Сцяг Чацвер, 2 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
27 мая 2016, 10:20

Тытул "Каралева Вясна - 2016" заваявала студэнтка з Магілёва

27 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тытул "Каралева Вясна - 2016" заваявала студэнтка 2-га курса Магілёўскага філіяла ПУА "БІП - Інстытут правазнаўства" Марыя Сідарэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Марыя Сідарэнка з дзяцінства займаецца вакалам, бальнымі танцамі, наведвае подыум-школу і з'яўляецца нязменнай удзельніцай многіх конкурсаў прыгажосці і паказаў, а таксама ўладальніцай тытулаў "Міні-Міс Свету - 2007", "Міні-Міс Сусвет - 2010". Дзяўчына лічыць сябе мэтанакіраваным чалавекам. У людзях цэніць такія якасці, як сумленнасць, тактычнасць, шчырасць і ўменне сябраваць. Лічыць, што ўсмешка - гэта спосаб дзяліцца шчасцем з людзьмі.

Звання "Першая Віцэ-Каралева Вясна" ўдастоена студэнтка 4-га курса лячэбнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Галіна Касьянава.

а "Другая Віцэ-Каралева Вясна" - студэнтка 1-га курса Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Марыя Сланчэўская.

"Каралева Вясна" і "Першая Віцэ-Каралева Вясна" прадставяць Беларусь у міжнародным фінале конкурсу, які пройдзе 27 чэрвеня ў час Міжнароднага фестывалю "Студэнцкая вясна краін Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва і БРІКС" ва Уфе (Расія).

Аддаць свой голас за "Каралеву інтэрнэт-сімпатый" маглі карыстальнікі віртуальнай сеткі. Ёй стала студэнтка 2-га курса Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Юлія Дэзідзенка.

Усяго ў беларускім фінале XXV Міжнароднага міжвузаўскага конкурсу грацыі і артыстычнага майстэрства "Каралева Вясна - 2016" змагаліся 13 прадстаўніц устаноў вышэйшай адукацыі. Нацыянальны фінал конкурсу парадаваў гледачоў грандыёзным студэнцкім святам, напоўненым творчасцю, яркімі фарбамі і натхненнем. Удзельніцам было прапанавана стаць абітурыентамі, студэнтамі Каралеўскай акадэміі грацыі і артыстычнага майстэрства, а потым абараніць дыпломы на званне "Каралева". Дзяўчаты паказалі грацыю і артыстызм у час незвычайных дэфіле, праявілі свой артыстычны талент, эрудыцыю.

Міжнародны міжвузаўскі конкурс грацыі і артыстычнага майстэрства "Каралева Вясна" - некамерцыйны творчы праект, які накіраваны на выяўленне і падтрымку таленавітай моладзі, прапаганду студэнцкай творчасці, захаванне культуры, традыцый і звычаяў народаў краін СНД і блізкага замежжа. Адметная асаблівасць праекта - творчы складнік: ацэньваецца артыстычнае майстэрства і сцэнічная культура ўдзельніц, іх уменне размаўляць з аўдыторыяй, грацыя, камунікабельнасць і харызма, веданне этыкету і пачуццё гумару.

Ідэйны натхняльнік праекта - грамадскае аб'яднанне "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі". Заснавальнікі конкурсу - ГА "БРСМ", Міністэрства адукацыі Беларусі, Нацыянальная школа прыгажосці.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі