22 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларус Яўген Каралёк атрымаў перамогу ў скрэтчы на этапе Кубка свету па веласпорце на трэку ў Мінску, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У ходзе заезду яму ўдалося апярэдзіць партугальца Іва Алівейру і ўкраінскага велагоншчыка Віталя Грыніва. Для беларускіх велагоншчыкаў залаты медаль Яўгена Каралька стаў адзіным на дамашнім этапе Кубка свету.
Усяго за тры дні на веладроме "Мінск-Арэны" было разыграна 17 камплектаў узнагарод у дзевяці відах праграмы. Амаль 300 атлетаў прынялі ўдзел у спаборніцтвах у сталіцы Беларусі. Наступным буйным стартам для велагоншчыкаў на трэку стане чэмпіянат свету ў Галандыі.-0-