Для многіх еўрапейскіх краін свету, такіх як Францыя, Вялікабрытанія, Італія, турызм - даходная індустрыя. Вядома, Мінск не можа пахваліцца такой багатай культурна-гістарычнай спадчынай, як Лондан, Парыж або Рым, але і ў беларускай сталіцы турыстычная дзейнасць можа стаць значнай крыніцай даходаў бюджэту. У Мінгарвыканкаме ўпэўнены: горад можа зарабляць на турыстах мільярд долараў у год. У першую чаргу перспектыўна развіццё дзелавога, транзітнага, спартыўнага і медыцынскага турызму.
Паводле даных Цэнтра навін ААН, колькасць міжнародных турыстаў у 2012 годзе дасягнула рэкорду - 1 млрд. чалавек. Гэта лічба ўмацавала пазіцыю турызму як аднаго з буйнейшых эканамічных сектараў, на які прыпадае 9 працэнтаў глабальнага ВУП, адно з кожных 12 рабочых месц, 30 працэнтаў экспарту паслуг. Традыцыйна найбольш падарожнічаюць жыхары Вялікабрытаніі і Германіі, але апошнім часам да іх таксама далучыліся кітайцы, прычым калі раней яны ў асноўным ездзілі па сваёй краіне, то цяпер усё часцей выязджаюць за яе межы. У лік актыўных падарожнікаў таксама ўваходзяць амерыканцы, праўда, далёка не ў тых маштабах, у якіх маглі б з улікам ВУП на душу насельніцтва. У спісе самых наведвальных краін свету (іх штогод складае Сусветная арганізацыя па турызму) значацца Францыя (76,8 млн. турыстаў за год), ЗША (59,7 млн.), Кітай (55,7 млн.), далей ідуць Іспанія, Італія, Вялікабрытанія, Турцыя, Германія, Малайзія і Мексіка. Сярод гарадоў найбольшай папулярнасцю карыстаюцца Лондан, Парыж, Бангкок, Сінгапур і Стамбул. Іх наведваюць штогод 11-16 млн. чалавек.
Мінск найбольш дарэчы параўноўваць са сталіцамі былых савецкіх рэспублік. Напрыклад, Вільнюс, паводле даных Вікіпедыі, штогод наведваюць 1-1,5 млн. турыстаў, сярод якіх пераважаюць беларусы, расіяне і палякі. Цікавы вопыт Рыгі, чыя папулярнасць дзякуючы актыўнай папулярызацыі за мяжой і стварэнню турыстычнага брэнда Live Riga расце. Гасцямі горада ў 2011 годзе сталі больш за 1,2 млн. замежных грамадзян, прычым павялічылася колькасць круізных адпачывальнікаў. Улады палічылі, што кожная гадзіна знаходжання замежнага турыста прыносіць у рыжскую эканоміку 5 латаў (1 долар роўны прыкладна 0,52 лата), а ўсяго за час падарожжа ён траціць у сярэднім 531 еўра. Масква ў 2011 годзе прыняла 4,5 млн., Кіеў - 1,2 млн. замежных гасцей.
У беларускай сталіцы ў студзені-кастрычніку 2012 года пабывалі больш за 400 тыс. іншаземных грамадзян (размова ідзе толькі аб тых, хто размясціўся ў гасцініцах, статыстыка не ўлічвае прыбыўшых на адзін дзень і самастойна). Экспарт турыстычных паслуг склаў $85 млн. і павялічыўся да ўзроўню аналагічнага перыяду 2011 года на 31,7 працэнта. У 2013 годзе плануецца па даходах ад уязнога турызму перасягнуць мяжу $150 млн. Паводле апытання іншаземных грамадзян, праведзенага ў дзесяці мінскіх гасцініцах, у Нацыянальным аэрапорце Мінск і на чыгуначным вакзале, па колькасці пакінутай у Мінску валюты лідзіруюць турысты з краін Афрыкі і Азіі (у сярэднім $350 у дзень). Прадстаўнікі высокаразвітых краін ЕС і Амерыкі трацяць за суткі $293, расіяне - $202, жыхары іншых краін СНД - $140.
Апошнім часам у Мінску назіраецца тэндэнцыя скарачэння перыяду знаходжання замежных турыстаў - з пяці да чатырох дзён, адзначыў дырэктар дэпартамента па турызму Міністэрства спорту і турызму Вадзім Кармазін у сваім выступленні на пасяджэнні Мінскага гарвыканкама, на якім разглядаўся ход выканання праграмы развіцця турызму на 2011-2015 гады. Разам з тым яны штогод у сярэднім на 15 працэнтаў больш трацяць тут сродкаў.
Паводле яго слоў, Мінск - спецыфічны беларускі рэгіён, дзе да 46 працэнтаў экспарту турыстычных паслуг прыпадае на паслугі гасцініц, не ўключаных у туры, у той час як у іншых рэгіёнах сітуацыя іншая. Замежныя госці ў большасці сваёй прыбываюць з дзелавымі мэтамі, і трэба сказаць, што гэта найбольш плацежаздольныя іншаземцы. Ва ўсім свеце дзелавы турызм прыносіць да 60 працэнтаў даходаў ад турыстычнай дзейнасці. Дзелавы чалавек траціць на дзелавых мерапрыемствах у тры разы больш, чым звычайны адпачывальнік. Такі напрамак развіваюць многія дзяржавы Еўропы. Напрыклад, Швецыя славіцца як краіна міжнародных канферэнцый. Па такім жа шляху ідуць Латвія, Эстонія, дзе ўтвораны спецыяльныя канферэнц-бюро па планаванню падзей, здольных прыцягнуць замежных грамадзян. У бюджэце Нарвегіі ёсць асобны артыкул расходаў для актывізацыі ўнутранага турызму: кожны год прыярытэт пры правядзенні семінараў аддаецца аднаму з гарадоў, куды з'язджаюцца спецыялісты з усёй краіны. Мінск таксама мог бы прымяніць на практыцы сусветны вопыт, функцыю агенцтва па прыбыццю і візітах можа ўзяць на сябе камітэт эканомікі або ўпраўленне бытавога абслугоўвання Мінгарвыканкама, у веданні якога знаходзяцца гасцініцы.
"Што перашкаджае і Мінску больш арганізоўваць дзелавых мерапрыемстваў - семінараў, сустрэч па тэмах развіцця архітэктуры, медыцыны, рэкламы, прыцягнення інвестыцый. Наша эканоміка - адкрытая, на перагаворы з прадстаўнікамі беларускіх прадпрыемстваў прыязджае шмат бізнесменаў, і трэба выкарыстоўваць гэты патэнцыял, прапаноўваць дадаткова культурна- забаўляльную праграму", - лічыць старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька.
Напрыклад, толькі Мінскае аддзяленне Беларускай гандлёва-прамысловай палаты за 11 месяцаў 2012 года правяло каля 120 мерапрыемстваў у галіне знешнеэканамічнай дзейнасці, прыняло 36 замежных дэлегацый, у кожнай з якіх былі прадстаўнікі 20-30 кампаній. На 2013 год пастаўлена задача правесці каля 130 мерапрыемстваў, з якіх не менш за 25 - з удзелам больш як 50 замежных гасцей. Беларускую сталіцу наведваюць і замежныя дэлегацыі па запрашэнню раённых адміністрацый, у гэтым напрамку таксама трэба будзе сур'ёзна актывізаваць дзейнасць.
Яшчэ адзін перспектыўны напрамак - транзітны турызм. Геаграфічнае становішча гістарычна абавязала Беларусь быць міжнародным транзітным калідорам, які звязвае дзяржавы і народы Захаду і Усходу, рэгіёны балтыйскага і чарнаморскага ззбярэжжаў. Праведзеныя цераз Мінск транспартныя магістралі, размешчаны побач аэрапорт ствараюць усе ўмовы для ўключэння горада ў турыстычныя маршруты.
Гарадскія ўлады разлічваюць сур'ёзна папоўніць казну і за кошт развіцця медыцынскага турызму. Як паведаміў старшыня камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Віктар Сірэнка, медыцынскія ўстановы Мінска, якія адносяцца да камітэта, прадастаўляюць паслугі жыхарам больш як 50 краін свету. Толькі за мінулы год зарэгістравана каля 70 новых відаў паслуг, арыентаваных на экспарт. За 11 месяцаў 2012 года да мінскіх медыкаў звярнуліся каля 31,9 тыс. іншаземцаў (у 2011 годзе - 28 тыс.), зароблена $5,6 млн.
Разам з тым экспарт медыцынскіх паслуг у беларускай сталіцы не звязаны з турбізнесам - доля ўдзелу турыстычных кампаній у гэтым працэсе складае толькі 0,1 працэнта, у той час як за мяжой менавіта тураператар адказны за прыцягненне медыцынскага турыста. Ён дае турпакет: трансферт да гасцініцы і клінікі, размяшчэнне ў нумарах, кансультацыю ўрача, абед, экскурсію да таго, як будзе прынята рашэнне аб неабходнасці аперацыйнага або іншага лячэння, шпіталізацыі, зваротны трансферт. Арганізацыі аховы здароўя займаюцца толькі аказаннем медыцынскай дапамогі. Чаму ў Мінску медыцынскі турызм ідзе па іншым шляху? Эксперты бачаць прычыну ў дагаворных адносінах - і прадстаўнікі турбізнесу, і медыкі павінны знайсці шляхі ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Як варыянт прапануецца вызначыць адно-два турагенцтвы са штатам урачоў і спецыялістаў у галіне турызму, якія займаліся б толькі гэтым напрамкам.
Пастаўлена задача ўжо ў 2013 годзе павялічыць колькасць абслугоўваемых замежных грамадзян у арганізацыях аховы здароўя Мінска на 20 тыс., а экспарт паслуг - да $10 млн., і далей па нарастаючай. Але тут неабходна звярнуць увагу на тое, што пры такой дынаміцы і захаванні існуючых магутнасцей праз сем гадоў кожны другі на бальнічным ложку будзе замежным грамадзянінам, але ж сістэма аховы здароўя ў першую чаргу арыентавана на мясцовых жыхароў. Рашэннем праблемы можа стаць будаўніцтва платных клінік і радзільных дамоў.
Асобна трэба звярнуць увагу на магчымасці Мінска ў сферы спартыўнага турызму. З будаўніцтвам суперсучасных спартыўных аб'ектаў, такіх як веладром, лядовыя арэны, горад можа прыняць больш міжнародных спаборніцтваў, а адпаведна - спартсменаў і балельшчыкаў. На 2013 год запланавана 52 буйныя міжнародныя спартыўныя мерапрыемствы з прыездам замежных каманд, трэнераў, спецыялістаў. Найбольш значныя з іх - чэмпіянат свету па веласіпеднаму спорту на трэку, чэмпіянат Еўропы па боксу, этап кубка свету па фігурнаму катанню. Але, вядома, асноўныя надзеі звязаны з чэмпіянатам свету па хакею, які пройдзе ў 2014 годзе.
З развіццём спартыўнай інфраструктуры значна павялічваюцца шанцы нашых федэрацый на права правядзення буйных міжнародных спаборніцтваў. А гэта напаўняльнасць гасцініц, вядомасць у свеце, адзначаюць ва ўпраўленні фізічнай культуры, спорту і турызму Мінгарвыканкама.
Нельга не браць пад увагу і пазнавальны турызм, бо кожны горад добры па-свойму. Мінск - гэта класічны прыклад архітэктуры сталінскага ампіру (пасля вайны ён быў практычна нанова адбудаваны ў лепшых традыцыях савецкай архітэктурнай школы). Для азнаямлення з даваенным абліччам цікавы гістарычны цэнтр: гарадская ратуша, Траецкае, Ракаўскае прадмесці, Свята-Духаў кафедральны сабор. Вядомы ў свеце дасягненні Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, унікальнымі можна назваць пабудаваныя ўжо ў суверэннай Беларусі Нацыянальную бібліятэку, спартыўны комплекс "Мінск-Арэна", падземны гандлёвы цэнтр "Сталіца".
Як адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Мінгарвыканкама Святлана Дзямешка, для сталічных гасцей распрацавана 40 экскурсійных маршрутаў і праграм, для правядзення экскурсій атэставана 338 экскурсаводаў і 133 гіды-перакладчыкі. Традыцыйна папулярны аглядныя экскурсіі, сярод новых прапаноў - паездкі ў экскурсійным двухпавярховым аўтобусе Minsk City Tour, дзе пасажыры могуць скарыстацца аўдыягідам на некалькіх мовах.
Ствараюцца ўмовы для тых, хто любіць актыўны адпачынак. Плануецца павялічыць працягласць веладарожак больш чым у два разы да 60 км, добраўпарадкоўваюцца паркі і скверы. У гарадскіх музеях уводзяцца новыя формы абслугоўвання, на тэрыторыі Верхняга горада ў 2012 годзе быў адкрыты летні музычна-турыстычны сезон: кожную суботу працавалі пляцоўкі з музычнымі і тэатралізаванымі паказамі. Прымаюцца меры па стварэнню пешаходных вуліц і кварталаў, адкрыццю рэстаранаў і кафэ са стравамі беларускай кухні.
Прапрацоўваецца пытанне аб стварэнні пад Мінскам стаянак для трэйлераў (невялікіх фургонаў, абсталяваных для падарожжаў). Адпачынак з кемпінгам на колах ужо шмат дзясяткаў гадоў займае трывалыя пазіцыі ў рэйтынгу розных відаў турызму ў еўрапейскіх краінах. Так, у Еўропе налічваецца каля 2 млн. уладальнікаў трэйлераў, для іх ствараюцца спецыяльныя пляцоўкі з арганізацыяй каналізацыі, водазабеспячэння, электразабеспячэння. Яны ёсць на ўсіх курортах Міжземнамор'я, у цэнтры Прагі, Парыжа, Будапешта і Вены, на гарналыжных курортах і ў месцах правядзення спартыўных мерапрыемстваў. Машына-месца тут каштуе ў сярэднім каля 25 еўра - для падарожнікаў гэта значна танней, чым здымаць гасцінічны нумар або кватэру. Асацыяцыя трэйлераў створана і ў Беларусі, у ёй лічыцца 46 чалавек. Вопыт Кіева, дзе праходзіў чэмпіянат Еўропы па футболу, паказаў, што многія балельшчыкі выбіралі менавіта такі спосаб размяшчэння.
Разам з тым ёсць некалькі фактараў, якія стрымліваюць развіццё турыстычнай сферы, напрыклад, візавы рэжым для большасці краін свету, моўны бар'ер. Паводле слоў Вадзіма Кармазіна, таксама варта звярнуць увагу на гасцінічны бізнес. Турыстычная індустрыя ў Мінску ўключае 23 гасцініцы, пяць гасцінічных комплексаў, дзевяць іншых сродкаў размяшчэння з адначасовай умяшчальнасцю каля 6 тыс. чалавек. Бліжэйшыя канкурэнты Мінска - Вільнюс, Прага, Вена, Варшава, Берлін - значна апярэджваюць беларускую сталіцу па колькасці атэляў. Выклікае пытанні і цэнавая палітыка: аднамесны нумар у Мінску ў сярэднім даражэйшы на 15-20 працэнтаў, а ў чатырохзоркавых гасцініцах - на 30-40 працэнтаў, чым у іншых еўрапейскіх гарадах. Усё гэта не можа не ўплываць на размяшчэнне турыстаў.
"Гэта прычына задумацца, - лічыць Вадзім Кармазін. - Замежныя грамадзяне едуць у Беларусь, і ў Мінск у тым ліку, аб чым сведчыць статыстыка Дзяржпагранкамітэта, але, на жаль, у гасцініцах не размяшчаюцца. Аддаюць перавагу прыватнаму сектару. Акрамя высокіх цэн варта перагледзець падыходы да папулярызацыі атэляў. Так, у сусветнай сетцы Booking.com, куды часцей за ўсё звяртаюцца іншаземцы ў пошуку нумара, фігуруе толькі восем мінскіх атэляў, сем хостэлаў і 45 кватэр, у той час як у Вільнюсе пры пошуку паказваецца 169 сродкаў размяшчэння. Навошта прыдумваць унутраныя сістэмы браніравання, калі ёсць міжнародныя, якія сябе добра зарэкамендавалі? Незразумелая для замежнага грамадзяніна і сертыфікацыя гасцінічных паслуг у Беларусі, якая захавалася яшчэ з савецкіх часоў (падзел па катэгорыях), у той час як ва ўсім свеце ацэньваецца колькасць "зорак". Пакуль нязначная колькасць беларускіх атэляў сертыфікавана па міжнародных стандартах".
На думку прадстаўнікоў турбізнесу, Мінску для развіцця турызму не столькі патрэбны пяцізоркавыя гасцініцы, колькі хостэлы катэгорыі 2-3 зорак - той сегмент, які найбольш запатрабаваны на рынку. Цяпер у Мінску налічваецца сем бюджэтных гасцініц на 384 месцы. Акрамя таго, мэтазгодна ўкараніць тарыфы выхаднога дня на паслугі гасцініц - паніжаючыя каэфіцыенты шырока выкарыстоўваюцца ў Еўропе.
У анкетах замежныя госці таксама скардзяцца на невысокае інфармацыйнае забеспячэнне, сэрвіс. "Зарабляюць у турызме на падзеях, фігурах, а стрымліваюць развіццё гэтай сферы мінусы інфраструктуры, і часта дробныя недахопы аказваюць істотны ўплыў", - лічыць старшыня Беларускай асацыяцыі экспертаў і сюрвеераў на транспарце (БАЭС) Юрый Важнік.
Каб зрабіць горад больш зразумелым для турыста, прапануецца ўкараніць сістэму прасторавага арыентавання. Такая комплексная схема распрацавана і ўжо рэалізуецца. Асноўныя работы плануецца завяршыць да чэмпіянату свету па хакею 2014 года.
"Пакуль госцю ў беларускай сталіцы, асабліва іншаземцу, складана знайсці патрэбны яму аб'ект, - адзначае Юрый Важнік. - Напрыклад, у Хельсінкі паказальнікі на "Хельсінкі-Арэну" суправаджаюць чалавека ў час яго перамяшчэння па горадзе, тады як "Мінск-арэна", значна больш відовішчнае месца, у гэтым плане прайграе. Прыбыўшы на лядовую арэну ў Мінску, турыст сутыкаецца з заторамі, праблемай, дзе пакінуць аўтамабіль. Аб комплексе ён сказаў бы: "Выдатна, але ...". І гэта "але" будзе перашкаджаць прадаваць паслугі. Такая ж сітуацыя і ў гістарычным цэнтры. Трэба пры дапамозе інфармацыі на лацініцы, картасхем стварыць зразумелую сістэму даведнікаў".
Неабходна больш стаянак для турыстычных аўтобусаў - іх толькі сем, а патрэбна яшчэ як мінімум столькі ж.
Нельга не згадаць і аб папулярызацыі турыстычнага патэнцыялу Мінска за мяжой. Так, горад у 2012 годзе быў прадстаўлены на турыстычных выстаўках і форумах у Пекіне, Чанчуні, Тэль-Авіве, Лондане, Стамбуле, стаў афіцыйным членам Сусветнай федэрацыі турыстычных гарадоў. Праведзена больш за 70 рэкламна-інфармацыйных тураў для афіцыйных дэлегацый Мінгарвыканкама і прадстаўнікоў замежных СМІ, выдадзена больш за 90 відаў рэкламна-інфармацыйнай і сувенірнай прадукцыі, але для большасці замежных грамадзян беларуская сталіца - толькі кропка на карце. Трэба зрабіць яе больш вядомай, знайсці свае адметнасці.
У Беларусі за 2012 год распрацавана 8 нарматыўна-прававых актаў, якія датычацца турыстычнай дзейнасці. Сярод навацый - прадастаўленне льготы ў выглядзе неспагнання ПДВ за арганізацыю ўнутранага турызму (раней яна распаўсюджвалася толькі на суб'екты гаспадарання, якія займаюцца ўязным турызмам), спрошчаная сістэма падаткаабкладання, адмена віз для балельшчыкаў і каманд на час правядзення чэмпіянату свету па хакею ў 2014 годзе. З Міністэрствам гандлю адпрацаваны план па ўкараненню ў рэспубліцы сістэмы tax free для развіцця шоп-турызму, удасканалена сістэма ліцэнзавання.
"Зроблена шмат для таго, каб турысты прыязджалі ў рэспубліку, і адзначаецца добрая дынаміка па экспарту турыстычных паслуг. Прычым палавіна даходаў ад турызму прыпадае на Мінск. Калі ў бліжэйшыя гады палепшыць свае пазіцыі беларуская сталіца - краіна толькі выйграе", - адзначыў Вадзім Кармазін.
На жаль, пакуль у Беларусі турызм не самастойная галіна і не адыгрывае значнай ролі ў эканоміцы. У афіцыйнай статыстыцы ўлічваюцца толькі некаторыя паказчыкі: аб'ём аказаных турысцкіх і экскурсійных паслуг, паслугі гасцініц і іншыя. Таму складана падлічыць, колькі на самай справе наведала краіну турыстаў і колькі яны тут пакінулі. Пэўнае ўяўленне аб рэальным стане спраў у турыстычнай сферы можна атрымаць з плацежнага балансу Нацыянальнага банка. Калі прааналізаваць гэтыя даныя, то тыя 400 тыс. турыстаў, якія размясціліся ў мінскіх гасцініцах у студзені-кастрычніку 2012 года, пры знаходжанні ў сярэднім пяць дзён і затратах $240 за суткі, папоўнілі гарадскую казну больш чым на $400 млн. Па міжнароднай метадалогіі разліку ўкладу турыстычнай дзейнасці ў залік ідуць таксама сродкі, якія пакідае турыст акрамя кошту тура на забавы, наведванне розных мерапрыемстваў, куплю сувеніраў, харчаванне, што не ўлічвае беларуская статыстыка.
Надзея РАДЗІВОН