Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
15 лютага 2021, 18:58
Ігар Петрышэнка

Басейны, ФАК і пляцоўкі для міні-футбола - якія спартаб'екты адкрыюць да 2025 года

Ігар Петрышэнка
Намеснік прэм'ер-міністра Беларусі

Спортам і фізкультурай цяпер сістэматычна займаюцца больш за 25 працэнтаў беларусаў. Ва ўрадзе лічаць, што гэта лічба павінна быць большай. Таму да 2025 года ў краіне істотна абновяць інфраструктуру для заняткаў спортам, падтрымку атрымаюць лёгкаатлетычныя забегі, веларух і сямейныя спартыўныя святы, расказаў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка.

За пяць гадоў адкрыта больш за 150 спартыўных аб'ектаў

Урад удзяляе вялікую ўвагу пытанням здаровага ладу жыцця насельніцтва і развіцця масавасці фізкультурна-спартыўнага руху, падкрэслівае Ігар Петрышэнка. У краіне працуюць 144 гарадскія, раённыя фізкультурна-аздараўленчыя, спартыўныя цэнтры, фізкультурна-спартыўныя клубы, у якіх створана больш за 2,6 тыс. спартыўных груп і секцый, у тым ліку больш за 1,6 тыс. - для дзяцей і падлеткаў. У 2020 годзе сістэматычна займаліся фізічнай культурай і спортам 25,3 працэнта насельніцтва краіны. Для параўнання: у 2016 годзе - 22,5 працэнта.

Асаблівая ўвага ў краіне ўдзяляецца развіццю матэрыяльна-тэхнічнай базы для заняткаў фізічнай культурай і спортам. За апошнія пяць гадоў уведзена каля 150 фізкультурна-спартыўных збудаванняў. Так, у 2020 годзе ўведзены ў эксплуатацыю паветраапорны футбольны манеж у Віцебску, спартыўна-аздараўленчыя комплексы ў Астраўцы і Мар'інай Горцы, фізкультурна-аздараўленчы комплекс у Навагрудку, скейт-паркі ў Барысаве і Салігорску, біятлонны комплекс у Чавусах, спартпляцоўкі ў Дзяржынску і Асіповічах, лядовая пляцоўка ў Лідзе, цэнтр адзінаборстваў у Мінску і іншыя аб'екты.

Развіццё веларуху

У апошнія пяць гадоў у краіне актыўна развіваецца веларух. Так, у рэгіёнах зацверджаны планы, у адпаведнасці з якімі аблвыканкамамі, Мінскім гарвыканкамам за 2020 год уладкавана больш за 100 км новых участкаў веладарожак, 75 велагаражоў на 550 месцаў, устаноўлена 600 велапарковак на 3143 месцы. На гэты час працуюць 388 пунктаў пракату амаль з 4 тыс. веласіпедаў.

У рэгіёнах за 2020 год праведзена больш за 200 мерапрыемстваў, у якіх прынялі ўдзел больш за 15 тыс. чалавек, у тым ліку больш за 7 тыс. дзяцей і падлеткаў. Усё большай папулярнасцю карыстаецца міжнародны велакарнавал "Viva Ровар!", у якім прымае ўдзел больш за 10 тыс. веласіпедыстаў.

За мінулы год праведзены 54 рэспубліканскія спартыўна-масавыя мерапрыемствы з удзелам больш як 23 тыс. чалавек. У абласцях і Мінску ў 2020 годзе арганізавана 10,9 тыс. раённых, гарадскіх спартыўна-масавых мерапрыемстваў з удзелам больш як 813 тыс. чалавек, у тым ліку для дзяцей і падлеткаў - 5,3 тыс. мерапрыемстваў з удзелам больш як 420 тыс. чалавек. Традыцыйнымі для краіны сталі "Забег адважных" (23 лютага), "Жаночы прыгожы забег" (8 сакавіка), Мінскі паўмарафон, фестываль бегу "Языльская дзясятка" і многія іншыя).

Ігар Петрышэнка звярнуў увагу, што прыняцце кіраўніком дзяржавы ўказа нумар 295 ад 5 жніўня 2019 года дало магчымасць павысіць эфектыўнасць выкарыстання фізкультурна-спартыўных збудаванняў шляхам правядзення спартыўных спаборніцтваў, спартыўна-масавых мерапрыемстваў, урокаў фізкультуры на бясплатнай аснове. Г.зн. школьнікі змаглі займацца бясплатна ў дзяржаўных спарткомплексах.

"Таксама заканадаўствам дадзена права мясцовым органам улады ўстанаўліваць скідкі або бясплатна прадастаўляць фізкультурна-аздараўленчыя паслугі ў арганізацыях камунальнай формы ўласнасці", - нагадаў віцэ-прэм'ер.

У адпаведнасці з генпагадненнем паміж урадам і Федэрацыяй прафсаюзаў у тарыфных (галіновых) пагадненнях і калектыўных дагаворах арганізацый і прадпрыемстваў прадугледжваюцца меры стымулявання работнікаў, якія вядуць здаровы лад жыцця, займаюцца фізкультурай і спортам.

Да 2025 года адкрыецца больш за 50 фізкультурна-аздараўленчых комплексаў

Для далейшага развіцця фізкультурна-спартыўнага руху прынята дзяржаўная праграма "Фізічная культура і спорт" на 2021-2025 гады. Яна прадугледжвае новыя падыходы да спартыўна-масавай і фізкультурна-аздараўленчай работы з насельніцтвам. Плануецца паступовае павелічэнне колькасці асоб, якія займаюцца фізічнай культурай і спортам, у агульнай колькасці насельніцтва (да 2025 года - не менш за 26,8 працэнта).

"На ўсёй тэрыторыі краіны па новай дзяржпраграме будуць пабудаваны, рэканструяваны або мадэрнізаваны больш за 50 фізкультурна-аздараўленчых комплексаў. Таксама прапрацавана пытанне наконт будаўніцтва 10 плавальных басейнаў, - расказаў Ігар Петрышэнка. - Прадугледжваецца будаўніцтва 38 міні-футбольных пляцовак, а таксама штогадовая мадэрнізацыя не менш як 40 комплексных спартыўных пляцовак на дваровых тэрыторыях".

Далейшае развіццё атрымаюць лёгкаатлетычныя забегі і мерапрыемствы, веласіпедны, ролер- і скейт-рух, сямейныя фізкультурна-масавыя мерапрыемствы.

"Для папулярызацыі дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу сярод насельніцтва, павышэння матывацыі сярод грамадзян у здачы яго нарматываў прадугледжана дыферэнцыяцыя нагрудных значкоў на залаты, сярэбраны і бронзавы (раней быў толькі бронзавы)", - адзначыў Ігар Петрышэнка.

Для актывізацыі спартыўна-масавага руху ў арганізацыях і прадпрыемствах краіны штогод запланавана стварэнне каля 50 клубаў па фізічнай культуры і спорце. Увага будзе ўдзелена рабоце з інвалідамі і фізічна аслабленымі асобамі, для чаго штогод запланавана стварэнне не менш як 20 фізкультурна-аздараўленчых груп для такіх асоб.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі