10 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства адукацыі Беларусі і кампанія МТС аб'явілі аб старце II Рэспубліканскага конкурсу маладзёжных праектаў "Інфармацыйныя і мабільныя тэхналогіі для адукацыйнага працэсу", паведамілі БЕЛТА ў прэс-цэнтры Міністэрства адукацыі.
Галоўная мэта мерапрыемства - пошук і падтрымка крэатыўных адукацыйных праектаў. Прапанаваць свае ідэі могуць навучэнцы 8-11 класаў і студэнты сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў (да 23 гадоў).
Як адзначыў дырэктар Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Мінадукацыі Павел Ліс, менавіта адукацыя вызначае вектар развіцця сучаснага грамадства, таму адукацыйная сістэма павінна быць найбольш адчувальнай да інавацый, што адбываюцца ў сферы інфармацыйных тэхналогій. "Лічбавая трансфармацыя, якая ахапіла ўсе сферы грамадскага жыцця, ставіць нас перад неабходнасцю не проста прыстасоўвацца да змяненняў, а быць актыўнымі ўдзельнікамі інавацыйных працэсаў. Гэты конкурс дае магчымасць навучэнцам праявіць сябе з творчага боку і, што асабліва важна, садзейнічае фарміраванню актыўнай жыццёвай пазіцыі маладых людзей, паколькі іх праекты могуць рэальна паўплываць на тое, што адбываецца ў сферы адукацыі", - сказаў ён.
Прыём праектаў стартуе ўжо сёння і прадоўжыцца па 16 лістапада. Конкурс пройдзе ў тры этапы: збор праектаў і ацэнка журы, паўфінал і работа з ментарамі, фінал і абарона праектаў. Прадстаўленыя работы будуць ацэньваць у чатырох намінацыях: "Лепшы інавацыйны праект для навучэнцаў і студэнтаў", "Лепшы інавацыйны праект для бацькоў", "Лепшы інавацыйны праект для педагогаў", "Лепшы маладзёжны інавацыйны праект".
Паводле слоў кіраўніка камерцыйнага дэпартамента МТС Мікалая Булаша, у гэтым годзе чакаецца высокі інтарэс да мерапрыемства. "У 2016 годзе ў конкурсе прынялі ўдзел 200 чалавек, экспертная група разгледзела і ацаніла больш за 50 праектаў, 13 з якіх прайшлі ў фінал. У гэты раз мы чакаем не менш работ. Такая адукацыйная ініцыятыва - добры прыклад прыватна-дзяржаўнага партнёрства, у выніку якога кампанія МТС і Міністэрства адукацыі інвесціруюць у будучае развіццё краіны, падтрымліваючы перспектыўныя праекты нашай моладзі. Варта адзначыць, што ўсе пераможцы конкурсу могуць разлічваць у будучым на экспертную падтрымку як з боку нашай кампаніі, так і з боку іншых буйных кампаній - ментараў конкурсу, задзейнічаных у сферы мабільных тэхналогій, ІТ і адукацыі", - запэўніў ён.
Конкурс праводзіцца ў рамках пагаднення, заключанага паміж мабільным аператарам і Міністэрствам адукацыі Беларусі 27 чэрвеня. Партнёрам выступае кампанія Huawei. Аўтары лепшых праектаў не толькі змогуць ажыццявіць свае ідэі, але і атрымаюць каштоўныя падарункі.-0-