Адзін з буйнейшых спажыўцоў энергіі ў Беларусі - жылы сектар, на які прыпадае 16 працэнтаў выпрацаванай электраэнергіі і 33 працэнты цеплавой. Шмат робіцца для энергазберажэння ў жылфондзе, ёсць і ўдалыя прыклады энергаэфектыўнасці. Апошняя прадугледжвае не проста эканомію рэсурсаў, але і ў перспектыве эканамічную выгаду. Пабудаваны ўжо дамы з прымяненнем найноўшых тэхнічных рашэнняў. Аб узвядзенні жылля з максімальным класам энергаэфектыўнасці і стрымліваючых фактарах карэспандэнту БЕЛТА расказаў першы намеснік дырэктара Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Віктар Акушка.
Інвестыцыі ў будучыню
У Беларусі эксплуатуецца 1,565 млн жылых дамоў агульнай плошчай каля 250 млн кв.м. Ва ўведзеных у строй да 1993 года будынках удзельнае спажыванне цеплавой энергіі складае 230 кВт.гадз/кв.м у год. Пасля нормай лічыўся паказчык 150-160 кВт.гадз/кв.м у год. Прапанаваныя цяпер стандарты патрабуюць зніжэння ўдзельных паказчыкаў расходу цеплавой энергіі на ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне да 60-40 кВт.гадз/кв.м у год. Паводле падлікаў, будаўніцтва такога жылля дасць магчымасць скараціць выкіды парніковых газаў на 30 млн т да 2030 года. Дзяржпраграма "Будаўніцтва жылля" на 2016-2020 гады прадугледжвае, што да 2020 года ўсё шматкватэрнае жыллё будзе будавацца ў энергаэфектыўным выкананні. Долю жылых дамоў з высокімі класамі энергаэфектыўнасці А+ і А (са спажываннем 15-25 кВт.гадз/кв.м у год) плануецца давесці да 20 працэнтаў ад усяго энергаэфектыўнага жылля. Усяго ж у 2016-2020 гадах увядуць у эксплуатацыю 8,6 млн кв.м такіх звышэканомных дамоў. У тым ліку на 2017 год запланавана будаўніцтва амаль 1,5 млн кв.м, на 2018-ы - 1,8 млн кв.м.
"Па сутнасці, усё ўводзімае ў Беларусі жыллё - ужо ў пэўнай ступені энергаэфектыўнае. Узраслі патрабаванні да цеплаправоднасці сценавых панэлей, шклопакетаў, дахаў. Але можна эканоміць яшчэ больш энергіі, гэта будзе асабліва адчувальна ў далейшым, асабліва ў сувязі з поўным пакрыццём насельніцтвам кошту жыллёва-камунальных паслуг. Так, такое жыллё каштуе даражэй за звычайнае, але тыя затраты, якія панясе жылец пры будаўніцтве, за некалькі гадоў акупяцца, і пасля будзе адчувальная эканомія", - растлумачыў Віктар Акушка.
Эканомія вышэйшага класа
У канцы 2016 года - у бягучым годзе ў Мінску, Гродне і Магілёве ўведзены ў строй першыя тры шматпавярховыя жылыя дамы класа А+ з інжынернымі сістэмамі, што даюць магчымасць забяспечыць мінімальнае энергаспажыванне на ацяпленне, вентыляцыю і гарачае водазабеспячэнне. Будынкі ўзводзіліся ў рамках праекта ПРААН і Глабальнага экалагічнага фонду "Павышэнне энергетычнай эфектыўнасці жылых будынкаў у Рэспубліцы Беларусь".
У гэтых дамах выкарыстаны самыя перадавыя тэхналогіі. Сярод іх - утылізацыя сцёкавых вод з дапамогай рэкуператыўнага цеплаабменніка для сістэмы гарачага водазабеспячэння, інакш кажучы атрыманае ад выходзячых сцёкаў цяпло выкарыстоўваецца далей для падагрэву вады. Энергаэфектыўныя дамы вызначае і прымусовая прыточна-выцяжная вентыляцыя з утылізацыяй цяпла выцяжнога паветра. Гэта значыць, што цяпло, якое ўтвараецца ў кватэры, не выходзіць пры праветрыванні на вуліцу, а выкарыстоўваецца пры дапамозе рэкуператара для падагравання ўваходнага свежага паветра. Жыльцам такіх новабудоўляў не даводзіцца адкрываць фортачкі, паколькі ў кватэрах заўсёды свежае паветра камфортнай тэмпературы. У кожнай кватэры ўстаноўлены тэрмастатычныя клапаны і лічыльнікі цяпла, пры гэтым улічваюцца ператокі цеплавой энергіі паміж кватэрамі.
Энергаэфектыўны 10-павярховы дом на 120 кватэр у Гродне - тыпавы з цаглянымі апорнымі сценамі і знадворнымі сценамі з ячэістага бетону. Акрамя іншых інжынерных рашэнняў, у ім устаноўлены цеплавыя помпы, якія выкарыстоўваюць энергію сцёкаў зборнага каналізацыйнага гарадскога калектара і энергію фундаментных паляў будынка для ацяплення і гарачага водазабеспячэння. На бакавым сонечным баку будынка размешчаны сістэмы фотаэлектрычных батарэй для генерацыі электрычнай энергіі. Разліковыя параметры ў гэтым доме прадугледжваюць спажыванне 15 кВт.гадз/кв.м у год на ацяпленне і вентыляцыю і 30 кВт.гадз/кв.м у год на гарачае водазабеспячэнне.
У 10-павярховым доме ў Магілёве сонечныя батарэі выкарыстоўваюцца для награвання вады. Там спажыванне прадугледжана на ўзроўні 25 кВт.гадз/кв.м у год на ацяпленне і вентыляцыю і 20 кВт.гадз/кв.м у год на гарачае водазабеспячэнне. У Мінску энергаэфектыўны дом - аднапад'ездны на 19 паверхаў. Найноўшыя тэхналогіі дадуць магчымасць у ім дасягнуць паказчыка ў памеры 25 і 40 кВт.гадз/кв.м у год на ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне адпаведна.
Акрамя таго, праектам прадугледжана распрацоўка праграмнага модуля, які дасць магчымасць дыстанцыйна вызначаць удзельныя паказчыкі цеплавой энергіі на ацяпленне і забяспечваць аўтаматызаваны маніторынг будынкаў. Гэту сістэму плануецца ўвесці ў доследную эксплуатацыю ў 2018 годзе ДА "Мінская гарадская гаспадарка".
"Пілотныя праекты прадугледжваюць чатырохкратнае зніжэнне спажывання цеплавой энергіі. Адпаведна зменшацца расходы на аплату ЖКП. У далейшым будзем рэкамендаваць будаўніцтва такіх дамоў. Шмат залежыць ад саміх людзей, ад іх свядомасці. Эканоміць - не сорамна, гэты жывыя грошы, якія пры разумным выкарыстанні энергіі можна зберагчы", - падкрэсліў Віктар Акушка.
Што перашкаджае энергаэфектыўнасці быць больш эфектыўнай?
Як і любая новая маштабная з'ява, энергаэфектыўнае будаўніцтва патрабуе часу і намаганняў для ажыццяўлення, усебаковага асэнсавання. Віктар Акушка сярод асноўных бар'ераў для масавага ўзвядзення такога жылля назваў патрэбнасць у развіцці нарматыўнай базы. Яшчэ не прыняты тэхнічны рэгламент "Энергаэфектыўнасць будынкаў", няма сістэмы пацвярджэння адпаведнасці па энергаэфектыўнасці. Ён адзначае таксама слабыя стымулы для забудоўшчыкаў, ЖКГ і інвестараў, інакш кажучы жыльцоў, - у сувязі з існуючым перакрыжаваным субсідзіраваннем, невідавочнымі эканамічнымі паказчыкамі пры малой колькасці прыкладаў для аналізу.
Эксперт падкрэслівае, што праектным арганізацыям і будаўнікам важна атрымаць дастатковы вопыт і веды для ўзвядзення энергаэфектыўных будынкаў, эксплуатуючым арганізацыям - навучыць персанал. Акрамя таго, неабходнае абсталяванне - пераважна імпартнай вытворчасці, што павялічвае кошт будаўніцтва. У той жа час айчынныя будматэрыялы адпавядаюць патрабаванням энергаэфектыўнага жылля. Разглядаецца магчымасць стварэння ў Беларусі сумеснай з Кітаем вытворчасці энергаэфектыўнай чарапіцы з інтэграванымі фотаэлементамі, а таксама па вытворчасці спадарожнага абсталявання (акумулятарных батарэй, кантралёраў, інвентараў, трэкераў).
Трэба будзе наладзіць сістэмны маніторынг энергаэфектыўнага выканання такіх дамоў, сфарміраваць рынак паслуг па іх эксплуатацыі і абслугоўванні, а таксама навучыць жыльцоў правільнай эксплуатацыі энергаэфектыўнага абсталявання.
"Будаўніцтва энергаэфектыўных дамоў у нас у краіне толькі набірае абароты. З цягам часу ўсе гэтыя пытанні будуць вырашаны. Самае галоўнае, каб людзі разумелі, для чаго гэта робіцца і як эксплуатаваць энергаэфектыўныя дамы, што на самай справе нескладана", - упэўнены Віктар Акушка.
Эканомія пачынаецца з малога
Тэма энергазберажэння апошнім часам актыўна абмяркоўваецца ў Беларусі на розных узроўнях. Дэпартамент па энергаэфектыўнасці Дзяржстандарту падтрымлівае прапанову аб абавязковай аплаце цеплавой энергіі па індывідуальных лічыльніках там, дзе яны ўстаноўлены. "Гэта выгадна ўсім жыльцам. За зняцце паказанняў неабходна плаціць раз у год, але ў выніку ўсё роўна гэта выгадна. Варта зрабіць так, як у выпадку з аплатай паслуг па водазабеспячэнні, не плаціш па лічыльніках - плаці па павышаных тарыфах. Цяпер прыборы індывідуальнага ўліку гарачай і халоднай вады - нармальная з'ява", - падкрэсліў прадстаўнік ведамства. У Беларусі доля шматкватэрнага жылфонду, дзе ёсць магчымасць пакватэрнага ўліку спажывання цяпла, складае каля 10 працэнтаў, і менш як палавіна такіх жыльцоў карыстаюцца ёю.
Віктар Акушка таксама растлумачыў: "Усе новыя дамы будуюцца з гарызантальнай разводкай, якая дае магчымасць устанаўліваць індывідуальныя лічыльнікі ў кожнай кватэры. Старое будаўніцтва - з вертыкальнай разводкай, тут можна ўстанавіць толькі размеркавальнікі цяпла і агульнадамавы лічыльнік".
Дзяржпраграма "Энергазберажэнне" на 2016-2020 гады для зніжэння спажывання паліўна-энергетычных рэсурсаў у сістэме ЖКГ прадугледжвае ў тым ліку цеплавую мадэрнізацыю жылых дамоў. У 2018 годзе плануецца ўцяпляць дамы пры правядзенні капрамонту, распрацоўваецца механізм сумеснага фінансавання дзяржавай і грамадзянамі такіх работ. "Немагчыма за адзін год правесці цеплавую мадэрнізацыю ўсяго жылога фонду. Важна захоўваць баланс. Акрамя таго, што робіць дзяржава для скарачэння затрат на жыллёва-камунальныя паслугі, важна, каб самі грамадзяне разумелі ўсю важнасць эканоміі рэсурсаў, якая станоўча ўплывае не толькі на дабрабыт, але і на стан навакольнага асяроддзя", - рэзюмаваў Віктар Акушка.
Вера СЯРГЕЕВА,
БЕЛТА.