Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
27 лютага 2019, 17:27
Аляксей Яркавец

Белстат растлумачыў, як падлічваецца інфляцыя

Аляксей Яркавец
Начальнік галоўнага ўпраўлення статыстыкі цэн

Гаварыць аб складаных эканамічных паняццях даступнай для абывацеля мовай можна і трэба. Як насельніцтва, так і журналісты часам робяць памылкі, падмяняюць паняцці і ствараюць міфы, далёкія ад рэчаіснасці. Каб пазбегнуць такіх казусаў, Нацыянальны статыстычны камітэт, супольніцтва "Адкрытыя даныя" і Press Club Belarus арганізавалі серыю публічных лекцый аб статданых Беларусі. Першая з іх была прысвечана інфляцыі. У якасці спікера выступіў начальнік галоўнага ўпраўлення статыстыкі цэн Аляксей Яркавец. Прадстаўнік Белстата падрабязна растлумачыў, як збіраецца і інтэрпрэтуецца статыстыка, неабходная для разліку змянення цэн у краіне.

Інфляцыя - змяненне ў часе кошту пэўнага ўстаноўленага набору тавараў і паслуг асабістага карыстання. Афіцыйны паказчык інфляцыі ў Беларусі - гэта індэкс спажывецкіх цэн (ІСЦ). Разлік ІСЦ ва ўсім свеце грунтуецца на адзіных прынцыпах і правілах, якія распрацавалі міжнародныя арганізацыі для статыстычных ведамстваў. У пачатку 1990-х гадоў Белстатам сумесна з прадстаўнікамі Міжнароднага валютнага фонду ў нашай краіне была распрацавана метадалогія, якой дагэтуль карыстаюцца пры разліку ІСЦ. Вядома, з цягам часу гэтыя правілы ўдасканальваліся, але ў аснове ўсё тыя ж прынцыпы.

Усім цыклам ацэнак і апрацоўкі даных займаюцца супрацоўнікі органаў дзяржаўнай статыстыкі. Збіраюць і рэгіструюць цэны па ўсёй краіне 88 рэгістратараў. Яны фіксуюць цэны ў 31 населеным пункце (Мінск, абласныя цэнтры, а таксама некаторыя сярэднія і малыя гарады). Выбарка фарміравалася так, каб гэтыя гарады не знаходзіліся побач і захоплівалі тэрыторыю краіны з поўначы на поўдзень і з захаду на ўсход, а таксама больш за 50 працэнтаў насельніцтва з агульнай доляй гарадскога - больш за 70 працэнтаў. Спіс населеных пунктаў застаецца нязменным. У сельскай мясцовасці цэны не фіксуюцца. Лічыцца, што там усе змяненні кошту тавараў і паслуг адбываюцца па аналогіі з гарадамі з невялікай часавай затрымкай.

У спісе назірання рэгістратараў значацца больш за 8 тыс. базавых аб'ектаў: магазіны, гандлёвыя цэнтры, гарадскія рынкі, кафэ, рэстараны, а таксама арганізацыі, якія аказваюць іншыя паслугі. Галоўнае - адпаведнасць пунктаў, за якімі ідзе назіранне, устаноўленым крытэрыям. Напрыклад, гэтыя аб'екты павінны быць розных форм уласнасці, знаходзіцца ў розных частках горада, арыентавацца на масавага спажыўца. І не менш важна, каб тавары і паслугі ў іх былі прадстаўлены ў шырокім асартыменце і рэгулярна. У работнікаў гандлю рэгістратары атрымліваюць інфармацыю аб частаце рэалізацыі пэўных тавараў і паслуг. Бо каб трапіць у выбарку назіраемых аб'ектаў, тавар павінен карыстацца найбольшым попытам. Спіс арганізацый, з якімі працуюць рэгістратары, пастаянна абнаўляецца.

Асновай разліку ІСЦ з'яўляецца структура расходаў дамашніх гаспадарак. Белстат абследуе больш за 6 тыс. дамашніх гаспадарак у сельскай і гарадской мясцовасці, з розным складам сям'і. Далей фарміруецца ўсярэдненая структура спажывецкіх расходаў. Калі ўдзельная вага патрачаных сродкаў на пэўныя тавары і паслугі ў спажывецкім кошыку за год перавышае 0,01 працэнта - яны трапляюць у выбарку для далейшага назірання.

Цэны збіраюцца з 10-га па 30-е чысло кожнага месяца. Для разліку ІСЦ за гэты перыяд рэгістратарамі фіксуюцца больш за 67 тыс. цэнавых каціровак (цана, тарыф на пэўны тавар або паслугу). Ад велічыні населенага пункта залежыць колькасць даследуемых цэн на пэўны тавар. Напрыклад, у Мінску ўлічвацца будуць не менш за дзесяць пазіцый тавару (напрыклад, цэны на малако дзесяці розных вытворцаў), а ў Гомелі ў разлік возьмуць толькі сем пазіцый. У поле назірання рэгістратараў трапляюць тавары як штодзённага, так і нерэгулярнага попыту. Улічваюцца і расходы на алкаголь і тытунёвыя вырабы. Зыходзячы са змянення густаў насельніцтва, штогод пераглядаецца спажывецкі кошык. У бягучым годзе ў гэтым спісе прыбавілася 14 пазіцый (дзіцячае харчаванне, мультыварка, навучальныя курсы), не будуць браць у разлік CD-дыскі і дываны.

Важна разумець, што штомесяц параўноўваюцца цэны на адны і тыя ж тавары і паслугі ў аднолькавых магазінах з ідэнтычнымі характарыстыкамі. Калі тавару няма ў продажы, для параўнання бярэцца кошт запаснога тавару. Далей выводзіцца сярэдняя (геаметрычная) цана за справаздачны і папярэдні перыяды. Параўноўваючы гэтыя два паказчыкі, супрацоўнікі Белстата атрымліваюць індэкс змянення цэн на тавар у канкрэтным горадзе. Пры разліках сярэдняй цаны на тавар па рэспубліцы выкарыстоўваюцца сярэднія цэны на яго па кожнай вобласці і Мінску і доля колькасці насельніцтва кожнага рэгіёна ў агульнай колькасці насельніцтва Беларусі, скарэкціраваная на сярэднедушавое спажыванне пэўнага рэгіёна. Індэксы цэн выводзяцца па аналагічным прынцыпе, толькі замест сярэдніх цэн выкарыстоўваюцца індэксы цэн.

Усе атрыманыя даныя публікуюцца на сайце Белстата. Акрамя таго, на гэтай жа інтэрнэт-пляцоўцы можна знайсці калькулятар персанальнай інфляцыі, які дапаможа кожнаму прааналізаваць, як змяняюцца цэны на ўзроўні сваёй дамашняй гаспадаркі. Дарэчы, паводле назіранняў супрацоўнікаў органаў статыстыкі, адчувальная інфляцыя прыкладна ў два разы перасягае рэальную. Гэта тлумачыцца тым, што мы ў першую чаргу звяртаем увагу на змяненне цэн на тавары і паслугі паўсядзённага карыстання і радзей заўважаем павелічэнне цэн на тое, што запатрабавана значна радзей.

Марыя ШНА,

БЕЛТА.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі