Тэма стварэння школьных дапаможнікаў у цэнтры ўвагі не першы год. Аб якасці і мове выкладання вучэбнага матэрыялу не раз выказваўся кіраўнік дзяржавы. Наракаюць бацькі і педагогі. Некаторыя вучэбныя матэрыялы падаюцца так, што не выклікаюць у дзяцей зацікаўленасці, а справіцца з задачай часам не пад сілу нават даросламу. Як вырашаецца пытанне стварэння якасных падручнікаў, карэспандэнту БЕЛТА расказала намеснік дырэктара па навукова-метадычнай рабоце Нацыянальнага інстытута адукацыі Валянціна Гінчук.
"Адбываецца паэтапнае ўкараненне ў адукацыйны працэс новых вучэбных праграм. У 2015-2016 навучальным годзе ўкараняліся вучэбныя праграмы для 1-га, 5-га, 10-га класаў. У бягучым навучальным годзе - для 2-га, 6-га і 11-га класаў, у наступным - для 3-х і 7-х. Вучэбныя дапаможнікі распрацоўваюцца і ўкараняюцца ў адпаведнасці з абноўленымі вучэбнымі праграмамі", - падкрэсліла Валянціна Гінчук.
Усяго да 2017-2018 навучальнага года плануецца выдаць больш за 30 новых дапаможнікаў. Сярод іх у асноўным будуць выданні для трэцякласнікаў і сямікласнікаў. Гэта абумоўлена тым, што менавіта ў наступным годзе ў такіх класах будуць укараняцца абноўленыя вучэбныя праграмы. Да наступнага навучальнага года плануецца падрыхтаваць і іншыя вучэбныя дапаможнікі. Напрыклад, два "Буквары" - адзін для школ з беларускай, а другі - з рускай мовай навучання. Плануецца выдаць новыя дапаможнікі для 1-га класа: "Беларуская мова" для ўстаноў адукацыі з рускай мовай навучання, "Русский язык" для школ з беларускай мовай навучання, "Трудовое обучение". З'явяцца новыя вучэбныя дапаможнікі па прадмеце "Чалавек і свет" - для другакласнікаў, па матэматыцы, працоўным навучанні - для пяцікласнікаў, па англійскай, французскай, іспанскай мовах - для вучняў 5-га класа гімназій і інш.
Па-першае, выкладанне вучэбнага матэрыялу стане больш даступным. Паводле слоў Валянціны Гінчук, перад аўтарамі стаіць складаная задача адбору найбольш важнай з пункту гледжання развіцця асобы інфармацыі, якая адпавядае сучаснаму ўзроўню развіцця навукі, з аднаго боку, і ўзроставым пазнавальным асаблівасцям вучняў - з іншага. У вучэбным дапаможніку павінны быць адначасова рэалізаваны прынцыпы навуковасці і даступнасці выкладання вучэбнага матэрыялу. Пры гэтым важна разумець, што даступнае выкладанне зусім не азначае яго празмернае спрашчэнне. Вучэнне як інтэлектуальная дзейнасць патрабуе пэўных намаганняў. Цікавасць і інтэлектуальнае напружанне з'яўляюцца фактарамі, што садзейнічаюць развіццю дзяцей. Толькі той вучэбны матэрыял, які ставіць дзіця ва ўмовы, калі трэба думаць, аналізаваць, дасць магчымасць забяспечыць інтэлектуальнае развіццё.
У новых вучэбных дапаможніках будуць выкарыстоўвацца розныя формы падачы інфармацыі. "Нашым вучням і выпускнікам даводзіцца працаваць не толькі з суцэльнымі тэкстамі. Неабходна ўмець чытаць графікі, дыяграмы, табліцы, таму ў новых вучэбных дапаможніках гэта ўсё будзе прадстаўлена. Тым самым школьнікі будуць вучыцца атрымліваць інфармацыю з розных крыніц, выкарыстоўваць яе для вырашэння вучэбных або практычных задач", - адзначыла намеснік дырэктара інстытута.
Мабыць, адна з найбольш істотных адметных асаблівасцей новых вучэбных дапаможнікаў - іх большая практыкаарыентаванасць. Будуць прапаноўвацца не толькі пытанні і заданні, якія арыентуюць вучняў на пераказ прачытанай інфармацыі. Акцэнт робіцца на заданнях, што патрабуюць прымянення ведаў і ўменняў пры вырашэнні вучэбных і практычных задач. Гэта значыць, у падручніках будзе рэалізаваны кампетэнтнасны падыход да адбору і прад'яўлення зместу вучэбнага матэрыялу. З'явіцца больш задач і практыкаванняў з беларускім кантэкстам, у якіх будзе задзейнічана інфармацыя аб гістарычных і прыродных выдатных мясцінах Беларусі, дасягненнях спартсменаў, беларускага машынабудавання і інш.
Асаблівая ўвага пры распрацоўцы вучэбных дапаможнікаў удзяляецца іх афармленню, удасканаленню ілюстрацыйнага рада. "Мы вывучаем вопыт іншых краін у вучэбным кнігавыданні. Усё тое, што лічым станоўчым, спрабуем укараніць у нас, папярэдне прапрацаваўшы пытанне з пункту гледжання дыдактычнай, метадычнай і фінансавай мэтазгоднасці, зручнасці выкарыстання вучнямі і педагогамі ў адукацыйным працэсе", - растлумачыла Валянціна Гінчук.
Вучэбныя дапаможнікі распрацоўваюцца на конкурснай аснове. Конкурс стартаваў 1 верасня 2015 года, праводзіцца паэтапна. На сёння падведзены вынікі конкурсу па 48 вучэбных дапаможніках. Сярод пераможцаў конкурсу кожны чацвёрты (26 працэнтаў) - настаўнік-практык.
Завяршаецца конкурс на стварэнне вучэбных дапаможнікаў для 4-га і 8-га класаў. Яны павінны быць выдадзены да 2018-2019 навучальнага года. У хуткім часе будзе аб'яўлены конкурс на стварэнне вучэбных дапаможнікаў, якія ў адпаведнасці з перспектыўным планам павінны быць выдадзены да 2019-2020 і 2020-2021 навучальных гадоў. "У адпаведнасці з парадкам правядзення конкурсу ўдзельнікі павінны прадаставіць у Нацыянальны інстытут адукацыі распрацаваную канцэпцыю вучэбнага дапаможніка і адзін з яго раздзелаў, які будзе пазначаны ў аб'яўленні. Мы аб'явім чарговыя этапы конкурсу загадзя, каб пасля вызначэння пераможцаў у аўтарскіх калектываў было больш часу на падрыхтоўку рукапісу вучэбнага дапаможніка", - рэзюмавала Валянціна Гінчук.
Святлана ВАСІЛЕЎСКАЯ