Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
10 кастрычніка 2011, 14:29

ДЗЕ ІХ НАРОД?

Калі я стаяў пад парасонам у парку Дружбы народаў і назіраў за вартым жалю відовішчам, якое яго ўдзельнікі гучна назвалі "народным сходам", то чамусьці ўспомніў фільм Паўла Лунгіна "Цар". Там ёсць сцэна, дзе Іван Васільевіч мёрзне адзін на пустыннай плошчы, падрыхтаванай для масавых гулянняў, і разгублена пытаеца: "Дзе мой народ?"

Зрэшты, не - арганізатары акцыі зусім не падобныя на грознага рускага цара. Бязлюддзем уласных мерапрыемстваў іх не здзівіш і не проймеш. І на гэты раз любы аб'ектыўны наглядальнік пацвердзіў бы, што пад праліўным дажджом сабраліся не больш як 150-200 чалавек. Спроба арганізатараў дацягнуць гэту лічбу да тысячы выглядае і недарэчна, і непрыстойна адначасова. Адкуль тысяча? Зразумела, што яны залічылі журналістаў, якіх сабралася амаль столькі ж, колькі і саміх удзельнікаў. Але няўжо яны прылічылі да сваіх прыхільнікаў і сілавікоў у штацкім? У такім выпадку, гэта смелая з іх боку заява. І правяраць яе на практыцы я ім зусім не раіў бы.

8 кастрычніка на плошчы Бангалор з'явілася ўдарная гвардыя беларускай апазіцыі: Уладзімір Някляеў, Віталь Рымашэўскі, Мікіта Ліхавід, а яшчэ анархісты, нацболы. Кожны з прысутных скандзіраваў нешта сваё запаветнае. Свабода слова і сходаў у дзеянні! Пры гэтым зразумець, чаго ж яны хацелі ўсе разам, было зусім немагчыма. Мінскі гарвыканкам можна павіншаваць! Яго ідэя стварыць на перасячэнні вуліц Сурганава, Арлоўскай і Кульман своеасаблівы Гайд-парк поўнасцю ўдалася.

У астатніх гарадах Беларусі, за межамі Мінска, "народны сход" і зусім быў падобны на выпадковую сустрэчу на вуліцы старых знаёмых.

Сама назва "народны сход" дэманструе творчую бездапаможнасць і ўбогасць ідэйнага базісу апазіцыйных паліттэхнолагаў. І без усялякага бляску. Яны не знайшлі нічога лепшага, як тапорна перадраць брэнд, які сімвалізуе айчыннае народаўладдзе - Усебеларускі народны сход, а атрымалася банальная сходка па інтарэсах.

Ды і чаму людзі павінны былі адгукнуцца на заклікі нейкіх малавядомых дзеячаў? Ініцыятары "сходу" прапаноўвалі сабрацца, каб абмеркаваць актуальныя пытанні жыцця беларускіх грамадзян. А хто ім сказаў, што з імі ўвогуле хто-небудзь будзе што-небудзь абмяркоўваць? Якія паўнамоцтвы яны маюць? Як могуць паўплываць на змяненне эканамічнай сітуацыі? Увогуле, як яны могуць на што-небудзь паўплываць?

І ўсё ж пана Івашкевіча і яго кампанію можна павіншаваць з відавочным поспехам. Вядома, размова ідзе выключна аб іх персанальным поспеху. Яны заліхвацкі правярнулі даволі прыбытковы бізнес-праект. Мяркуйце самі, якая сума была распілена арганізатарамі за адносна каротнкі тэрмін. Заснаваны аргкамітэт (як відаць, са штатным раскладам), у СМІ замільгацелі нейкія прывідныя "актывісты народнага сходу" ў рэгіёнах. Гэта значыць спатрэбіліся сродкі для стварэння такой сеткі. Зразумела, змайстравалі сайт, які таксама трэба ўтрымліваць. Нарэшце, друкаваная прадукцыя (лістоўкі, банеры, плакаты і г.д) з заклікам прыйсці на мерапрыемства, якое абяцала стаць апафеозам апазіцыйнага руху гэтай восенню. Аб тым, што грошы былі менавіта распілены без усялякага практычнага выніку, сведчыць наступны факт. Літаральна напярэдадні на інтэрнэт-форумах з'явіліся гнеўныя запісы наведвальнікаў, якія абураліся адсутнасцю якой-небудзь мабілізацыйнай кампаніі папярэдадні акцыі. У адказ, для адмазкі, на апазіцыйных сайтах былі размешчаны фатаграфіі агітацыйна-прапагандысцкай прадукцыі, выпушчанай спецыяльна пад "сход". Але хто бачыў усю гэту макулатуру ў рэальнасці? А колькі такіх лістовак прайшло па фінансавых дакументах і было аплачана за кошт атрыманых з-за мяжы грантаў? Дзясяткі або сотні тысяч?

Адзін з арганізатараў правальнага мерапрыемства Генадзь Фядыніч сказаў, што яны апынуліся ў гета. Што ж, ён мае рацыю. Але кожны сам для сябе стварае ўласнае гета, якое абмежавана індывідуальнымі страхамі і стэрэатыпамі, забабонамі і комплексамі. Так і нашы апазіцыянеры, адгарадзіўшыся ад астатняга грамадства, стварылі своеасаблівае ўнікальнае гета. Даволі сытнае і камфортнае, але жыхары якога ўсё больш страчваюць сувязь з рэчаіснасцю, усё менш могуць адэкватна рэагаваць на тое, што адбываецца навокал. Таму на якую народную падтрымку яны разлічваюць?

У любым выпадку ўсе гэтыя "сеткавыя рэвалюцыі", "народныя сходы" (што яны там яшчэ прыдумаюць?) маюць вялікае станоўчае значэнне. Яны, як пыласос, высмоктваюць тыя праславутыя 80 мільёнаў еўра, якія былі выдзелены Захадам на звяржэнне канстытуцыйнага ладу ў нашай краіне. Грошы канчаюцца, а выніку няма. Зрэшты, гэта і ёсць даволі пазітыўны і пераканаўчы вынік. Для самой Беларусі.

Калі я вяртаўся з гэтага правальнага мерапрыемства, разважаючы пра горкі лёс няўдачлівых беларускіх апазіцыянераў, то праязджаў міма асенняга кірмашу каля Палаца спорту. Нягледзячы на дождж, было мнагалюдна. Дарослыя рабілі пакупкі, побач гулялі дзеці. Жыццё прадаўжалася, людзі займаліся сваімі праблемамі, і ім не было ніякай справы ні да апазіцыі, ні да яе заклікаў. Сход асобна. Народ асобна.

Вадзім ГІГІН,
БЕЛТА.
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі