Урад зацвердзіў Дзяржаўную праграму садзейнічання занятасці насельніцтва Беларусі на 2015 год (такое рашэнне змешчана ў пастанове нумар 77 ад 7 лютага бягучага года). Гэты маштабны дакумент вызначае прыярытэты дзейнасці рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама, аб'яднанняў наймальнікаў і прафсаюзаў, грамадскіх аб'яднанняў інвалідаў па рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў галіне забеспячэння занятасці насельніцтва. Праграма нацэлена на павышэнне эфектыўнасці выкарыстання працоўнага патэнцыялу і канкурэнтаздольнасці рабочай сілы ў адпаведнасці з патрэбнасцямі развіцця эканомікі. Каб дасягнуць гэтай мэты, прадугледжваюцца меры па стымуляванні эканамічнай актыўнасці незанятага насельніцтва, садзейнічанні занятасці вызваленых работнікаў ва ўмовах рэструктурызацыі эканомікі, зніжэнні дысбалансу паміж попытам і прапанаваннем рабочай сілы і павышэнні яе канкурэнтаздольнасці. Асаблівая ўвага традыцыйна ўдзяляецца інтэграцыі ў працоўную дзейнасць мэтавых груп насельніцтва, маючых патрэбу ў сацыяльнай падтрымцы.
Новая дзяржпраграма фактычна з'яўляецца пераемніцай аналагічнай праграмы на 2014 год, грунтуецца на аналізе існуючага становішча на рынку працы краіны і прагнозных ацэнак развіцця сітуацыі на бліжэйшую перспектыву.
УЗРОВЕНЬ БЕСПРАЦОЎЯ СТАБІЛЬНА НЕВЫСОКІ
Сітуацыя на рынку працы рэспублікі характарызуецца адносна невысокім і стабільным узроўнем рэгіструемага беспрацоўя. На канец 2014 года ўзровень беспрацоўя склаў 0,5 працэнта (пры прагнозе - да 1,5 працэнта). Рэалізацыя мерапрыемстваў дзяржаўнай і рэгіянальных праграм станоўча паўплывала на рынак працы малых і сярэдніх гарадскіх паселішчаў і раёнаў з устойліва высокім узроўнем беспрацоўя. Так, з 129 раёнаў і гарадоў абласнога падпарадкавання толькі ў адным раёне ўзровень беспрацоўя перасягнуў 1,1 працэнта (год таму беспрацоўе перавышала 1 працэнт у 4 рэгіёнах).
Сярэдняя працягласць беспрацоўя ў 2014 годзе знізілася да 3,2 месяца (у 2013 годзе - 3,4 месяца), у тым ліку ў жанчын яна склала ў мінулым годзе 3,7 месяца, у мужчын - 2,9 месяца, у моладзі - 2,5 месяца. Сярэдні перыяд працаўладкавання ў мінулым годзе складаў 1,4 месяца (жанчын - 1,7 месяца, мужчын і маладых людзей - 1,3 месяца).
Нягледзячы на зніжэнне колькасці вакансій, попыт на рабочую сілу ў 2014 годзе заставаўся даволі высокім. Пры гэтым рынак працы, як і раней, быў арыентаваны на рабочыя прафесіі, якія складалі амаль 70 працэнтаў вакансій. Попыт на работнікаў у асноўным фарміруецца ў такіх відах эканамічнай дзейнасці, як апрацоўчая прамысловасць (21,2 працэнта ад агульнай колькасці вакансій), будаўніцтва (20,3 працэнта), сельская гаспадарка, паляванне і лясная гаспадарка (14,2 працэнта), ахова здароўя і прадастаўленне сацыяльных паслуг (9,7 працэнта), гандаль, рамонт аўтамабіляў, бытавых вырабаў і прадметаў асабістага карыстання (8,6 працэнта), транспарт і сувязь (5 працэнтаў).
Што датычыцца структуры беспрацоўя, то ўзрастае доля мужчын (больш як 60 працэнтаў). Чвэрць беспрацоўных адносіцца да катэгорыі грамадзян, найменш канкурэнтаздольных на рынку працы, маючых патрэбу ў дадатковых гарантыях занятасці (інваліды, людзі, якія вызвалены з месц пазбаўлення волі, перадпенсійнага ўзросту і інш.). Значную частку беспрацоўных, якія стаяць на ўліку па беспрацоўі, складаюць тыя, хто доўгі час не працуе (17,5 працэнта), не мае прафесіі (7 працэнтаў) - іх працаўладкаванне па аб'ектыўных прычынах ускладнена. У агульным складзе беспрацоўных практычна кожны трэці - ва ўзросце 16-29 гадоў.
Узровень занятасці насельніцтва ў Беларусі застаецца высокім - 75,9 працэнта. Разам з тым даволі вялікая колькасць незанятага насельніцтва ў працаздольным узросце, сярод іх практычна кожны чацвёрты не працуе па розных прычынах асабістага характару, хтосьці шукае рабочае месца, хтосьці не прыкладае для працаўладкавання ніякіх намаганняў. Безумоўна, гэтыя катэгорыі грамадзян з'яўляюцца, з аднаго боку, патэнцыялам для росту афіцыйнага беспрацоўя, і іншага - рэзервам для ўключэння ў эканоміку.
ФАКТАРЫ ЎПЛЫВУ
Як адзначылі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны, рынак працы рэспублікі зведвае ўплыў такіх неспрыяльных дэмаграфічных тэндэнцый, як зніжэнне колькасці насельніцтва, урбанізацыя, пагаршэнне полаўзроставых прапорцый насельніцтва і яго старэнне.
Так, колькасць занятых у эканоміцы ў 2013 годзе скарацілася да ўзроўню 2010-га на 2,6 працэнта, гэта тэндэнцыя прадаўжаецца (за студзень-кастрычнік 2014 года колькасць занятых зменшылася на 1,3 працэнта да адпаведнага перыяду 2013 года). Апошнія гады таксама назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя павелічэння колькасці працуючых ва ўзросце, старэйшым за працаздольны.
Тэрытарыяльная нераўнамернасць размяшчэння працоўных рэсурсаў і іх нізкая мабільнасць выступаюць асноўнымі фактарамі збытку працы ў адных рэгіёнах і дэфіцыту кадраў у іншых, а таксама дысбалансу прафесійна-кваліфікацыйнай структуры лакальных рынкаў працы. Больш за 37 працэнтаў працоўных рэсурсаў прыпадае на цэнтральную частку краіны - Мінск і Мінскую вобласць, у той час як найменшая іх доля - у Гродзенскай (10,6 працэнта) і Магілёўскай (11 працэнтаў) абласцях. Больш за дзве трэці працоўных рэсурсаў (82,6 працэнта) сканцэнтраваны ў гарадской мясцовасці.
Ва ўмовах прагназуемага змяншэння працоўнага патэнцыялу краіны прыярытэты ў палітыцы занятасці зрушваюцца ў бок павышэння эфектыўнасці выкарыстання працоўных рэсурсаў і забеспячэння эканамічна эфектыўнай занятасці. У бліжэйшыя гады рынак працы будзе папаўняцца за кошт звольненых па прычынах цякучасці кадраў, што вызваляюцца ў выніку мадэрнізацыі вытворчасці і аптымізацыі колькасці работнікаў, выпускнікоў устаноў адукацыі. Свой уклад унясуць людзі, маючыя працяглы (больш як год) перапынак у рабоце, а таксама занятыя ў дамашняй гаспадарцы.
Згодна з прагнознымі разлікамі, у 2015 годзе ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне будзе зарэгістравана каля 180 тыс. беспрацоўных. Чакаецца, што ў бягучым годзе агульная колькасць маючых патрэбу ў садзейнічанні ў працаўладкаванні дасягне каля 280 тыс. чалавек, з іх 210 тыс. беспрацоўных.
ЗА ЭФЕКТ ЗАНЯТАСЦІ
Асноўнымі напрамкамі дзяржпраграмы-2015 з'яўляюцца змякчэнне наступстваў зніжэння неэфектыўнай занятасці і падтрымка грамадзян, якія часова засталіся без работы. У рэспубліцы праводзіцца комплексная мадэрнізацыя эканомікі, якая прадугледжвае ў тым ліку і ўкараненне сучасных сістэм кіравання прадпрыемствамі і галінамі, уключаючы аптымізацыю колькасці. Такім чынам, пытанне садзейнічання працаўладкаванню вызваленых работнікаў застаецца актуальным і ў 2015 годзе. Будзе прадоўжаны маніторынг стану рынку працы арганізацый, якія ажыццяўляюць мадэрнізацыю вытворчасці, па пытаннях выкарыстання рабочага часу, а таксама магчымага вызвалення работнікаў у сувязі з аптымізацыяй колькасці і забяспечана неабходнае ўзаемадзеянне з наймальнікамі.
Пры гэтым у малых і сярэдніх гарадах вызваленне залішняй колькасці працуючых можа прывесці да значных эканамічных і сацыяльных наступстваў (маецца на ўвазе рост беспрацоўя і сацыяльнай напружанасці). У сувязі з гэтым Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны сумесна з ПРААН у мэтах пашырэння сацыяльна адказнага падыходу пры рэструктурызацыі і мадэрнізацыі горадаўтваральных прадпрыемстваў распрацоўваецца доўгатэрміновы праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі, накіраваны на садзейнічанне занятасці і самазанятасці насельніцтва ў малых і сярэдніх гарадах.
Рост вымушанай няпоўнай занятасці сведчыць аб наяўнасці залішняй колькасці працуючых і недастатковых тэмпах аптымізацыі. Плануецца дапрацаваць метадычныя рэкамендацыі па правядзенні кадравай дыягностыкі арганізацый з улікам практыкі іх прымянення.
Істотнымі фактарамі, якія ўплываюць на эфектыўнасць выкарыстання працоўнага патэнцыялу, з'яўляюцца нарміраванне працы, кваліфікацыя работнікаў і матывацыя іх працы. Маніторынг стану нарміравання працы, які праводзіцца з удзелам Навукова-даследчага інстытута працы, паказвае, што як на макраўзроўні (галіны, рэгіёны), так і мікраўзроўні (суб'екты гаспадарання) нарміраванне працы застаецца галоўным рэзервам росту прадукцыйнасці. Прадугледжваецца прадоўжыць работу па далейшым удасканаленні сістэмы нарміравання працы, нацыянальнай сістэмы кваліфіцый Рэспублікі Беларусь.
Прадоўжыцца работа па ўдасканаленні інфармавання насельніцтва аб актуальных пытаннях рынку працы і занятасці насельніцтва, а таксама стварэнні дадатковых стымулаў для звароту ў органы службы занятасці як грамадзян у мэтах пошуку прыдатнай работы, так і наймальнікаў за падборам неабходных работнікаў.
Ва ўмовах існуючага прафесійна-кваліфікацыйнага, тэрытарыяльнага дысбалансу попыту і прапанавання ў ліку прыярытэтных задач застаецца навучанне грамадзян, павышэнне зацікаўленасці наймальнікаў у навучанні для сябе высокакваліфікаваных спецыялістаў, а таксама правядзенне арганізацыямі-заказчыкамі кадраў эфектыўнай прафарыентацыйнай работы.
У мэтах забеспячэння неабходнага балансу паміж выкарыстаннем нацыянальных працоўных рэсурсаў і выкарыстаннем прыцягнутай іншаземнай рабочай сілы будзе прадоўжана рэгуляванне працэсаў знешняй працоўнай міграцыі. Дарэчы, прыцягненне іншаземнай рабочай сілы часткова садзейнічала вырашэнню пытанняў забеспячэння арганізацый рэспублікі кадрамі, якіх не хапае. Пры гэтым асноўную колькасць прыехаўшых у Беларусь на работу ў 2014 годзе склалі грамадзяне Украіны (амаль 40 працэнтаў ад агульнай колькасці прыехаўшых), Кітая (16 працэнтаў) і Расійскай Федэрацыі (12,5 працэнта).
САЦЫЯЛЬНЫ АСПЕКТ
Нягледзячы на адносна невысокі і стабільны ўзровень беспрацоўя ў рэспубліцы, па-ранейшаму асаблівую занепакоенасць выклікаюць сацыяльныя аспекты беспрацоўя. У ліку незанятых грамадзян, якія звяртаюцца ў органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне за садзейнічаннем у працаўладкаванні, больш як палавіну складаюць людзі, якія з-за розных прычын з'яўляюцца менш канкурэнтаздольнымі на рынку працы. У іх ліку працяглы час непрацуючыя; моладзь, у тым ліку ва ўзросце да 21 года; тыя, хто ўпершыню шукае работу, уключаючы жанчын, якія не працавалі ў сувязі з доглядам дзіцяці; інваліды; не маючыя прафесіі (спецыяльнасці); тыя, хто вярнуўся з месц пазбаўлення волі. Працаўладкаванне гэтых катэгорый насельніцтва патрабуе дадатковых мер і ўзмацнення адраснасці паслуг і сацыяльных гарантый, што прадастаўляюцца дзяржслужбай занятасці. Для такіх катэгорый запланаваны спецыяльныя мерапрыемствы па адаптацыі на рынку працы, забеспячэнні захавання матывацыі да працы, стымуляванні да працаўладкавання. Інтэграцыя ў працоўную дзейнасць прадстаўнікоў гэтых катэгорый насельніцтва будзе садзейнічаць пашырэнню прапанавання рабочай сілы на рынку працы.
У сувязі з існуючай на рынку працы прафесійна-кваліфікацыйнай, а таксама тэрытарыяльнай неадпаведнасцю попыту і прапанавання рабочай сілы арганізацыі прадаўжаюць адчуваць дэфіцыт рабочай сілы, асабліва высокакваліфікаваных кадраў па асобных прафесіях (спецыяльнасцях). Ва ўмовах існуючага дэфіцыту адной з прыярытэтных задач застаецца навучанне грамадзян, а таксама павышэнне зацікаўленасці наймальнікаў у навучанні для сябе высокакваліфікаваных спецыялістаў. Так, у 2015 годзе плануецца арганізацыя навучання 7,5 тыс. чалавек. У мэтах павышэння прэстыжу рабочых прафесій рэспубліканскія органы дзяржкіравання прадоўжаць работу па забеспячэнні арганізацыі і ўдзелу арганізацый - заказчыкаў кадраў у правядзенні эфектыўнай прафарыентацыйнай работы.
Садзейнічанне ў працаўладкаванні будзе аказана і праз такія меры, як выдзяленне 1,8 тыс. беспрацоўных судсідый для арганізацыі прадпрымальніцкай, рамеснай дзейнасці, дзейнасці ў сферы аграэкатурызму, перасяленне 191 сям'і беспрацоўных на новае месца жыхарства і работы, працаўладкаванне 570 беспрацоўных на вучнёўскія рабочыя месцы ў рамках "Маладзёжнай практыкі", фінансаванне і кампенсацыю затрат наймальнікам, якія ствараюць 96 рабочых месц для працаўладкавання на іх інвалідаў, адаптацыя да працоўнай дзейнасці 436 інвалідаў, прыцягненне 41,1 тыс. чалавек для ўдзелу ў аплатных грамадскіх работах, працаўладкаванне на часовыя рабочыя месцы 21,4 тыс. чалавек з ліку навучэнскай і студэнцкай моладзі.
Беспрацоўным, а таксама грамадзянам, накіраваным службай занятасці на навучанне, будуць прадастаўлены дзяржаўныя сацыяльныя гарантыі ў выглядзе выплаты дапамогі па беспрацоўі, стыпендыі, матэрыяльнай дапамогі.
У рамках рэгіянальных праграм садзейнічання занятасці насельніцтва прадугледжваюцца мерапрыемствы па забеспячэнні занятасці насельніцтва ў малых, сярэдніх гарадскіх паселішчах, раёнах з высокай напружанасцю на рынку працы. У адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся на 2010-2015 гады будуць прыняты меры па забеспячэнні занятасці насельніцтва ў 7 рэгіёнах - у Лунінецкім, Столінскім і Пінскім раёнах Брэсцкай вобласці, Жыткавіцкім, Мазырскім, Петрыкаўскім і Нараўлянскім раёнах Гомельскай вобласці. Згодна з Дзяржаўнай праграмай устойлівага развіцця вёскі на 2011-2015 гады прадугледжаны мерапрыемствы па забеспячэнні занятасці насельніцтва ў сельскай мясцовасці.
У цэлым мерапрыемствы па садзейнічанні занятасці насельніцтва будуць накіраваны на забеспячэнне да канца 2015 года ўзроўню беспрацоўя ў сацыяльна дапушчальных межах, што не перавышаюць 1,5 працэнта да колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва. Беспрацоўе ў Беларусі не перасягне 1,5 працэнта, у тым ліку ў Брэсцкай вобласці - 1,4 працэнта, Віцебскай - 1,6 працэнта, Гомельскай - 1,5 працэнта, Гродзенскай - 1,4 працэнта, Мінскай - 1,4 працэнта, Магілёўскай - 1,5 працэнта і ў Мінску - 0,6 працэнта. На выкананне мерапрыемстваў дзяржпраграмы ў 2015 годзе будзе накіравана Br241 млрд 150 млн.