Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
12 студзеня 2017, 11:19
Алена Богдан

Калі ў 2015 годзе не працаваў і хварэў: як бальніцы будуць перадаваць інфармацыю ў падатковую службу

Алена Богдан

Першыя паведамленні на выплату збору беларусам, якія не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржаўных расходаў або ўдзельнічаюць у такім фінансаванні менш за 183 каляндарныя дні ў годзе, былі накіраваны ў кастрычніку 2016-га. На канец мінулага года ўжо больш за 16 тыс. грамадзян выплацілі адпаведны збор. Калі ж пісьмо прыйшло памылкова, чалавек мае права прадставіць у падатковы орган дакументы або тлумачэнні, якія сведчаць аб адсутнасці ў яго абавязку па выплаце збору. Напрыклад, такое можа быць, калі грамадзянін у 2015 годзе не меў месца работы і перанёс пэўныя захворванні. Як у гэтым выпадку афіцыйна апраўдацца перад падатковай службай, растлумачыла начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Алена Богдан.

Па выніках нарады ў Міністэрстве па падатках і зборах, дзе разглядаліся асобныя пытанні рэалізацыі норм дэкрэта аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства, зацікаўленыя дзяржорганы прыйшлі да дамоўленасці: неабходна выключыць выпадкі прад'яўлення неабгрунтаваных патрабаванняў па выплаце збору да грамадзян, якія не мелі месца работы і перанеслі ў 2015 годзе пэўныя захворванні (траўмы), а таксама да жанчын, якія знаходзіліся пад медыцынскім наглядам у час цяжарнасці, родаў і ў пасляродавы перыяд. Гэта значыць, калі такому грамадзяніну прыходзіць паведамленне аб неабходнасці ўдзелу ў фінансаванні дзяржрасходаў, ён прадастаўляе ў падатковыя органы інфармацыю, што ў адпаведны прамежак часу хварэў. Яму прапануюцца два варыянты. Па-першае, інфармацыю аб стане здароўя пацыента ў 2015 годзе падатковыя органы могуць самастойна запытаць ва ўстановах аховы здароўя па месцы жыхарства або ў той арганізацыі, дзе грамадзянін на той момант праходзіў лячэнне.

Важны момант: згодна з законам аб ахове здароўя, такую асабістую інфармацыю, якая з'яўляецца ўрачэбнай тайнай, медработнікі па запыце падатковых органаў не могуць прадставіць без згоды пацыента. Таму грамадзянін павінен пакінуць у падатковай службе пісьмовую згоду на прадстаўленне такой інфармацыі. Адпаведна разам з запытам з падатковых органаў у арганізацыі аховы здароўя будзе накіравана і гэта ўласнаручна напісаная грамадзянінам заява. Прычым калі пацыент хоча, каб быў названы дыягназ, ён павінен гэта адзначыць.

Другі варыянт - пацыент самастойна звяртаецца ва ўстанову аховы здароўя, у якой ён на працягу 2015 года атрымліваў меддапамогу. Калі гэта быў стацыянар, яму ў адпаведнасці з адміністрацыйнымі працэдурамі будзе выдадзена выпіска з медыцынскіх дакументаў, так званы эпікрыз медкарты. Паводле слоў Алены Багдан, гэта пацвярджае канкрэтны перыяд аказання меддапамогі ў стацыянарных умовах.

Чалавек мог праходзіць лячэнне і амбулаторна: у яго было вострае захворванне, абвастрэнне або дэкампенсацыя хранічнага захворвання, аператыўнае ўмяшанне або траўма. У гэтым выпадку ён звяртаецца ў арганізацыю аховы здароўя па месцы жыхарства або тую, дзе ён праходзіў лячэнне. Тут прааналізуюць медыцынскую дакументацыю за 2015 год і забяспечаць выдачу неабходных дакументаў.

Канкрэтны перыяд наяўнасці ў грамадзяніна, які не меў у 2015 годзе месца работы, прыкмет часовай непрацаздольнасцi ў выпадках аказання меддапамогі ў амбулаторных умовах можа вызначацца толькі ўрачэбна-кансультацыйнай камісіяй (УКК) арганізацыі аховы здароўя, якая аказвала гэтаму пацыенту меддапамогу. Для прыняцця рашэння ў адносінах да канкрэтнага грамадзяніна УКК аналізуе інфармацыю, якая знаходзіцца ў медыцынскай карце амбулаторнага хворага за 2015 год: дата (даты) звароту пацыента па меддапамогу, дыягназ, тэрміны аказання меддапамогі, сярэднія аптымальныя тэрміны часовай непрацаздольнасці. Рашэнне УКК будзе змяшчаць інфармацыю аб наяўнасці або адсутнасці ў грамадзяніна па выніках аналізу яго медыцынскіх дакументаў прыкмет часовай непрацаздольнасці за канкрэтны перыяд часу. Узор афармлення выпіскі з медыцынскіх дакументаў размешчаны на сайце Міністэрства аховы здароўя.

Перыяд медыцынскага нагляду ў час цяжарнасці, родаў і ў пасляродавы перыяд у гэтым выпадку ўстанаўліваецца з 30 тыдняў цяжарнасці на 126 каляндарных дзён; для жанчын, якія пастаянна (пераважна) пражываюць, працуюць, праходзяць службу, навучаюцца на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання, - з 27 тыдняў цяжарнасці на 146 каляндарных дзён.

Алена Богдан растлумачыла, што ўсе апісаныя выпадкі датычацца толькі тых грамадзян, якія не працавалі ў 2015 годзе і каму тады не былі выдадзены лісткі непрацаздольнасці. І гэта не адносіцца да тых, хто ў названы час меў месца работы. У апошнім выпадку пры звароце па медыцынскую дапамогу - стацыянарныя гэта або амбулаторныя ўмовы - пацыенту ва ўстаноўленым парадку выдаваўся лісток непрацаздольнасці або даведка аб часовай непрацаздольнасці.

Святлана ВАСІЛЕЎСКАЯ

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі