Дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога будзе ўдасканалена ў 2012 годзе
Прыярытэтам сацыяльнай палітыкі нашай дзяржавы заўсёды была падтрымка людзей, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю і не могуць забяспечыць сябе нават самым неабходным. У розныя часы дапамога прадастаўлялася па-рознаму: ад дапамог да льгот. А ў 2001 годзе быў запушчаны механізм дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі (ДАСД). З таго часу яе атрымальнікамі сталі больш як 2 млн. жыхароў краіны. Парадак прадастаўлення ДАСД пастаянна ўдасканальваўся: быў устаноўлены адзіны парадак уліку даходаў і разліку сярэднедушавога даходу сям'і, адменены катэгарыяльны падыход да аказання дапамогі, уведзены новыя віды падтрымкі, павышаны крытэрый патрэбнасці для прадастаўлення ДАСД.
Новы этап у развіцці сістэмы дзяржпадтрымкі малазабяспечаных грамадзян стартаваў 1 студзеня 2010 года, калі ўступіў у сілу ўказ нумар 458. Нагадаем, быў павышаны крытэрый патрэбнасці (са 120 працэнтаў да 150 працэнтаў бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва) пры прадастаўленні аднаразовай сацыяльнай дапамогі малазабяспечаным грамадзянам, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Аб'яднаны ў адзіную сістэму адраснай сацыяльнай дапамогі два віды дзяржпадтрымкі: ДАСД і безнаяўныя жыллёвыя субсідыі. Павялічаны перыяд назначэння штомесячнай сацыяльнай дапамогі з 3 да 6 месяцаў, пры гэтым сукупны даход сям'і (грамадзяніна) вылічваецца за 12 месяцаў, якія папярэднічаюць звароту па дапамогу. Уведзены новы від ДАСД - дапамога на аплату тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі, якая прадастаўляецца незалежна ад даходу інвалідам трэцяй групы і дзецям ва ўзросце да 18 гадоў, якія не прызнаны інвалідамі, але маюць патрэбу па медыцынскіх паказаннях у такіх сродках рэабілітацыі.
Варта адзначыць, што ў параўнанні з 2010 годам колькасць атрымальнікаў ДАСД у 2011 годзе павялічылася на 33,1 працэнта, а сума назначанай дапамогі - на 78,5 працэнта. Гэта абумоўлена ў першую чаргу ростам (больш як у 3 разы) колькасці атрымальнікаў аднаразовай сацыяльнай дапамогі. Асноўнымі атрымальнікамі дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі на працягу многіх гадоў з'яўляюцца шматдзетныя і няпоўныя сем'і (у 2011 годзе іх удзельная вага ў структуры атрымальнікаў штомесячнай і аднаразовай сацыяльных дапамог дасягнула 67,6 працэнта).
У Беларусі праводзіцца пастаянны маніторынг прадастаўлення ДАСД, у ходзе якога выявілася неабходнасць ва ўзмацненні адраснасці, у спрашчэнні працэдуры прадастаўлення ДАСД і, безумоўна, у забеспячэнні больш рацыянальнага расходавання бюджэтных сродкаў. Адным словам, пад дыктоўку сацыяльна-эканамічнай сітуацыі, што складваецца ў рэспубліцы, спатрэбілася далейшае ўдасканаленне сістэмы дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі. Падрыхтаваны праект адпаведнага ўказа, у ім прапанаваны меры, накіраваныя на рэалізацыю комплекснага падыходу пры прадастаўленні адраснай дапамогі, на ўзмацненне дзяржаўнай падтрымкі насельніцтва, павышэнне яе ўзроўню і аператыўнасці.
Як паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела развіцця і каардынацыі сацыяльнай дапамогі і сацыяльнага абслугоўвання Міністэрства працы і сацабароны Таццяна Фёдарава, праект указа распрацаваны ў адпаведнасці з мерапрыемствамі па выкананню Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011-2015 гады, а таксама з Праграмай дзейнасці ўрада на пяцігодку.
З мэтай павышэння даступнасці і значнасці адраснай падтрымкі плануецца ўключыць у сістэму ДАСД забеспячэнне прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця. Пры гэтым у выпадку нараджэння двайнят і больш дзяцей прадугледжваецца права сем'яў на такое забеспячэнне без уліку ўзроўню даходу сям'і.
Паводле слоў спецыяліста, сем'і (грамадзяне), якія звярнуліся па адзін з відаў дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі, змогуць рэалізаваць сваё права на адначасовае прадастаўленне розных відаў такой дапамогі - безумоўна, згодна з умовамі іх прадастаўлення. Гэта вельмі важна для тых людзей, якія па волі лёсу апынуліся ў вельмі цяжкай сітуацыі і маюць права разлічваць на тое, што дзяржава іх падтрымае на гэтым жыццёвым этапе.
Уводзіцца новы від сацыяльнай дапамогі для кампенсацыі затрат на набыццё падгузкаў. Такую дапамогу плануецца прадастаўляць інвалідам І групы і дзецям-інвалідам, якія маюць IV ступень страты здароўя, незалежна ад велічыні сярэднедушавога даходу грамадзяніна (сям'і), у памеры да трох бюджэтаў пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (БПМ з 1 лістапада 2011 года па 31 студзеня 2012 года складае Br574 тыс. 790) не больш як 2 разы ў год. Як вядома, падгузкі - рэч нятанная, але вельмі неабходная для догляду інвалідаў. Спецыялісты Мінпрацы і сацабароны ўпэўнены, што гэты новы від дапамогі будзе вельмі запатрабаваны.
У пералік тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі, на набыццё якіх прадастаўляецца дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога, уносіцца новы тэхнічны сродак сацыяльнай рэабілітацыі - пратэз малочнай залозы з ліфамі для жанчын, якія маюць ІІІ групу інваліднасці пасля перанесенай аперацыі па выдаленню малочнай залозы.
Замацоўваецца права на прадастаўленне тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі інвалідам ІІІ групы ў выніку працоўнага калецтва або прафесійнага захворвання, а таксама інвалідам ІІІ групы і дзецям ва ўзросце да 18 гадоў, якія адбываюць пакаранне ў месцах пазбаўлення волі.
Акрамя таго, карэкціруюцца прававыя нормы па аплаце тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі адносна інвалідаў ІІІ групы, якія маюць права на бясплатнае забеспячэнне тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі ў адпаведнасці з заканадаўствам.
Удакладняюцца назвы тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі, іх кошт і тэрміны эксплуатацыі.
"З 5 да 10 БПМ павялічваецца максімальны памер аднаразовай сацыяльнай дапамогі, - сказала старшыня Мінпрацы і сацабароны. - Вызначаецца, што паўторна на працягу года такая дапамога можа быць прадастаўлена сем'ям (грамадзянам), якія пацярпелі ад стыхійных бедстваў, катастроф, пажараў і іншых надзвычайных сітуацый".
Асаблівая ўвага ўдзяляецца павышэнню аператыўнасці падтрымкі грамадзян, якія сталі беспрацоўнымі ў выніку ліквідацыі прадпрыемства, скарачэння колькасці штатаў. Пры вызначэнні права гэтых катэгорый жыхароў краіны на штомесячную сацыяльную дапамогу прапануецца разлічваць іх сярэднедушавы даход за тры месяцы (а не за 12), якія папярэднічаюць месяцу звароту па дапамогу, - гэта дасць магчымасць ім атрымаць сацыяльную падтрымку ў больш сціслыя тэрміны.
Патрабуе ўзмацнення сацыяльная абароненасць самых сацыяльна неабароненых катэгорый грамадзян (сем'яў). Размова ідзе аб адзінокіх інвалідах І і ІІ групы; няпоўных сем'ях, бацькі ў якіх ажыццяўляюць догляд дзяцей-інвалідаў ва ўзросце да 18 гадоў; адзінокіх непрацаздольных грамадзянах, якія дасягнулі ўзросту 70 гадоў. Прапануецца назначаць ім штомесячную сацыяльную дапамогу на максімальны перыяд - 12 месяцаў.
Таксама плануецца ажыццяўляць пераразлік памеру назначанай штомесячнай дапамогі пры павелічэнні БПМ у перыядзе прадастаўлення дапамогі. "Гэта вельмі правільны крок - у велічыню прадастаўлення сацыяльнай падтрымкі будуць уносіцца "папраўкі" з улікам інфляцыйных працэсаў", - лічыць Таццяна Фёдарава.
Плануецца і яшчэ адна навацыя: са згоды заяўніка дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога ў выглядзе штомесячнай і (або) аднаразовай сацыяльных дапамог у безнаяўнай форме зможа накіроўвацца не толькі на аплату жыллёва-камунальных паслуг, але і на пагашэнне запазычанасці па іх аплаце.
"Праектам прадугледжаны і нормы, накіраваныя на зніжэнне ўтрыманскіх настрояў, - праінфармавала субяседніца. - Уводзяцца дадатковыя ўмовы для прадастаўлення дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі ў выглядзе аднаразовай сацыяльнай дапамогі, удакладняюцца такія ўмовы для прадастаўлення штомесячнай сацыяльнай дапамогі, забеспячэння прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця".
Прыняцце праекта ўказа будзе садзейнічаць удасканаленню механізма прадастаўлення дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі, павышэнню адраснасці сацыяльнай падтрымкі, падтрыманню даходаў малазабяспечанага насельніцтва на ўзроўні БПМ, рэзюмавалі ў Мінпрацы і сацабароны.
Чакаецца, што новаўвядзенні ў ДАСД стануць рэальнасцю ўжо ў 2012 годзе.
Алена Прус