21 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Хакеісты гродзенскага "Нёмана" атрымалі шостую запар перамогу ў экстралізе. У гасцявым матчы чэмпіёны Беларусі нанеслі паражэнне "Дынама-Маладзечна" 6:2 (2:0, 1:1, 3:1), паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Падапечныя Сяргея Пушкова ўпэўнена правялі гульню, адкрыўшы лік пасля дакладнага кідка Міхаіла Стэфановіча (які аформіў галявы дубль у ходзе паядынку) ужо на трэцяй мінуце гульні, а да пачатку другога перыяду перавага гродзенцаў вырасла да трох шайбаў. Фарм-клуб мінскага "Дынама" стараўся скараціць адставанне. Разам з маладымі ігракамі на пляцоўку ў маладзечанцаў выходзілі і вопытныя хакеісты: варатар Сцяпан Гарачэўскіх, нападаючы Аляксандр Мацярухін. Гаспадары востра атакавалі, але ў заключныя дваццаць мінут сустрэчы госці змаглі яшчэ тройчы трапіць у вароты "Дынама-Маладзечна". Каманда Дзмітрыя Краўчанкі толькі на 55-й мінуце змагла забіць зноў. Дакладны кідок пры розыгрышы колькаснай большасці ўдаўся маладому нападаючаму Андрэю Бялевічу.
Галоўны трэнер маладзечанцаў Дзмітрый Краўчанка пасля матчу адзначыў, што яго падапечныя не ўступілі сапернікам у руху, але больш павольна прымалі рашэнні на пляцоўцы, што і паўплывала на падагульняючы рэзультат. Для "Нёмана" гэта ўжо шостая перамога запар у экстралізе, а няўдачны перыяд у кастрычніку, калі дзеючыя чэмпіёны прайгралі нямала важных матчаў (напрыклад, "Юнацтву" 0:6), у мінулым, падкрэсліў настаўнік гродзенцаў Сяргей Пушкоў.
У сярэдзіне турнірнай табліцы разгортваецца ўпартая барацьба за пападанне ў шасцёрку мацнейшых на другім этапе чэмпіянату. Жлобінскі "Металург" нанёс паражэнне "Лідзе" з лікам 5:3.
Турнірная табліца экстралігі: 1. "Шахцёр" - 53 ачкі (20 матчаў). 2. "Юнацтва" - 51 (19). 3. "Гомель" - 41 (19). 4. "Нёман" - 39 (17). 5. "Дынама-Маладзечна" - 34 (19). 6. "Беларусь U-20" - 32 (20). 7. "Металург" - 27 (19). 8. "Ліда" - 23 (20). 9. "Хімік" (Наваполацк) - 20 (20). 10. "Магілёў" - 15 (20). 11. "Віцебск" - 12 (20). 12. "Брэст" - 4 (20).
Чарговыя матчы ў экстралізе адбудуцца 23 лістапада: "Дынама-Маладзечна" - "Шахцёр" (18.30, тэлеканал "Беларусь 5" правядзе прамую трансляцыю сустрэчы), "Брэст" - "Металург", "Магілёў" - "Гомель", "Ліда" - "Хімік", "Нёман" - "Віцебск".
Першы этап завершыцца 2 снежня гульнёй "Гомель" - "Нёман", пасля чаго 12 каманд будуць падзелены на дзве падгрупы ("А", "Б") і згуляюць у чатыры кругі. У першую ўвойдуць клубы, якія занялі месцы з першага па шостае, у другую - з сёмага па дванаццатае. Па выніках гэтай стадыі шэсць каманд падгрупы "А" і дзве лепшыя з падгрупы "Б" выступяць у плэй-оф экстралігі.-0-