Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
05 верасня 2011, 16:34

ІНСТРУКЦЫЯ ДА ДЗЕЯННЯ

План дзеянняў Нацбанка і ўрада Беларусі, рэгіянальных органаў кіравання па стабілізацыі фінансава-эканамічнай сітуацыі, які агучыў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця, быў дасканала і глыбока прапрацаваны. У ім улічаны як эканамічныя, так і сацыяльна-палітычныя аспекты. На нарадзе з кароткімі справаздачамі аб сітуацыі ў рэгіёнах выступілі ўсе старшыні аблвыканкамаў. Яны падтрымалі прапанаваныя меры і не ўнеслі прапаноў па змяненню канцэпцыі. План прапрацаваны да такой ступені, што практычна немагчыма штосьці дадаць. "Самымі важнымі, на мой погляд, з'яўляюцца словы кіраўніка дзяржавы, што Беларусь застаецца сацыяльнай дзяржавай і галоўным у яе палітыцы па-ранейшаму з'яўляецца клопат пра чалавека", - так пракаменціраваў вынікі нарады ў Прэзідэнта старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік.

Кіраўнікі на месцах разумеюць: цяпер павінен яшчэ больш напружана працаваць рэальны сектар эканомікі. Неабходна як мага больш вырабляць добрай і канкурэнтаздольнай прадукцыі, якая ішла б на экспарт і прыносіла б для краіны дастатковую колькасць валюты, неабходнай для куплі за мяжой энергарэсурсаў і іншых жыццёва важных кампанентаў для нармальнага функцыянавання народнай гаспадаркі. Іншых шляхоў няма. Толькі паспяховая работа прадпрыемстваў прамысловасці, сельскай гаспадаркі, будаўнічага комплексу, сферы паслуг можа хутка стабілізаваць фінансава-эканамічную сітуацыю, выконваючы адначасова функцыю лакаматыва ў падтрымцы далейшага развіцця ўсёй сацыяльнай сферы.

Што датычыцца Гомельскай вобласці, то, як адзначыў Уладзімір Дворнік, эканоміка рэгіёну менавіта ў такім рэжыме і працуе. У бягучым годзе прырост прамысловай вытворчасці склаў 10,2 працэнта, рост вытворчасці забяспечаны на прадпрыемствах усіх асноўных галін. Пры гэтым павелічэнне выпуску прадукцыі не суправаджаецца затаварваннем складоў. Узровень запасаў гатовай прадукцыі ў цэлым па вобласці склаў 37,2 працэнта сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці. Гомельскія таваравытворцы істотна (у 1,8 раза) павялічылі пастаўкі за межы краіны, тэмп росту экспарту амаль у два разы апярэджвае тэмп росту імпарту.

"Безумоўна, збаўляць набраныя тэмпы рэгіён не збіраецца", - адзначыў Уладзімір Дворнік. Паводле яго слоў, рэзервам можа стаць унутрыабласная кааперацыя. Асобныя прадпрыемствы, на жаль, яшчэ пакуль маюць загружанасць сваіх вытворчых магутнасцей напалавіну. Гэта вельмі марнатраўна з пункту гледжання эфектыўнага гаспадара. Загрузіўшы ж невыкарыстоўваемыя магутнасці, можна не толькі стварыць дадатковыя рабочыя месцы, але і значна зменшыць аб'ёмы імпарту для патрэб прамысловасці. Праведзены ўжо нарады з дырэктарамі буйнейшых прадпрыемстваў, якія выказалі гатоўнасць размяшчаць частку сваіх заказаў на камплектуючыя ўнутры вобласці.

Акрамя таго, у якасці істотнага рэзерву старшыня Гомельскага аблвыканкама назваў далейшае паляпшэнне работы аграпрамысловага комплексу. Галоўнае для гэтай галіны - нарошчванне аб'ёмаў вытворчасці сельгаспрадукцыі. Кожны дадаткова выраблены і перапрацаваны кілаграм мяса або малака - гэта ў тым ліку і дадатковыя валютныя паступленні ў эканоміку.

Што датычыцца спажывецкага рынку, то мясцовыя ўлады ў цэлым кантралююць сітуацыю. Нягледзячы на блізкасць граніцы з Расійскай Федэрацыяй, удаецца падтрымліваць у гандлёвай сетцы неабходны асартымент харчовых і нехарчовых тавараў. У бліжэйшыя дні па ўсёй вобласці пачнуцца кірмашы па продажы сельскагаспадарчай прадукцыі. У рэгіёне вырашчаны добры ўраджай агародніны і бульбы, таму купіць іх у любой колькасці і па прымальных цэнах зможа кожны жадаючы.

Паводле слоў губернатара, асаблівая ўвага, як заўсёды, будзе ўдзяляцца вырашэнню надзённых праблем найменш абароненых катэгорый грамадзян: адзінокіх пенсіянераў, інвалідаў, шматдзетных сем'яў. У кожным раёне ўведзена ў практыку рэгулярнае наведванне дамоў і падворкаў камісіямі, у склад якіх уключаны як прадстаўнікі мясцовых органаў улады, так і ўсіх службаў раёна, каб на месцы комплексна вывучыць сітуацыю і аказаць рэальную дапамогу ў вырашэнні ўсіх праблем. У поўным аб'ёме выдзяляюцца сродкі на арганізацыю бясплатнага харчавання дзяцей у школах, размешчаных у раёнах, якія найбольш пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, стабільна фінансуецца шэраг іншых сацыяльных праграм і г.д.

Уладзімір Дворнік упэўнены, што спатрэбіцца не так шмат часу, каб стабілізаваць фінансава-эканамічную сітуацыю ў краіне. Інструкцыя да дзеяння ёсць, праграма распрацавана, неабходна толькі жаданне добрасумленна працаваць.

"Мне заўсёды імпануюць людзі, якія не спрабуюць шукаць адказ на вечнае пытанне "хто вінаваты?", а адразу, закасаўшы рукавы, пачынаюць выпраўляць становішча. Нашаму грамадству неабходна з’яднацца, каб сумеснымі намаганнямі за кароткі тэрмін пераадолець усе існуючыя цяжкасці. Няма сумнення ў тым, што мы годна выйдзем з гэтага крызісу і будзем далей паступальна развівацца", - падкрэсліў старшыня Гомельскага аблвыканкама.

Валерый СІДОРЧЫК,
БЕЛТА.
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі