Долю безнаяўнага грашовага абароту ў сферах рознічнага гандлю і паслуг у Беларусі да 2016 года плануецца павялічыць прыкладна ў чатыры разы - да 50 працэнтаў. Інакш кажучы, праз тры гады беларусы будуць ажыццяўляць палавіну рознічных пакупак і аплачваць такі ж працэнт паслуг без прымянення наяўных грошай. Пры гэтым нагрузка на плацежны тэрмінал для правядзення безнаяўных разлікаў павінна скласці не больш за 160 картак. У Нацыянальным банку адзначаюць, што зададзеная мэта даволі амбіцыйная, але гэта яшчэ не мяжа. Напрыклад, у Еўрасаюзе доля наяўных грашовых сродкаў у агульнай грашовай масе ў сярэднім складае 10 працэнтаў, у некаторых краінах - Даніі, Харватыі, Эстоніі, Бразіліі, Турцыі - менш за 10 працэнтаў. У эканоміцы Швецыі, паводле даных Банка міжнародных разлікаў, наяўныя грашовыя сродкі складаюць толькі 3 працэнты. Для развіцця ў Беларусі сістэмы безнаяўных рознічных разлікаў распрацаваны з улікам міжнароднай практыкі праект дзяржаўнай праграмы на 2013-2015 гады, якую плануецца прыняць да канца года. Дакумент змяшчае цэлы комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на стварэнне ўмоў для разлікаў у сферы рознічнага гандлю і паслуг пераважна ў безнаяўнай форме.
Станоўчы эфект ад рэалізацыі праграмы адчуюць на сабе не толькі арганізацыі гандлю, банкаўская сістэма, дзяржаўныя органы, але і насельніцтва. Менш давядзецца траціць асабістага часу на аплату розных відаў паслуг, знізіцца рызыка аграблення або крадзяжу, пашырацца магчымасці атрымання дадатковага даходу - з дапамогай ашчадных картак, бонусных, накапляльных і іншых праграм. Ды і відавочная зручнасць выкарыстання.
У рамках рэалізацыі дзяржпраграмы плануецца, у першую чаргу, пашырыць прадугледжаны заканадаўствам пералік аб'ектаў, у якіх павінны ўстанаўлівацца плацежныя тэрміналы. Таксама прапануецца прымяняць дыферэнцыраваны падыход пры вызначэнні арэнднай платы для памяшканняў, у якіх устаноўлена або адсутнічае тэрмінальнае абсталяванне для прыёму плацяжоў у безнаяўнай форме. Пры гэтым права выбару безнаяўнай аплаты тавару, работы або паслугі плануецца прадаставіць спажыўцу на заканадаўчым узроўні. Будзе арганізаваны пераважна кругласутачны доступ уладальнікаў картак да інфакіёскаў і банкаматаў.
Аўтары праграмы прапануюць і іншыя мерапрыемствы для павелічэння долі безнаяўных разлікаў у розніцы. Так, плануецца падключыць новых разліковых і плацежных агентаў, вытворцаў паслуг да адзінай разліковай і інфармацыйнай прасторы (АРІП), пашырыць пералік паслуг, якія прадастаўляюцца да безнаяўнай аплаты. Будзе прапрацавана пытанне ўкаранення бескантактных тэхналогій пры правядзенні насельніцтвам разлікаў у безнаяўнай форме, уключаючы пытанне аплаты праезду ў грамадскім транспарце. Задумана правядзенне сацыяльных акцый з прыцягненнем банкаў, міжнародных і ўнутраных плацежных сістэм, накіраваных на павелічэнне долі безнаяўных разлікаў па рознічных плацяжах і павышэнне фінансавай дасведчанасці насельніцтва.
Аднак найбольшы рэзананс у грамадскасці выклікала прапанова Нацбанка ўстанавіць патрабаванне аб аплаце ў безнаяўным парадку рознічных тавараў і паслуг, кошт якіх у 100 і больш разоў перавышае памер базавай велічыні, гэта значыць складае больш за Br10 млн. (звыш 900 еўра). Дарэчы, такая практыка існуе ўжо ў многіх замежных краінах. Так, у Італіі ўведзена забарона на аплату наяўнымі грашамі пакупак на суму, якая перавышае 1 тыс. еўра, у Грэцыі - на суму звыш 1,5 тыс. еўра, у Францыі - больш за 3 тыс. еўра. Гэту ініцыятыву падтрымліваюць у Расіі з Украінай, задумаліся аб ёй у Літве. У комплексе з такой мерай у Беларусі плануецца выключыць магчымасць выплаты спажыўцу наяўных грашовых сродкаў у выпадку вяртання дарагой пакупкі, аплачанай па безнаяўнаму разліку.
У банкаўскіх колах пазітыўна ацэньваюць прапанову Нацбанка, заснаваную на міжнародным вопыце, і ўпэўнены, што яна будзе садзейнічаць росту безнаяўнага абароту. Вынікам стане шэраг важных для краіны макраэканамічных змяненняў, лічыць старшыня праўлення ЗАТ "МТБанк" Андрэй Жышкевіч. "Гэта і захаванне ў параўнальна большым аб'ёме сродкаў на бягучых рахунках насельніцтва ў банкаўскай сістэме, што дасць магчымасць пашырыць магчымасці банкаў па крэдытаванню рэальнага сектара. І скарачэнне аб'ектыўных умоў для працвітання ценявога абароту тавараў. І зніжэнне сукупных транзакцыйных выдаткаў у таварна-грашовых адносінах, звязаных з абслугоўваннем аб'ектыўна больш дарагога наяўнага абароту", - адзначае кіраўнік банка. Нямала станоўчых эфектаў прынясе ініцыятыва Нацбанка і на мікраўзроўні, гэта значыць з пункту гледжання кожнага чалавека, лічыць ён. "Паколькі нават абстрагуючыся ад большай празрыстасці безнаяўных разлікаў, пытанні простай асабістай і матэрыяльнай бяспекі пры ажыццяўленні наяўных разлікаў у значных сумах небеспадстаўна хвалююць кожнага з нас", - тлумачыць эксперт.
Але, абмяркоўваючы гэту тэму, нельга яе разглядаць у адрыве ад іншых ініцыятыў Нацбанка па развіццю сучасных электронных плацежных інструментаў. "Калі абмежавацца толькі абмяркоўваемай забаронай, то прасцей і лягчэй спажыўцам наўрад ці стане, а мы рызыкуем атрымаць чарговае пацвярджэнне фразы "хацелі як лепш - атрымалася як заўсёды", - лічыць кіраўнік МТБанка. Па-першае, крытычна важнай перадумовай з'яўляецца далейшае пашырэнне інфраструктуры ўстройстваў для правядзення безнаяўных плацяжоў, павышэнне матэрыяльнай зацікаўленасці саміх магазінаў у аснашчэнні імі, удасканаленне дыстанцыйных сістэм банкаўскага абслугоўвання, каб у канчатковым выніку кліент мог ажыццявіць любую, нават буйную пакупку, не адыходзячы ад свайго камп'ютара. Па-другое, трэба прызнаць, што перад банкаўскай сістэмай па-ранейшаму стаіць не менш важная задача - дапамагчы сваім кліентам без боязі карыстацца сучаснымі банкаўскімі прадуктамі.
Менавіта таму нацыянальны праект павышэння фінансавай дасведчанасці насельніцтва стаў адным з важных для Нацбанка і ў практычнай плоскасці актыўна падтрымліваецца многімі камерцыйнымі банкамі, тлумачыць Андрэй Жышкевіч. "Я лічу лагічным практычнае ўкараненне ўсяго комплексу мерапрыемстваў, прадугледжаных праграмай, выключна паслядоўна. І тады не такой нерэальнай будзе здавацца задача давесці долю безнаяўных разлікаў нават не да 50 працэнтаў, а да 70-80 працэнтаў, што цалкам нармальна для шэрага краін Еўропы", - канстатуе кіраўнік банка.
Развіццё сістэмы безнаяўных разлікаў з'яўляецца актуальнай задачай для большасці эканамічна развітых краін свету, звяртае ўвагу намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Сяргей Дубкоў. "Міжнародны вопыт сведчыць аб тым, што дзяржава можа садзейнічаць росту безнаяўных плацяжоў з дапамогай мер стымулюючага характару і правядзення мерапрыемстваў, накіраваных на павышэнне фінансавай дасведчанасці насельніцтва", - адзначае ён.
У прыватнасці, такія краіны, як Фінляндыя, Канада, Аўстрыя, Францыя, Бельгія, рэалізавалі меры па павышэнню празрыстасці адносна фактараў фарміравання затрат пры рабоце з наяўнымі сродкамі, уключаючы ўзмацненне патрабаванняў да інкасацыі і захоўвання наяўных грошай. Карэя, Мексіка, Італія, Грэцыя, ЗША, Нідэрланды, Швецыя, Нарвегія выкарыстоўвалі стымулюючыя меры (прадастаўленне фінансавання пад інавацыі ў галіне плацяжоў, ільготы пры выплаце ПДВ і г.д.) і заканадаўчыя патрабаванні да гандлёвых кропак па абавязковаму прыняццю да аплаты банкаўскіх пластыкавых картак. Акрамя таго, адным з метадаў скарачэння аб'ёмаў выплат наяўных сродкаў у Італіі, Бразіліі, Мексіцы стала выплата заработнай платы, сацыяльных дапамог і пенсій праз банкаўскія рахункі або перадаплачаныя карткі на дзяржаўным і карпаратыўным узроўні.
У Беларусі развіццю сістэмы безнаяўных разлікаў па рознічных плацяжах удзяляецца значная ўвага на ўзроўні ўрада і Нацыянальнага банка. Так, за апошнія 10-12 гадоў створана і ўдасканальваецца нарматыўная прававая база, якая рэгулюе правядзенне безнаяўных плацяжоў, эканамічна актыўнае насельніцтва краіны пераведзена на выплату заработнай платы праз карт-рахункі ў банках. Грамадзянам прадастаўлена магчымасць ажыццяўлення безнаяўных разлікаў у сферы рознічнага гандлю і паслуг з выкарыстаннем банкаўскіх пластыкавых картак, электронных грошай, а таксама шляхам прымянення сістэм дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання. Пры гэтым насельніцтва можа ажыццяўляць безнаяўныя плацяжы з дапамогай адзінай разліковай і інфармацыйнай прасторы.
Даныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі аб долі безнаяўнага грашовага абароту ў рознічным тавараабароце і ў аб'ёме платных паслуг насельніцтву, атрыманага з выкарыстаннем картак і электронных грошай, сведчаць аб устойлівым росце гэтага паказчыка. Так, на 1 лістапада 2012 года доля безнаяўнага грашовага абароту ў рознічным тавараабароце дасягнула 12,8 працэнта (за 2007 год - 2 працэнты). Доля безнаяўнага грашовага абароту ў аб'ёме платных паслуг насельніцтву за 2011 год склала 10,8 працэнта (за 2007 год - 6 працэнтаў).
Пры гэтым для рознічных плацяжоў беларусы найбольш актыўна выкарыстоўваюць картку. Банкі Беларусі выпускаюць у абарачэнне карткі ўнутранай плацежнай сістэмы "БелКарт" і міжнародных плацежных сістэм VISA і MasterCard. На долю эмісіі картак унутранай плацежнай сістэмы "БелКарт" 1 кастрычніка прыпадала 47,5 працэнта агульнай колькасці картак у абарачэнні, міжнароднай плацежнай сістэмы VISA - 36,7 працэнта, MasterCard - 15,8 працэнта. У цэлым эмісія картак перавысіла 10 млн. адзінак, колькасць функцыянуючых рахункаў, да якіх выдадзены карткі, - 9,8 млн. Больш як у 34 тыс. арганізацый гандлю і сэрвісу ўсталявана звыш 52 тыс. плацежных тэрміналаў для безнаяўных разлікаў з выкарыстаннем картак, функцыянуе 4143 інфакіёскі для безнаяўнай аплаты паслуг, 3528 банкаматаў, у 97 працэнтах якіх трымальнікі картак могуць не толькі атрымліваць наяўныя грошы, але і ажыццяўляць безнаяўныя плацяжы.
Дасягнуты ўзровень эмісіі картак і колькасць функцыянуючых рахункаў, да якіх яны выдадзены, сведчаць аб значнай ступені ахопу насельніцтва Беларусі банкаўскім абслугоўваннем, канстатуе Сяргей Дубкоў. "Створаная сетка аб'ектаў праграмна-тэхнічнай інфраструктуры для правядзення безнаяўных плацяжоў дае магчымасць ажыццяўляць аперацыі з выкарыстаннем картак не толькі ў сталіцы, але і ў населеных пунктах абласнога і раённага падпарадкавання. Вынікам павышэння даверу насельніцтва да гэтага плацежнага інструмента з'яўляецца стабільны рост долі безнаяўных аперацый з выкарыстаннем картак", - адзначае прадстаўнік Нацбанка. Так, на 1 кастрычніка 2012 года доля безнаяўных аперацый у аперацыях з карткамі ў сярэднім па рэспубліцы дасягнула 61,9 працэнта па колькасці аперацый і 18,7 працэнта па суме аперацый, павялічыўшыся за апошнія чатыры з палавінай года на 25 і 12 працэнтных пунктаў адпаведна. Пры гэтым значнага разрыву па паказчыках долі безнаяўных разлікаў з выкарыстаннем картак у разрэзе абласцей рэспублікі не назіраецца, што сведчыць аб планамерным правядзенні работы ў гэтым напрамку.
Ганна Кот