У Беларусі ў маі прынята новая рэдакцыя Жыллёвага кодэкса, якая ўносіць змяненні ў заканадаўства па пытаннях прававога рэгулявання жыллёвых адносін. Дакумент змяшчае адказы на многія пытанні, якія цікавяць жыхароў, у тым ліку па арэндным, сацыяльным жыллі, налічэнні платы за жыллёва-камунальныя паслугі. Чакаецца, што закон да канца чэрвеня будзе апублікаваны і ўступіць у сілу з 1 студзеня 2020 года. Якія асноўныя навацыі ў ім змешчаны, карэспандэнту БЕЛТА расказалі ў Міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Плату за ліфт і прыбіранне пад'ездаў адвяжуць ад колькасці жыльцоў
У законе замацавана, што тэхнічнае абслугоўванне ліфта, санітарнае ўтрыманне дапаможных памяшканняў жылога дома, пакрыццё расходаў на электраэнергію, спажытую на асвятленне і работу абсталявання, акрамя ліфта, грамадзяне будуць аплачваць зыходзячы з агульнай плошчы кватэры. Раней плата разлічвалася ў залежнасці ад колькасці зарэгістраваных грамадзян, што не ўлічвала памер долі ў праве ўласнасці на аб'екты сумеснага домаўладання.
"Таксама ўдзельнікам долевай уласнасці будзе выплачвацца грашовая кампенсацыя за жылыя памяшканні (адпаведна іх долі ў праве ўласнасці) у выпадку прызнання па рашэннях выканкамаў шматкватэрных і блакіраваных жылых дамоў, у якіх яны пражываюць, не адпаведнымі санітарным і тэхнічным патрабаванням, непрыдатнымі для пражывання", - растлумачыла намеснік начальніка аддзела юрыдычнай работы і кадраў міністэрства Вольга Герман.
Спецрахункі для адлічэнняў на капрамонт
У новым законе ўрэгуляваны асаблівасці функцыянавання рахункаў, на якіх акумулюецца плата за капітальны рамонт. Адсутнасць статусу спецрахунка давала магчымасць спісваць з іх грошы ў бясспрэчным парадку па выканаўчых і іншых дакументах, хоць сродкі належаць плацельшчыкам ЖКП, а не арганізацыям або выканкамам. Дакумент выключае такую магчымасць.
"Аперацыі па спецыяльных рахунках прыпыняцца не будуць, арышт на іх не накладаецца. Названыя патрабаванні не распаўсюджваюцца толькі на выпадкі, звязаныя з прадухіленнем легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам", - адзначыла Вольга Герман.
Пры пастаноўцы на чаргу ў Мінскім раёне ўлічаць уласнасць у сталіцы
У новым Жыллёвым кодэксе змяніліся падыходы да пастаноўкі на ўлік жыхароў Мінскага раёна, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Сем'і змогуць прэтэндаваць на паляпшэнне сваіх жыллёвых умоў на тэрыторыі раёна пры ўмове адсутнасці ў іх уласнасці і (або) валоданні жылых памяшканняў, размешчаных не толькі ў гэтым населеным пункце, але і ў сталіцы.
"Раней такі момант не ўлічваўся. Некаторыя грамадзяне скарысталіся магчымасцю пабудаваць жыллё пад Мінскам пры наяўнасці кватэры ў сталіцы. Цяпер і да мінчан, і да жыхароў раёна будзе прымяняцца адзіны падыход", - праінфармавала прадстаўнік міністэрства.
Таксама заканадаўча ўрэгулявана распаўсюджванне норм Жыллёвага кодэкса па ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў на грамадзян рэспублікі, замежных грамадзян, асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі краіны.
Арэнднае жыллё можна будзе перавесці ў сацыяльнае
У новай рэдакцыі ўлічаны практычны вопыт прымянення заканадаўства ў жыллёвай сферы. Структура дзяржаўнага жыллёвага фонду прыводзіцца ў адпаведнасць з нарматыўнай базай, вызначанай указам нумар 563 ад 16 снежня 2013 года. Замацоўваецца норма, згодна з якой сацыяльна неабароненыя катэгорыі асоб, якія пражываюць у арэнднай кватэры і маюць права на сацыяльнае жыллё, могуць пераводзіць займаемае памяшканне ў катэгорыю сацыяльнага. Такім чынам, яны вызваляюцца ад арэнднай платы.
"Рынак арэнднага жылля ў Беларусі развіваецца з 2014 года. Пасля 1 ліпеня 2016 года ўсе службовыя жылыя памяшканні пераведзены ў арэндны фонд, і цяпер на яго долю прыпадае больш за 50 працэнтаў ад усяго дзяржаўнага жыллёвага фонду. Жыллёвы кодэкс замацоўвае парадак прадастаўлення арэнднага жылля, тым самым забяспечваючы больш эфектыўнае яго засяленне з захаваннем інтарэсаў грамадзян, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў", - растлумачыла Вольга Герман.
Калі на жылыя памяшканні камерцыйнага найму няма прэтэндэнтаў з ліку чаргавікоў, на іх атрыманне маюць права разлічваць і іншыя грамадзяне.
Новыя правілы для жыльцоў інтэрнатаў
Абноўлены Жыллёвы кодэкс прапісвае механізм уздзеяння на тых, хто перашкаджае пражыванню іншых жыльцоў у інтэрнаце, псуе маёмасць. Заканадаўча замацавана, што калі чалавек тры разы прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за такія ўчынкі, яго можна выселіць па патрабаванні наймадаўца. Яшчэ адна навацыя - былыя выхаванцы дзіцячых інтэрнатных устаноў атрымаюць права на першачарговае прадастаўленне пакоя ў інтэрнатах, за выключэннем тых, якія знаходзяцца ў веданні спецыялізаваных навучальна-спартыўных устаноў і прадастаўляюцца на перыяд спартыўнай падрыхтоўкі.
"Раней на першачарговае прадастаўленне пакоя мелі права толькі выхаванцы інтэрнатаў. Таксама па прапанове Міністэрства абароны ў лік тых, хто можа прэтэндаваць на месца ў інтэрнаце ў першачарговым парадку, уключаны грамадзяне, якія маюць станоўчыя рэкамендацыі пасля праходжання тэрміновай ваеннай службы", - расказала Вольга Герман.
У мэтах фінансавага аздараўлення сельскагаспадарчых арганізацый за імі замацавана права паўторна прадастаўляць вызваляемыя жылыя памяшканні дзяржжылфонду, пабудаваныя за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў, мэтавых бюджэтных жыллёва-інвестыцыйных фондаў, інавацыйных фондаў, а таксама льготных крэдытаў Белаграпрамбанка і перададзеныя ў камунальную ўласнасць (або ў яе межах у веданне арганізацый, якія не адносяцца да сельскагаспадарчых).
Сацыяльныя і прававыя гарантыі захоўваюцца
Як і раней, на атрыманне жылых памяшканняў сацыяльнага карыстання маюць права прэтэндаваць шматдзетныя сем'і, інваліды I і II групы, адзінокія непрацуючыя пенсіянеры, сем'і з дзецьмі-інвалідамі і іншыя катэгорыі грамадзян, якія вызначаны ўказам нумар 563 ад 16 снежня 2013 года. Пры прадастаўленні жылога памяшкання сацыяльнага карыстання ўстаноўлена, што яно не можа быць меншае за аднапакаёвую кватэру. Акрамя таго, людзям, якія атрымалі інваліднасць у перыяд валодання дзяржаўным жыллёвым фондам, прадастаўлена магчымасць памяняць кватэру, калі іх дом па тэхнічных прычынах не можа быць абсталяваны безбар'ерным асяроддзем. "Выканкамы надзелены кампетэнцыяй прадастаўляць ім раўнацэннае жыллё ў жылых будынках з прыдатнай інфраструктурай. Гэта стане вялікай падтрымкай для грамадзян", - адзначыла субяседніца.
Са сферы рэгулявання Жыллёвага кодэкса выключаны адносіны, звязаныя з прыватызацыяй жылля Дзяржаўнага жылфонду і прадастаўлення такіх жылых памяшканняў па дагаворах паднайму, паколькі ў 2016 годзе скончыўся тэрмін звароту за прыватызацыяй. Выключаецца інстытут паднайму ў прымяненні да ўсіх відаў жылых памяшканняў як дзяржаўнага, так і прыватнага жыллёвых фондаў.
Надзея МАЦВЕЕВА
Фота domovita.by