і абнаўленне фізкультурна-аздараўленчай базы, абсталяванне пакояў новага інтэрната, які павінен адкрыцца ў кастрычніку ў Студэнцкай вёсцы.
Рэктар МДЛУ Наталля Баранава наконт памеру аплаты навучання таксама адзначыла, што МДЛУ забяспечвае якасць адукацыі і гэта патрабуе пастаянных фінансавых затрат на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы ВНУ. Напрыклад, на набыццё сучаснага абсталявання для выкарыстання ў навучальным працэсе інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій для навучання перакладу; для абсталявання лабараторый, якія даюць магчымасць асвойваць інавацыйныя тэхналогіі навучання замежнай мове, самастойна распрацоўваць мультымедыйныя вучэбныя матэрыялы і дыдактычныя сродкі навучання, для закупкі электронных крыніц інфармацыі на замежных мовах. ВНУ забяспечвае падрыхтоўку па 18 мовах. Атрымліваецца нятанна, але і адмовіцца ад інавацыйнага развіцця нельга, паколькі адбудзецца маментальнае адставанне ва ўзроўні падрыхтаванасці спецыялістаў у параўнанні з замежнымі ВНУ.
Скідка - добра, а зарабіць - лепш
БДУІР, як і многія іншыя ВНУ, прадастаўляе студэнтам розныя магчымасці для зніжэння аплаты за навучанне. Так, напрыклад, абітурыент, якія правучыўся адзін навучальны год на "добра" і "выдатна", можа быць пераведзены на бюджэтнае аддзяленне. Прычым такая магчымасць захоўваецца ўвесь перыяд навучання. Наяўнасць высокіх балаў у заліковай кніжцы таксама можа служыць падставай для зніжэння платы за навучанне на 20-50 працэнтаў у залежнасці ад якасці асваення ведаў.
У БДУІРы назапашаны вялікі вопыт прадастаўлення студэнтам работы па розных напрамках. Большасць студэнтаў з другога-трэцяга курса пачынаюць падзарабляць. У іх ужо з'яўляецца рэзерв часу і ведаў для таго, каб недзе працаваць. Напрыклад, цяпер як ніколі запатрабаваны спецыялісты для работы ў кампаніях - рэзідэнтах ПВТ. Таму амаль кожны студэнт-платнік, паступаючы ў БДУІР, плануе, што з трэцяга курса ён зможа сам дапамагаць бацькам або нават поўнасцю зарабляць на сваю адукацыю. Як гаворыць рэктар, ВНУ не супраць такой работы. Мала таго, усе факультэты зацікаўлены ў гэтым практычным складальніку адукацыйнага працэсу і нават ідуць насустрач такім студэнтам, аптымізуюць расклад, каб ён быў як можна больш зручным для працуючых студэнтаў.
Рэктар ВНУ падтрымлівае задачу, якую паставіў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з міністрам адукацыі Сяргеем Маскевічам аб пашырэнні практычнай падрыхтоўкі студэнтаў. Ён таксама адзначыў, што БДУІР гатоў далучыцца да работы па ўвядзенню своеасаблівага размеркавання студэнтаў пасля трэцяга курса па некаторых спецыяльнасцях, каб гатоўнасць будучага маладога спецыяліста да практычнай работы была аптымальнай.
Усе студэнты МДЛУ, якія вучацца паспяхова, таксама адзін раз у год у канцы жніўня могуць падаць заяву на перавод на бюджэт або на зніжэнне платы за навучанне. Апошнія гады колькасць студэнтаў, якія пераведзены на бюджэтнае навучанне, не вельмі многа. У 2011/2012 навучальным годзе іх было сем, хоць вакантных месц было больш. Вучыцца выдатна няпроста, а для пераводу на бюджэтнае навучанне патрэбна мець 75 працэнтаў "дзявятак" і "дзясятак" і ні аднаго бала ніжэйшага за "сем", плюс актыўна ўдзельнічаць у грамадска-навуковым жыцці ВНУ. Затое на частковае зніжэнне платы за навучанне падаюць заяву многія студэнты МДЛУ. Штогод для 100-150 з іх плата зніжаецца на 20-60 працэнтаў кошту.
Некаторыя абітурыенты мэтанакіравана паступаюць у ВНУ на канкрэтную спецыяльнасць і дзеля яе атрымання гатовы плаціць. Напрыклад, у МДЛУ на аддзяленне англійскай мовы перакладчыцкага факультэта прахадны бал сярод абітурыентаў, якія ўдзельнічалі ў гарадскім конкурсе, склаў 362, а ў сельскім - 332, на факультэт міжкультурных камунікацый на аддзяленне нямецкай мовы - адпаведна 352 і 347. Па асобных спецыяльнасцях на платную форму навучання падалі заявы абітурыенты, якія маюць 352, 340 балаў. Рэктар Наталля Баранава ў час сустрэчы з бацькамі такіх абітурыентаў прапанавала ім падаць дакументы на іншыя спецыяльнасці ВНУ, паколькі балы сапраўды дастойныя і абітурыенты цалкам маглі прэтэндаваць на бюджэтныя месцы ў конкурсе на іншую спецыяльнасць. Аднак і бацькі і дзеці адмовіліся.
Вывад з усяго вышэй сказанага напрошваецца наступны: веды патрэбны ў сучасным грамадстве і яны маюць сваю цану, якая паінна адпавядаць якасці падрыхтоўкі спецыяліста, сучасным рэаліям і пры гэтым быць даступнай.
Юлія БАРАДУН