Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
24 лютага 2012, 14:53

ДАХОДЫ АД РАСХОДАЎ

Прыдарожны сэрвіс Беларусі плануюць зрабіць прывабным для турыстаў

Прыдарожны сэрвіс нараўне з турызмам можа стаць для Беларусі адной з сур'ёзных крыніц паступлення валюты. Жадаючых ацаніць хараство прыроды нашай краіны і яе выдатныя мясціны сярод замежных грамадзян сёння дастаткова. Аднак якасць прадастаўляемых прыдарожнымі аб'ектамі паслуг, нягледзячы на некаторае паляпшэнне, усё яшчэ не дацягвае да міжнародных стандартаў. Замежныя госці не хочуць плаціць за дрэннае абслугоўванне. У выніку валютныя патокі, якія маглі б асесці ў Беларусі дзякуючы прыезджым турыстам, праходзяць міма. А значыць, страчвае і эканоміка. Як змяніць сітуацыю і зрабіць прыдарожны сэрвіс больш прывабным, абмяркоўвалі нядаўна ў Мінску на сумеснай калеіі Мінтранса, Мінгандлю і Мінспорту і турызму.

Дыскусія ў такім фармаце была арганізавана не выпадкова: праблем назбіралася нямала, сумеснымі намаганнямі вырашаць іх атрымліваецца хутчэй. Гэта адзначыў міністр транспарту і камунікацый Іван Шчэрба, адкрываючы пасяджэнне калегіі. "Пачынаючы з 2011 года Мінтранс сумесна з іншымі міністэрствамі і ведамствамі вядзе бесперапынны дыялог па пытаннях далейшага развіцця прыдарожнага сэрвісу, - нагадаў ён. - Увайшло ў практыку дзяліцца меркаваннямі і праблемамі ў час сумесных нарад".

У студзені ў час аднаго з пасяджэнняў Прэзідыума Саўміна Міністэрства транспарту і камунікацый было раскрытыкавана з боку ўрада пры разглядзе пытанняў развіцця прыдарожнага сэрвісу на рэспубліканскіх аўтадарогах. Перад Мінтрансам, аблвыканкамамі і іншымі дзяржорганамі былі пастаўлены дакладныя задачы і зададзены напрамак работы на 2012 і наступныя гады. "Усе павінны разумець важнасць праводзімай намі работы па прычынах значнага змянення сітуацыі ў цэлым, - падкрэсліў Іван Шчэрба. - Размова ідзе аб інтэграцыйных аб'яднаннях, у якія ўступае Беларусь, адкрыцці дадатковых рынкаў для тавараў і паслуг, павелічэнні транзітнага перамяшчэння турыстаў і грузаў па тэрыторыі нашай краіны". Акрамя таго, ужо даволі хутка - у 2014 годзе - у Беларусі пройдзе чэмпіянат свету па хакею, які прыцягне вялікую колькасць турыстаў.

Сёння ў Беларусі працуе 1091 аб'ект прыдарожнага сэрвісу, у тым ліку амаль 400 АЗС, 441 аб'ект грамадскага харчавання. Іх сетка пастаянна абнаўляецца. Штогод колькасць аб'ектаў грамадскага харчавання на аўтадарогах прырастае ў сярэднім на 6,5 працэнта. За 2011 год іх адкрыта 43. Найбольш дынамічна развіваецца інфраструктура прыдарожнага сэрвісу ў Мінскай і Віцебскай абласцях. Аднак, нягледзячы на станоўчыя тэндэнцыі, ёсць і адваротны бок медаля: прыдарожныя пункты размешчаны на аўтадарогах нераўнамерна і канцэнтруюцца пераважна паблізу гарадоў. Напрыклад, на трасе М1 у Кобрынскім, Бярозаўскім, Івацэвіцкім раёнах ёсць участкі аўтадарог, на якіх аб'екты харчавання размяшчаюцца адзін ад аднаго на адлегласці 60-70 км, хоць па нормах гэта адлегласць павінна складаць 30-40 км. А на дарозе з Пінска ў Лунінец такія аб'екты наогул адсутнічаюць.

Акрамя таго, далёка не ўсе прыдарожныя аб'екты могуць прапанаваць турыстам шырокі комплекс паслуг, абмяжоўваючыся толькі прадастаўленнем харчавання. Хоць на рынку паслуг выйграюць сёння тыя, хто можа забяспечыць комплекснае абслугоўванне сваіх кліентаў.

Менавіта па такому прынцыпу развіваецца большасць прыдарожных аб'ектаў за мяжой, падкрэсліў міністр гандлю Валянцін Чаканаў. Папулярнасцю карыстаецца прыдарожны сэрвіс, які аб'ядноўвае аб'екты грамадскага харчавання і гандлю, АЗС, стаянкі, пункты аказання рамонтных паслуг і гэтак далей. На думку міністра, Беларусі варта ўзяць курс на развіццё менавіта такіх аб'ектаў. "Яны павінны быць комплекснымі, каб вадзіцель тут мог не толькі паесці, але і адпачыць, прыняць душ, пераначаваць, а ў выпадку неабходнасці - адрамантаваць свой аўтамабіль, - адзначыў ён. - На жаль, такіх аб'ектаў пакуль недастаткова". Вельмі мала на дарогах і пунктаў сувенірнай прадукцыі. А ўсе гэтыя аб'екты ствараюць у турыстаў агульнае ўяўленне аб краіне.

У Мінгандлі лічаць, што для павышэння прывабнасці прыдарожнага сэрвісу патрэбны комплексныя меры - па паляпшэнню знешняга выгляду гандлёвых залаў, адносін да кліентаў з боку абслуговага персаналу.

Адной з галоўных праблем галіны застаецца неэфектыўнае развіццё сістэмы безнаяўных разлікаў. Толькі 50 працэнтаў гандлёвых аб'ектаў на аўтадарогах прадастаўляюць магчымасць аплаты паслуг з выкарыстаннем банкаўскіх пластыкавых картак. У сувязі з гэтым першы намеснік міністра гандлю Аляксандр Забела прапанаваў падрыхтаваць дапаўненні ў адпаведную пастанову ўрада і Нацбанка, каб абавязаць усе аб'екты прыдарожнага сэрвісу ўстанаўліваць плацежныя тэрміналы для безнаяўнай аплаты паслуг. "У Еўропе да гэтага прывыклі, там усе маюць і карыстаюцца пластыкавымі карткамі. Мы павінны прыняць меры, каб усе аб'екты на трасе мелі плацежны тэрмінал, - дадаў ён. - Акрамя таго, нам трэба ставіць пытанне перад Нацбанкам аб аплаце такіх паслуг за замежную валюту, каб кожны, хто да нас прыязджае, змог без праблем расплачвацца і не шукаць, дзе абмяняць свае грошы".

Усе гэтыя праблемы патрабуюць хутчэйшага вырашэння, асабліва з улікам уваходжання Беларусі ў Адзіную эканамічную прастору. АЭП адкрывае новыя магчымасці для развіцця прыдарожнага сэрвісу, у тым ліку ў частцы прыцягнення ў Беларусь буйных замежных кампаній. Патэнцыяльныя інвестары праяўляюць ужо цікавасць да стварэння аб'ектаў сэрвісу на тэрыторыі рэспублікі, расказаў першы намеснік дырэктара дэпартамента "Белаўтадар" Мінтранса Юрый Масюк. Такія праекты гатовы выконваць расійскія нафтаперапрацоўчыя кампаніі "ТНК-ВР", "Татнафта", "Газпрамнафта". У выпадку іх прыходу на беларускі рынак канкурэнцыя ў сферы паслуг прыдарожнага сэрвісу ўзрасце. Арганізацыі галіны павінны будуць прыцягваць спажыўцоў дадатковымі паслугамі і якасцю абслугоўвання. І гэта толькі на руку дзяржаве.

У "Белаўтадары" ўпэўнены, што Беларусь мае ўсе перадумовы для моцнага рыўка ў стварэнні сапраўды сучаснай сеткі прыдарожнага сэрвісу на рэспубліканскіх дарогах у бліжэйшыя 3-4 гады. Да канца 2015 года на аўтадарогах краіны запланавана ўвядзенне ў эксплуатацыю больш як 100 новых аб'ектаў харчавання. Важна дапамагчы іх развіццю, і для гэтага неабходна не толькі ўдасканаліць заканадаўчую базу, але і звесці да мінімуму бюракратычныя затрымкі. Менавіта яны часта становяцца прычынай зацягвання такіх праектаў. З-за непаваротлівасці чыноўнікаў бізнесмены часам не вытрымліваюць і зусім адмаўляюцца ад запланаваных работ.

Усё гэта стрымлівае развіццё галіны, лічыць і намеснік міністра спорту і турызму Часлаў Шульга. "Калі прынялі норму, чакаем паўгода ці год, пакуль яна рэалізуецца, а сёння ж бізнес настолькі дынамічна развіваецца і патрабаванні часу такія, што мы павінны хутчэй на ўсё рэагаваць", - упэўнены ён. У якасці прыкладу намеснік міністра прывёў вопыт Германіі, якая, прааналізаваўшы, што турысты пакідаюць занадта мала грошай у аб'ектах сэрвісу на адной з галоўных трас краіны, прыняла рашэнне аб кругласутачнай рабоце такіх аб'ектаў. Гэта ініцыятыва пайшла на карысць: справы ў прыдарожных магазінаў і кафэ пайшлі лепш.

Акрамя таго, Германія ўдзяляе вялікую ўвагу інфармацыйнаму забеспячэнню галіны. Там працуюць спецыяльныя радыё- і відэаканалы, якія даюць магчымасць карыстальнікам транспартных магістралей і аўтадарог заказаць тую ці іншую паслугу (начлег, тэхдапамогу) па дарозе. "У гэтай частцы нам можна было б падумаць і паглядзець, як падцягнуцца, - сказаў Часлаў Шульга. - Сеткавы свет самы мабільны і аб'ёмны, але наколькі мы выкарыстоўваем яго для таго, каб прыцягнуць турыста ў прыдарожны сэрвіс? Трэба ацаніць магчымасці вываду беларускага прыдарожнага сэрвісу ў інтэрнэт-прастору".

Не хапае на беларускіх дарогах інфармацыйных знакаў, якія выступаюць праваднікамі для прыезджых гасцей. Намеснік міністра прапанаваў у 2012 годзе абсталяваць такімі знакамі на карычневым фоне ўсе аўтамабільныя дарогі, якія злучаюць Мінск з абласнымі цэнтрамі, а ў 2013 годзе - ўсе дарогі рэспубліканскага значэння.

У час пасяджэння сумеснай калегіі міністэрстваў кожны з яго ўдзельнікаў прапанаваў свой рэцэпт паляпшэння якасці паслуг і прывабнасці прыдарожнага сэрвісу. Засталося рэалізаваць задуманае. І часу для гэтага засталося зусім няшмат: у 2014 годзе Беларусь прыме чэмпіянат свету па хакею, і на той момант прыдарожны сэрвіс краіны павінен выглядаць дастойна.

Вольга БЯЛЯЎСКАЯ
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі