Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
14 мая 2012, 13:39

БЕСПРЫТУЛЬНАЯ КВАКТУХА

Інфраструктура падтрымкі прадпрымальніцтва ў Беларусі маштабная, але малаэфектыўная

Ёсць грошы, але няма ідэй? Тады вам у банк. Ніводны бізнес у Беларусі сёння не забяспечвае такой даходнасці, як дзеючыя стаўкі па дэпазітах. А калі ёсць ідэі, але няма грошай? Тады варта пашукаць адрас найбліжэйшага бізнес-інкубатара. Уласна кажучы, для гэтага яны і створаны: дапамагчы трансфармаваць дзелавую ініцыятыву ў бездакорны бізнес-план, з якім можна смела ісці за банкаўскім крэдытам.

У Беларусі сёння дзейнічае 76 цэнтраў падтрымкі прадпрымальніцтва і 16 бізнес-інкубатараў. Усе яны з'яўляюцца элементамі дзяржпраграмы падтрымкі прадпрымальніцтва. Мінэканомікі рэгулярна дакладвае аб адкрыцці чарговага фарпоста айчыннага бізнесу. Але ўклад іх у айчынную эканоміку пакуль мікраскапічны. У 2011 годзе інфраструктура падтрымкі прадпрымальніцтва дала магчымасць стварыць 313 рабочых месц. Са сцен бізнес-інкубатара ў мінулым годзе выпырхнулі 64 суб'екты малога прадпрымальніцтва. На фоне 4,5-мільённай арміі працы Беларусі - вельмі малыя лічбы.

Як працуе тыповы бізнес-інкубатар? Варта набраць у Інтэрнэце пытанне "як пачаць сваю справу ў Беларусі?", і, хутчэй за ўсё, у першай дзясятцы прапанаваных спасылак будзе змешчаны адрас аднаго з айчынных бізнес-інкубатараў. Акрамя таго, адрас гадавальніка для будучых прадпрымальнікаў абавязкова паведамяць пры рэгістрацыі юрыдычнай асобы ў райвыканкаме. Трэці шлях - водзывы знаёмых.

Тутэйшыя кліенты - гэта тыповыя стартапы. Першая і несумненная добрая якасць бізнес-інкубатара - навічкам тут прапануюць у арэнду плошчы па льготных стаўках.. Ад 6 да 9 еўра за 1 кв.м. Для параўнання: у камерцыйных бізнес-цэнтрах кошт арэнды складае 10-25 еўра за 1 кв.м. Пачынаючы прадпрымальнік бясплатна атрымае навучальныя семінары, азнаёміцца з азамі складання бізнес-планаў, адкрые для сябе тонкасці маркетынгу. Уласна кажучы, пасля гэтага ён ужо можа адпраўляцца ў самастойнае плаванне. Або пры жаданні затрымацца пад крылом квактухі. Цяпер ужо на платнай аснове пачынаючы бізнесмен можа разлічваць на кансалтынгавыя паслугі. Яму падкажуць, як набыць нерухомую маёмасць, аформіць карыстанне зямельным участкам, дапамогуць знайсці персанал.

У гэтым выпадку апісана тыповая схема работы аднаго з першых у краіне бізнес-інкубатараў ЗАТ "МАП-ЗАТ" у Калодзішчах (Мінскі раён). Генеральны дырэктар Сяргей Найдовіч лічыць, што чалавек, які пераступае парог бізнес-інкубатара, у першую чаргу павінен мець унутраны імпульс стварыць нешта новае. Аднаго жадання разбагацець будзе малавата. "Да нас часам прыходзяць людзі, якія гавораць: у мяне ёсць грошы, хачу іх куды-небудзь укласці і зарабіць. Такім мы сумленна адказваем: сёння на дэпазітах можна зарабіць больш, чым на любым прадпрымальніцкім напрамку, - расказвае Сяргей Найдовіч. - Калі ж чалавек жадае ўкласці сродкі ў вытворчы або паслугавы праект, мы пачынаем з ім працаваць. Але калі няма грошай, а ёсць энергія і жаданне, гэта таксама наш кліент. Працуем разам з ім над эканамічнымі разлікамі, маркетынгам, прававым забеспячэннем. У банк ён ідзе ўжо з гатовым бізнес-планам".

Сярэдні тэрмін апекі над пачынаючымі прадпрымальнікамі складае каля трох гадоў. Зрэшты, строгіх правіл наконт гэтага няма. "Калі мы бачым , што наш выхаванец памяняў "Жыгулі" на "Мерседэс", але пры гэтым усё яшчэ просіць прадоўжыць ільготную арэнду, мы ўсё-такі будзем павышаць яму стаўку. Будзем лічыць, што птушаня ўжо пасталела", - заўважае Сяргей Найдовіч.

Ацаніць эфектыўнасць работы бізнес-інкубатара дастаткова складана, прызнаецца кіраўнік ЗАТ "МАП-ЗАТ". З 1998 года праз гэты бізнес-інкубатар прайшлі каля 700 юрыдычных асоб. Сяргей Найдовіч лічыць, што ўсе яны да гэтага часу застаюцца ў бізнесе. Тыя, у каго справы ідуць добра, у бізнес-інкубатар паўторна не звяртаюцца. У каго не склалася - тым больш аб сабе не нагадваюць.

ЗАТ "МАП-ЗАТ" - прыватнае прадпрыемства. У агульнай інфраструктуры падтрымкі прадпрымальніцтва недзяржаўныя структуры складаюць 75 працэнтаў, яшчэ 16 працэнтаў - камунальныя прадпрыемствы, 9 працэнтаў - прадпрыемствы рэспубліканскай уласнасці. Асноўныя даходы бізнес-інкубатарам прыносяць паслугі па арэндзе і кансалтынгу. Заканадаўства не ўстанаўлівае для суб'ектаў інфраструктуры падтрымкі прадпрымальніцтва спецыяльных ільгот, аднак кожны бізнес-інкубатар можа разлічваць на атрыманне гранта з рэгіянальных бюджэтаў у рамках дзяржпраграмы па падтрымцы бізнесу. Ільгота дастаткова эфемерная, таму кожны такі суб'ект для падстрахоўкі павінен мець так званы якарны бізнес, што прыносіць стабільныя даходы. Калі такіх даходаў няма, лёс бізнес-інкубатара залежыць ад многіх выпадковасцей. Напрыклад, у Брэсце мясцовы бізнес-інкубатар так і не змог звесці канцы з канцамі і закрыўся.

У ідэале бізнес-інкубатар павінен прадастаўляць сваім кліентам разнастайныя офісныя паслугі: карыстанне аргтэхнікай, сродкамі тэлекамунікацый (тэлефон, тэлефакс, Інтэрнэт), цэнтралізаваную службу сакратарыяту, прадастаўленне перагаворнага пакоя. Далёка не адразу фірма-навічок можа ўтрымліваць свайго бухгалтара.

Такім чынам, для пачынаючага прадпрымальніка дапамога, якую ён атрымлівае ў бізнес-інкубатары, - сур'ёзная эканомія на выдатках. Але ці атрымлівае стартуючы прадпрымальнік уласна бізнес-навыкі? Далёка не заўсёды. Асабліва бурна расце колькасць бізнес-інкубатараў у Мінску. Сёння іх ужо восем - гэта палавіна ад агульнай іх колькасці ў Беларусі. Разгадка інкубатарнага буму простая: буйныя сталічныя дзяржзаводы ахвотна запрошваюць статус бізнес-інкубатара, вырашаючы адначасова некалькі праблем. Пазбаўляюцца ад галаўнога болю наконт пустуючых і неэфектыўна выкарыстоўваемых плошчаў, паколькі міністэрства спытае за гэта строга. А выпрашаны статус бізнес-інкубатара дае магчымасць прэтэндаваць на сродкі з дзяржпраграмы і ў той жа час прыцягваць арандараў нізкімі стаўкамі. Ніякіх іншых паслуг такія псеўдаінкубатары пакуль прапанаваць не могуць. Гэтым шляхам пайшлі сталічныя прадпрыемствы ЗАТ "Мінскі інструментальны завод", ВРУП "Завод "Эталон", ААТ "Завод "Электроніка", ААТ "Завод сродкаў комплекснай аўтаматызацыі".

"Часта бізнес-інкубатары заяўляюць шырокі набор паслуг, але далёка не заўсёды іх аказваюць, - гаворыць дырэктар Бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага Жанна Тарасевіч.- У штаце гэтых структур элементарна не хапае спецыялістаў. Нізкая зарплата не дае магчымасці прыцягнуць кваліфікаваных бізнес-трэнераў. Два-тры чалавекі, якія непасрэдна займаюцца стартапамі, не могуць якасна забяспечыць кожнаму з кліентаў маркетынгавыя даследаванні, кансалтынгавыя і бухгалтарскія паслугі, прававую дапамогу, падтрымку ў субкантрактацыі".

Трэба разумець, што кліентура бізнес-інкубатараў - народ пераважна малаплацежаздольны. Парог часцей за ўсё пераступаюць учарашнія студэнты, беспрацоўныя, словам, людзі, якія вырашылі пачынаць з нуля. Бюджэтныя сродкі, што выдзяляюцца нацыянальнай інфраструктуры падтрымкі прадпрымальніцтва, увогуле невялікія. У 2011 годзе дзяржпраграма адпусціла на гэтыя мэты Br2,133 млрд.

Жанна Тарасевіч упэўнена, што бюджэтная дапамога цэнтрам і бізнес-інкубатарам можа быць павялічана. Але размяркоўвацца яна павінна на прынцыпова іншай аснове. "Дзяржзаказ бізнес-інкубатарам павінен змяшчаць канкрэтную лічбу колькасці бізнесаў (юрыдычных асоб), якія абавязваецца стварыць гэта структура. Дзяржзаказ таксама можа ўключаць колькасць новых рабочых месц у рэгіёне", - гаворыць яна.

Дэкрэт нумар 6 "Аб стымуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці на тэрыторыі сярэдніх, малых гарадскіх пасялішчаў, сельскай мясцовасці", па сутнасці, мае надзвычайны характар. Паколькі льготы ён прадастаўляе беспрэцэдэнтныя. Аналаг вызвалення ад падаткаў на 7 гадоў у еўрапейскай практыцы знайсці цяжка. Красамоўнае сведчанне таго, якую важнасць надае ўлада развіццю прыватнай ініцыятывы. Такая ж рашучасць аб'ектыўна спатрэбіцца і ў мадэрнізацыі падтрымкі прадпрымальніцтва у краіне.

Ігар ФІЛІПЕНКА
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі