Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
03 жніўня 2018, 17:33
Мікалай Юрэвіч

Якія навацыі плануецца ўнесці ў Лясны кодэкс

Мікалай Юрэвіч
Начальнік упраўлення лясной гаспадаркі Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь

У Беларусі плануецца ўнесці змяненні і дапаўненні ў Лясны кодэкс. Адпаведны законапраект у чэрвені быў прыняты ў першым чытанні. Рабочая група прадаўжае дапрацоўваць дакумент да другога чытання. Аб плануемых папраўках у Лясны кодэкс карэспандэнту БЕЛТА расказаў начальнік упраўлення лясной гаспадаркі Міністэрства лясной гаспадаркі Мікалай Юрэвіч.

"Законапраект распрацаваны парламентарыямі з улікам меркавання ўсіх зацікаўленых бакоў. Дэпутаты сустракаліся з работнікамі лясгасаў і ДВЛГА, з прадстаўнікамі навукі, абмяркоўвалі праблемныя пытанні і неабходнасць удасканалення Ляснога кодэкса. Дакумент быў вынесены на грамадскае абмеркаванне", - адзначыў Мікалай Юрэвіч. Сярод асноўных задач законапраекта - спрашчэнне парадку правядзення лесагаспадарчых мерапрыемстваў і павышэнне эфектыўнасці вядзення лясной гаспадаркі.

Удзельнікі мерапрыемстваў па лесааднаўленні

Згодна з праектам закона "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Лясны кодэкс Рэспублікі Беларусь", пашыраецца кола асоб, якія ўдзельнічаюць у лесааднаўленні. Для развіцця рынку паслуг па лесааднаўленні і лесаразвядзенні, прыцягнення да выканання гэтых мерапрыемстваў шырокай грамадскасці прапануецца выключыць з Ляснога кодэкса абмежаванне на правядзенне гэтых мерапрыемстваў толькі юрыдычнымі асобамі, якія вядуць лясную гаспадарку. "Тым самым права ўдзельнічаць у правядзенні такіх мерапрыемстваў плануецца прадаставіць любым асобам, у тым ліку і на падставе грамадзянска-прававога дагавора на аказанне паслуг па правядзенні лесагаспадарчых мерапрыемстваў і лесакарыстанні", - адзначыў Мікалай Юрэвіч.

Навацыі для рамеснікаў

Вялікая ўвага ўдзелена забеспячэнню рамеснікаў сыравінай і спрашчэнню працэдуры афармлення нарыхтоўкі галля ляшчыны і іншага кустоўя для рамеснай дзейнасці. Прапануецца аднесці дзейнасць па нарыхтоўцы такіх лясных рэсурсаў да пабочнага лесакарыстання.

Спрашчэнне механізма выдачы дазволаў на высечку лесу

У Лясны кодэкс уносяцца змяненні, якія датычацца падстаў, выпадкаў і тэрміну выдачы дазвольных дакументаў. Плануецца спрасціць дазвольны механізм па правядзенні высечак лесу, не запраектаваных лесаўпарадкавальным праектам. "Для аператыўнай ліквідацыі наступстваў стыхійных бедстваў юрыдычным асобам, якія вядуць лясную гаспадарку, прапануецца даць магчымасць назначаць і праводзіць высечкі, не запраектаваныя лесаўпарадкавальным праектам, на ўчастках ляснога фонду", - растлумачыў начальнік упраўлення.

Таксама значна спросціцца механізм нарыхтоўкі драўніны для патрэб ацяплення, ліквідацыі наступстваў стыхійных бедстваў шляхам водпуску драўніны на пні іншым лесакарыстальнікам.

Змяненні закрануць прадастаўленне ўчасткаў ляснога фонду ў арэнду для нарыхтоўкі драўніны юрыдычным асобам, якія вырабляюць прадукцыю дрэваапрацоўкі і рэалізуюць інвестыцыйныя праекты, якія адпавядаюць крытэрыям, устаноўленым урадам.

Удакладненне тэрміналогіі

Законапраектам прадугледжваецца пашырэнне тэрміна "іншыя высечкі". У яго прадугледжваецца ўключыць высечкі малакаштоўных лясных пасадак для нарыхтоўкі драўніны ў паліўна-энергетычных мэтах. "З улікам зваротаў суб'ектаў гаспадарання і грамадзян прапануецца даць магчымасць праводзіць такія высечкі ў тых жа шэраальховых пасадках для дадатковага ўвядзення драўняных рэсурсаў для выкарыстання ў выглядзе драўнянага паліва", - дадаў Мікалай Юрэвіч.

Да таго ж тэрміна прапанавана аднесці высечкі лесу пры расчыстцы ўчасткаў ляснога фонду для будаўніцтва і ўтрымання лясных гадавальнікаў, лесанасенных плантацый, селекцыйна-генетычных аб'ектаў. Гэта норма неабходна для выканання работ па будаўніцтве новых гадавальнікаў і лясных плантацый і падтрымання парадку на існуючых аб'ектах.

Выпрацаваныя ў час абмеркаванняў рабочай групы канкрэтныя прапановы будуць пакладзены ў аснову ўдасканалення ляснога заканадаўства. Чакаецца, што ўжо восенню праект закона аб папраўках у Лясны кодэкс будзе прыняты ў другім чытанні.

Валерыя ГАЎРЫЛАВА,

БЕЛТА.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі