24 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Хакеісты зборнай Беларусі (U-18) уступілі равеснікам з ЗША з лікам 0:8 (0:2, 0:5, 0:1) на чэмпіянаце свету ў Расіі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У матчы групы А, праведзеным у Магнітагорску, трэнерскі штаб нашай каманды прадаставіў адпачынак галкіперу Мікіце Талапілу. Месца на апошнім рубяжы абароны заняў Кірыл Андрэеў, але пасля ўжо другога перыяду быў заменены на Данілу Верамейчыка. За сорак мінут беларусы прапусцілі сем шайбаў. Шмат эмоцый і сіл у падапечных Паўла Перапехіна адняў матч напярэдадні са Швейцарыяй, у якім беларусы святкавалі поспех 5:4. Амерыканцы дамінавалі ў нападзенні і дабіліся ўпэўненай перамогі. Галявым хет-трыкам у вароты беларусаў адзначыўся Коўл Коўфілд.
Турнірнае становішча групы А: 1. Канада - 9 ачкоў (3 матчы), 2. Швецыя - 9 (3), 3. ЗША - 6 (4), 4. Беларусь - 3 (4), 5. Швейцарыя - 0 (4).
Лідар групы В зборная Фінляндыі (матчы праходзяць у Чэлябінску) у заключнай сустрэчы папярэдняй стадыі сусветнага форуму перамагла Чэхію з лікам - 4:2.
Турнірнае становішча групы В: 1. Фінляндыя - 12 ачкоў (4 матчы), 2. Расія - 6 (3), 3. Славакія - 6 (3), 4. Чэхія - 3 (4), 5. Францыя - 0 (4).
У 1/4 фіналу чэмпіянату свету сярод ігракоў да 18 гадоў зборная Беларусі сустрэнецца з камандай Фінляндыі. Матч адбудзецца 26 красавіка.
Завершыцца папярэдняя стадыя турніру сёння вячэрнімі гульнямі Расія - Славакія, Швецыя - Канада.-0-