17 студзеня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Перадвыбарчую кампанію прадоўжаць 17 прэтэндэнтаў на пасаду Прэзідэнта Расіі. Гэта стала вядома па выніках праведзенага сёння пасяджэння Цэнтрвыбаркама Расіі, дзе разглядаліся заяўкі апошніх магчымых кандыдатаў, паведамляе БЕЛТА.
"Мы завяршылі працэдуру разгляду прадстаўленых дакументаў, больш не можа нікога быць. Па суду калі толькі нехта будзе адноўлены, але я заяў новых не бачу", - пракаменціраваў журналістам вынікі пасяджэння намеснік старшыні ЦВК Мікалай Булаеў.
Сярод тых, хто прадоўжыць перадвыбарную гонку, толькі два самавылучэнцы - Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін і дэпутат Кастрамской аблдумы, заслужаны вынаходнік РФ Уладзімір Міхайлаў. Яшчэ 13 самавылучэнцаў атрымалі адмовы з-за дапушчаных пры вылучэнні парушэнняў або абмежавання пасіўнага выбарчага права. У прыватнасці, не быў дапушчаны да выбараў апазіцыянер Аляксей Навальны з-за існуючай у яго судзімасці.
Што датычыцца кандыдатаў ад партый, то ЦВК прыняў дакументы ў 15 кандыдатаў. Гэта Эльвіра Агурбаш (Альянс зялёных), Сяргей Бабурын (Расійскі агульнанародны саюз), Кацярына Гардон (Партыя добрых спраў), Павел Грудзінін (КПРФ), Уладзімір Жырыноўскі (ЛДПР), Станіслаў Палішчук (Партыя сацыяльных рэформ), Ксенія Сабчак (Грамадзянская ініцыятыва), Максім Сурайкін (Камуністы Расіі), Барыс Цітоў (Партыя росту), Раман Худзякоў (ЧЕСТНО), Рыгор Яўлінскі (Яблоко), Наталля Лісіцына (Рот фронт), Антон Бакаў (Манархічная партыя Расіі), Міхаіл Казлоў (Партыя сацыяльнай абароны), Ірына Валынец (рух Нацыянальны бацькоўскі камітэт).
Цяпер усе прэтэндэнты, акрамя Уладзіміра Жырыноўскага і Паўла Грудзініна, павінны весці збор подпісаў у сваю падтрымку. Кандыдаты ад парламенцкіх партый ЛДПР і КПРФ вызвалены ад збору подпісаў і прайшлі ўжо рэгістрацыю. Самавылучэнцам для рэгістрацыі трэба сабраць 300 тыс. подпісаў, кандыдатам ад непарламенцкіх партый - 100 тыс. Падаць у ЦВК подпісы і дакументы для рэгістрацыі можна да 18 гадзін 31 студзеня.
Пасля таго як кандыдат прадставіць у ЦВК подпісы і некаторыя неабходныя для рэгістрацыі дакументы, камісія на працягу максімум 10 дзён павінна іх праверыць. У кожнага кандыдата будуць правяраць па 60 тыс. подпісаў. Такім чынам, на 10 лютага вызначыцца канчатковы склад удзельнікаў прэзідэнцкай гонкі.
Выбары Прэзідэнта Расіі пройдуць 18 сакавіка.-0-