Каля 400 непаўналетніх грамадзян Беларусі з пачатку лета сутыкнуліся з праблемамі пры перасячэнні граніцы. Больш як палавіне з іх давялося перанесці або зусім адмяніць доўгачаканае падарожжа. Асноўная прычына зрыву дзіцячых паездак - няўважлівасць дарослых. Як пазбегнуць непрыемных сітуацый на граніцы і якія дакументы неабходны, калі вы адпраўляецеся за мяжу з дзецьмі, а таксама пра асаблівасці выезду за граніцу дзяцей-сірот расказаў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення пагранічнага кантролю Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі Алег Ляшук.
Якія дакументы павінна мець дзіця, якое выязджае за мяжу з бацькамі
Законам устаноўлена, што непаўналетнія грамадзяне Беларусі могуць выязджаць з краіны па сваіх дзеючых дакументах. "Пасведчання аб нараджэнні дзіцяці недастаткова, абавязкова патрэбны пашпарт, нават нованароджанаму. Маці або бацьку ж патрэбна праверыць усе дакументы, каб пераканацца, што з імі ўсё ў парадку. Неабходна пераканацца, што пашпарт не пратэрмінаваны і ёсць подпіс уладальніка - за выключэннем выпадкаў выдачы пашпарта грамадзяніну, які не дасягнуў чатырнаццацігадовага ўзросту. Павінна прысутнічаць змацаваны пячаткай подпіс службовай асобы дзяржаўнага органа, які выдаў пашпарт. Фатаграфія павінна адпавядаць узросту, і ў пашпарце аднаго з бацькоў павінен быць запіс аб дзіцяці", - расказаў Алег Ляшук.
Ён дадаў, што калі ў пашпарце няма запісу аб дзіцяці і часу да падарожжа зусім мала, то дакументам, які пацвердзіць статус законнага прадстаўніка, можа паслужыць арыгінал пасведчання аб нараджэнні. "Варта адзначыць, што пры выездзе дзіцяці з Беларусі ў суправаджэнні аднаго з бацькоў, натарыяльнай згоды ад другога не патрабуецца. Выключэнне складаюць выпадкі абмежавання судом выезду непаўналетняга без згоды другога законнага прадстаўніка", - падкрэсліў Алег Ляшук.
Што датычыцца маці, якія выхоўваюць сваё дзіця адны, то ім неабходна атрымаць даведку ў ЗАГСе. Яна называецца "даведка органа ЗАГСа, у якой змешчаны звесткі з запісу акта аб нараджэнні", калі запіс аб бацьках дзіцяці праведзены ў адпаведнасці з арт. 55 Кодэкса аб шлюбе і сям'і. У выпадку выезду за мяжу дзіцяці, якое выхоўвае маці-адзіночка, у самастойным парадку або ў суправаджэнні іншых асоб, то пры перасячэнні граніцы трэба мець вышэйназваную даведку, а таксама натарыяльную згоду ад маці.
Калі дзіця выязджае з бабуляй або іншымі сваякамі
Калі дзіця едзе на адпачынак без бацькоў, то з сабой у яго павінна быць пісьмовая згода на выезд ад абодвух яго законных прадстаўнікоў. Дакумент засведчваецца натарыусам або іншай службовай асобай, якая мае на гэта права. "Калі для аздараўлення за граніцу выязджае група дзяцей, то неабходна прад'явіць супрацоўніку органа пагранічнай службы іх спіс, завераны арганізацыяй, якая мае права на дзейнасць па аздараўленні дзяцей за мяжой, з дазволам Дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Беларусі. Крыху іншы парадак, калі група дзяцей накіроўваецца за мяжу для санаторна-курортнага лячэння з тэрыторыі зоны адсялення, зоны з правам на адсяленне і зоны пражывання з перыядычным радыяцыйным кантролем. У такім выпадку прад'яўляецца спіс дзяцей і асоб, якія іх суправаджаюць, зацверджаны кiраўнiком установы адукацыi або ўпраўлення (аддзела) адукацыі мясцовага выканаўчага і распарадчага органа", - растлумачыў прадстаўнік Дзяржпагранкамітэта. Пералік дакументаў падрабязна апісаны ў арт.14 закона аб парадку выезду і ўезду ў Беларусь грамадзян краіны.
Для атрымання медыцынскай дапамогі за мяжой супрацоўніку органа пагранічнай службы пры выездзе неабходна прад'явіць рашэнне камісіі па накіраванні грамадзян Беларусі за межы краіны для атрымання меддапамогі пры Міністэрстве аховы здароўя.
Аб выездзе за мяжу дзяцей-сірот
Каля 10 працэнтаў непаўналетніх, якія з пачатку лета сутыкнуліся з праблемамі пры перасячэнні граніцы - гэта дзеці-сіроты і тыя, што засталіся без апекі бацькоў. "Нагадваю, што ў выпадку выезду такіх дзяцей на вучобу за граніцу тэрмінам больш як 30 каляндарных дзён павінна быць прадстаўлена рашэнне мясцовага выканаўчага i распарадчага органа аб накіраванні непаўналетняга на вучобу за межы Беларусі. У выпадку ж выезду з краіны для аздараўлення, санаторна-курортнага лячэння або атрымання медыцынскай дапамогі дзіцяці трэба мець адзін з дакументаў, названых у арт.14 закона аб парадку выезду і ўезду ў Беларусь", - адзначыў Алег Ляшук.
Калі дзеці-сіроты або дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, едуць за мяжу па іншых падставах, неабходна прад'явіць копію загада ўпраўлення (аддзела) адукацыі мясцовага выканаўчага і распарадчага органа аб дазволе выезду з Беларусі непаўналетняга на вызначаны тэрмін.
"Дзяржпагранкамітэт выступіў з ініцыятывай перад Міністэрствам адукацыі даводзіць патрабаванні заканадаўства аб парадку выезду з краіны дзяцей-сірот і тых, што засталіся без апекі бацькоў, да службовых асоб упраўленняў адукацыi мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Мы лічым, што упраўленням і аддзелам адукацыі неабходна весці растлумачальную работу з апекунамі аб парадку выезду за граніцу іх падапечных", - дадаў Алег Ляшук.
Дзе можна атрымаць вычарпальную інфармацыю або кансультацыю наконт правіл і парадку перасячэння граніцы
З усёй неабходнай інфармацыяй можна азнаёміцца на партале Дзяржпагранкамітэта Беларусі - gpk.gov.by. На галоўнай старонцы ёсць раздзел "Перасячэнне граніцы з дзецьмі", з усімі патрабаваннямі па гэтым пытанні. З іншымі важнымі данымі аб перасячэнні граніцы можна азнаёміцца ў раздзеле "Правілы перасячэння граніцы". Найбольш тыповыя выпадкі падрабязна разгледжаны ў рубрыцы "Пытанні і адказы". Калі знайсці патрэбную інфармацыю не атрымліваецца, то можна адправіць пытанне на электронную пошту faq@gpk.gov.by.
Інфармацыя аб правілах перасячэння граніцы размяшчаецца і ў афіцыйных акаўнтах Дзяржпагранкамітэта ў сацыяльных сетках Вконтакте, Twitter, Facebook. "У сацсетках супрацоўнікі таксама адказваюць на зададзеныя пытанні. Калі ўсё ж засталіся пытанні або сумненні, можна патэлефанаваць у дзяжурную службу тэрытарыяльных органаў пагранічнай службы, тэлефоны якіх пазначаны на партале Дзяржпагранкамітэта ў адпаведных рубрыках. Паколькі сітуацыя і мэты паездкі бываюць розныя, то падстрахавацца не перашкодзіць. Варыянтаў дастаткова. Мы стараемся праводзіць растлумачальную работу, выкарыстоўваючы ўсе магчымыя інфармацыйныя сродкі", - сказаў на заканчэнне Алег Ляшук.
Павел ГОРБАЧ,
БЕЛТА.