Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Каментарыі
21 жніўня 2013, 19:30

Андрэй Кабякоў: КДК Беларусі прапануе прыцягваць сродкі дольшчыкаў пасля забеспячэння забудоўшчыкам 15 працэнтаў гатоўнасці дома

У Беларусі прыняты шэраг мер па абароне правоў грамадзян, якія ўдзельнічаюць у долевым будаўніцтве. Так, 6 чэрвеня бягучага года кіраўнік дзяржавы падпісаў Указ нумар 263 "Аб долевым будаўніцтве аб'ектаў у Рэспубліцы Беларусь", якім вызначаны дадатковыя меры па адказнасці забудоўшчыкаў. Пры парушэнні тэрмінаў і неапраўданым павелічэнні кошту будаўніцтва памеры штрафаў у параўнанні з тымі, што дзейнічалі раней, павялічаны ў разы. Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва распрацавала палажэнне аб парадку правядзення конкурсаў па выбары заказчыка (забудоўшчыка) па будаўніцтву шматкватэрных жылых дамоў, акрамя дамоў павышанай камфортнасці, у Мінску і абласных цэнтрах. Праект дакумента вынесены на грамадскае абмеркаванне і размешчаны на афіцыйным сайце ведамства. І гэта далёка не поўны пералік дзеянняў па паляпшэнню сітуацыі. Камітэт дзяржаўнага кантролю таксама агучыў некаторыя прапановы на чарговым пасяджэнні рабочай групы па праблемных пытаннях у будаўнічай галіне, якую ўзначальвае кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй Кабякоў.

У прыватнасці, КДК прапанаваў заканадаўча вызначыць магчымасць прыцягнення забудоўшчыкам сродкаў дольшчыкаў толькі пасля забеспячэння ім 15 працэнтаў будаўнічай гатоўнасці жылога дома за кошт уласных сродкаў. "Гэта неабходна, бо асноўнай прычынай невыканання забудоўшчыкамі абавязацельстваў па дагаворах долевага будаўніцтва з'яўляецца іх фінансавая неплацежаздольнасць, а такая мера дасць магчымасць гэтага пазбегнуць і дадаткова абараніць дольшчыкаў", - выказала думку начальнік упраўлення кантролю будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі галоўнага ўпраўлення кантролю па горадзе Мінску Камітэта дзяржаўнага кантролю Вера Мацулевіч.

Праблема ў гэтым плане заключаецца ў нядобрасумленнасці або фінансавай неплацежаздольнасці заказчыка. Бо пры адсутнасці фінансавых магчымасцей узнікаюць сітуацыі, калі заказчык вырашае праблемы за кошт дольшчыкаў, шантажыруе іх скасаваннем дагавора або спыненнем будаўніцтва аб'ектаў. А ўвод гэтай нормы можа паслужыць своеасаблівым фільтрам для тых забудоўшчыкаў, якія хочуць выйсці на рынак, атрымаць участак пад будаўніцтва жылога дома з прыцягненнем сродкаў грамадзян, але пры гэтым не імкнуцца ўводзіць аб'ект ва ўстаноўленыя тэрміны.

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі, старшыня рабочай групы па праблемных пытаннях у будаўнічай галіне Андрэй Кабякоў лічыць, што гэта норма можа стаць своеасаблівым пацвярджэннем дастатковасці капіталу забудоўшчыка, а таксама дасць магчымасць адсейваць махляроў, якія прыходзяць на будаўнічы рынак і акумулююць сродкі дольшчыкаў, не выконваючы належным чынам свае абавязацельствы. Ён адзначыў: "15 працэнтаў будаўнічай гатоўнасці жылога дома - гэта падрыхтоўка інжынерных сетак, будаўніцтва фундамента і гэтак далей, гэтага дастаткова, каб мець гарантыі, што будаўніцтва не застопарыцца на пачатковым этапе, паколькі ўсе падрыхтоўчыя работы будуць выкананы. Не павінна быць так, што сродкі дольшчыкаў збіраюцца, калі толькі падрыхтоўваецца ўчастак пад будаўніцтва аб'екта".

Старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Валерый Вакульчык таксама лічыць, што новаўвядзенне дасць магчымасць забяспечыць дадатковую абарону інтарэсаў грамадзян, якія прымаюць удзел у долевым будаўніцтве, і мінімізаваць у краіне колькасць жылых дамоў, што будуюцца са значным перавышэннем нарматыўных тэрмінаў.

Першы намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва Ірына Архіпава ў сваю чаргу паведаміла, што ў Расіі такі парадак долевага будаўніцтва ўжо існуе, таму беларускія бударганізацыі не могуць там удзельнічаць у жыллёвым будаўніцтве ў якасці заказчыка або падрадчыка, яны могуць выступаць толькі ў ролі субпадраднай арганізацыі. "Гэта норма з'яўляецца ідэальным варыянтам гарантыі, таму што гэта прадугледжвае наяўнасць у будаўнічай арганізацыі абаротных сродкаў. Але праблема ў тым, што сёння не ўсе УКБ, якія таксама ўдзельнічаюць у долевым будаўніцтве, маюць гэтыя сродкі", - падкрэсліла яна. Аднак кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта растлумачыў, што пры ўводзе ў дзеянне гэтай нормы ўсе арганізацыі незалежна ад формы ўласнасці і ведамаснай прыналежнасці будуць працаваць у аднолькавых умовах.

Таксама Камітэт дзяржкантролю прапанаваў устанавіць адзіны парадак прыёмкі ўсіх аб'ектаў у эксплуатацыю і ажыццяўляць яе ў два этапы. Першы этап прадугледжвае, што генеральны падрадчык будзе атрымліваць ад зацікаўленых наглядных арганізацый і арганізацый, якія выдалі тэхнічныя ўмовы, заключэнні аб адпаведнасці аб'екта праектнай дакументацыі, патрабаванням тэхнічных нарматыўных прававых актаў і тэхумоў. На другім этапе генпадрадчык будзе прадстаўляць заказчыку выканаўчую дакументацыю і заключэнні наглядных арганізацый, а заказчык будзе арганізоўваць прыёмку аб'екта.

І гэта не ўвесь пералік прапаноў КДК Беларусі па ўдасканаленню кіравання будаўнічай галіной і заканадаўства ў гэтай сферы. Свае прапановы ўносяць і іншыя члены рабочай групы па праблемных пытаннях у будаўнічай галіне. Паводле інфармацыі намесніка міністра архітэктуры і будаўніцтва Беларусі Дзмітрыя Семянкевіча, больш як 90 працэнтаў з іх прапрацаваны ўжо, унесены ў праект распрацоўваемага ўказа аб некаторых мерах па ўдасканаленню дзейнасці ў будаўнічай галіне, а таксама адлюстраваны ў новых норматыўных прававых актах.

Кацярына МАРКОВІЧ
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі