Расія зрабіла складаны і ў пэўнай ступені рызыкоўны крок: у адказ на санкцыі ЕС, ЗША і некаторых іншых краін яна вырашыла адмовіцца ад імпарту іх прадуктаў харчавання. Указ аб гэтым падпісаў Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін. Прычым забарона, якая ўводзіцца тэрмінам на адзін год, датычыцца таксама сыравіны і іншай сельгаспрадукцыі.
Канкрэтны пералік прадуктаў харчавання, якія забаронены да ўвозу ў Расію, даручана распрацаваць ураду, і ён павінен быць абнародаваны ў самым хуткім часе. Дзякуючы ўцечцы інфармацыі з Кабінета міністраў ужо вядома, што эмбарга будзе накладзена на ўсе фрукты і агародніну з Еўрасаюза, а таксама на большую частку мясной і малочнай прадукцыі, уключаючы сухое малако, масла і сыры масавай вытворчасці. Пад поўную забарону трапяць пастаўкі любых прадуктаў харчавання з ЗША. У цэлым, як сцвярджаюць ва ўрадзе, спіс будзе кропкавым і адначасова максімальна шырокім.
У расійскіх сацсетках паведамленне аб такім адказе на санкцыі было сустрэта насцярожана: на гэты раз патрыятычнага запалу ўбавілася, паколькі адразу ўспомніліся пустыя паліцы ў магазінах часоў СССР, дэфіцыт і талоны. І гэтыя апасенні маюць пад сабой пэўную падставу. Згодна з дакладам Расійскай акадэміі народнай гаспадаркі і дзяржаўнай службы пры прэзідэнце РФ (РАНГіДС) аб харчовай бяспецы краіны, Расія поўнасцю забяспечвае сябе харчовымі таварамі толькі па некаторых пазіцыях. Напрыклад, у Расіі поўнасцю выконваецца норма па збожжы і бульбе: узровень харчовай бяспекі па гэтых прадуктах складае 134,8 працэнта і 103,7 працэнта адпаведна пры неабходным мінімальным узроўні 95 працэнтаў. Па малаку і малакапрадуктах (неабходны ўзровень па бягучых стандартах - мінімум 90 працэнтаў), а таксама па мясе і мясапрадуктах (85 працэнтаў) самазабяспечанасць не дасягаецца: пакуль што не хапае каля 10 працэнтаў па кожнай катэгорыі. Па асобных відах малочнага і мяснога харчавання ўзровень бяспекі даволі нізкі. Па масле ён складае 65,4 працэнта, па малаку і сухіх вяршках - 58,5 працэнта, па сырах - 53,2 працэнта. Узровень самазабеспячэння свінінай і субпрадуктамі з яе дасягае 63,2 працэнта. Самая неспрыяльная сітуацыя ў Расіі складваецца з прадуктамі з ялавічыны: у 2012 годзе самазабеспячэнне па іх дасягала ўсяго 37,7 працэнта.
Разважаючы аб магчымасцях замяшчэння заходніх прадуктаў харчавання, практычна ўсе расійскія эксперты лічаць, што адным з альтэрнатыўных Еўропе пастаўшчыкоў малочнай і мясной прадукцыі можа выступіць Беларусь. На думку дырэктара Цэнтра аграхарчовай палітыкі РАНГіДС Наталлі Шагайды, расійскія спажыўцы ў такім выпадку атрымаюць больш танную прадукцыю. Падобнага меркавання прытрымліваецца і старшыня камісіі па пытаннях АПК і развіцці сельскіх тэрыторый Грамадскай палаты РФ Яўгенія Уварына, якая лічыць, што беларускія вытворцы малочнай прадукцыі "з натхненнем успрымуць" забарону паставак з ЕС. "У Беларусі, напрыклад, адкрыюцца дадатковыя магчымасці збыту, а мы нарасцім за гэты час той патэнцыял, які неабходны", - адзначыла яна.
Акрамя Беларусі замену заходнім прадуктам харчавання Расія мае намер шукаць на рынках Азіі і Лацінскай Амерыкі. І калі гэта задача выглядае цалкам дасягальнай, то значна цяжэй ураду будзе выканаць тую частку прэзідэнцкага ўказа, у якой рэкамендавана пры складанні контрмер не дапусціць росту цэн на прадукцыю. Старшыня праўлення Нацыянальнага саюза вытворцаў малака Андрэй Даніленка лічыць, што росту цэн на прадукты харчавання ў РФ не будзе, калі дзяржава возьме пад кантроль сітуацыю на ўнутраным рынку. "Калі дзяржава будзе жорстка кантраляваць увесь ланцужок цэнаўтварэння, рэзкага росту цэн не павінна быць. Калі толькі хто-небудзь не захоча спекулятыўна пайграць на нервах насельніцтва і пачаць развіваць паніку. Гэтыя спробы трэба спыняць", - мяркуе ён. Іншыя эксперты не настолькі аптымістычныя і сцвярджаюць, што росту цэн на прадукты харчавання пазбегнуць не ўдасца. Нават Мінфін РФ папярэдзіў ужо, што давядзецца павысіць прагноз па інфляцыі.
Самі імпарцёры прадуктаў харчавання ацэньваюць рызыкі ад санкцый Расіі як значныя. "Нам давядзецца сур'ёзна пераглядаць сістэму паставак. Нягледзячы на тое, што ў нас высокая ступень лакалізацыі вытворчасці ў Расіі, задзейнічаны пэўныя віды імпартнай сыравіны", - паведаміла дырэктар па карпаратыўных адносінах кампаніі Unilever у Расіі, Украіне і Беларусі Ірына Бахціна. Яна адзначыла, што перагляд умоў паставак у сярэдзіне года можа прывесці да падаражэння прадукцыі. "Пры перакідванні паставак на іншыя краіны цэннік зменіцца", - сказала Бахціна.
"Можа ўзнікнуць вельмі вялікі дэфіцыт свініны на рынку Расіі", - паведаміў прадстаўнік кітайскай свінагадоўчай кампаніі WH Group Эрык Квартвелішвілі. Паводле яго слоў, імпарцёры пачалі павышаць ужо цэны на імпартную свініну. "Мой калега ўжо аддаў распараджэнне тармазіць продажы свініны і ўзнімаць цэны на 15 працэнтаў", - сказаў Квартвелішвілі.
Разам з тым у забароны на імпарт заходняй прадукцыі для Расіі ёсць і відавочны плюс: гэта магчымасць развіцця ўласнай вытворчасці прадуктаў харчавання. Як лічаць эксперты, сельгасвытворцы павінны з усёй адказнасцю падысці да гэтай сітуацыі і распрацаваць праграму па нарошчванні вытворчасці і выпуску прадукцыі, якая неабходна Расіі. Аднак для яе рэалізацыі спатрэбіцца значнае фінансаванне, а самае галоўнае - час.
Эдуард ПІВАВАР, Масква,
БЕЛТА.