12 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі прыкладаюцца сур'ёзныя намаганні для падтрымкі маладых таленавітых вучоных. Аб гэтым сказаў міністр адукацыі Ігар Карпенка сёння ў час адкрыцця секцыі "Моладзь і новыя гарызонты навукі" на ІІ З'ездзе вучоных, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Ігар Карпенка адзначыў, што намаганні Міністэрства адукацыі сканцэнтраваны на падтрымцы навуковай кар'еры маладых людзей. "Ва ўстановах вышэйшай адукацыі вядзецца сістэмная работа па ўключэнні студэнцкай моладзі ў навукова-даследчую дзейнасць. За два апошнія гады практычна ў два разы павялічылася колькасць навучэнцаў ва ўзросце да 24 гадоў. Станоўчыя вынікі дасягнуты дзякуючы створанай у краіне сістэме стымулявання і прыцягнення ў навуку таленавітай моладзі", - сказаў ён.
Сярод мер падтрымкі маладых вучоных - Рэспубліканскі конкурс навуковых работ студэнтаў. У 2016 годзе ў ім прынялі ўдзел студэнты і выпускнікі 51 установы вышэйшай адукацыі і філіялаў, якімі было прадстаўлена 3,8 тыс. навуковых работ. Лепшыя студэнцкія навукова-даследчыя лабараторыі, інтэлектуальныя і творчыя аб'яднанні студэнтаў маюць магчымасць атрымаць фінансавую падтрымку ад спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў. Акрамя гэтага, лаўрэатам спецыяльнага фонду Прэзідэнта аказваецца сацыяльная падтрымка. Гэта і павышаная стыпендыя, і перавага пры размеркаванні. Заканадаўча замацавана права на ўключэнне па-за чаргой у спісы на атрыманне льготных крэдытаў для набыцця жылля. Таксама прынятым на работу ў бюджэтныя арганізацыі прадугледжваецца павышэнне тарыфных ставак на 15 працэнтаў. "Усё гэта садзейнічае павышэнню матэрыяльнага забеспячэння маладых даследчыкаў, росту іх аўтарытэту ў грамадстве і прыцягальнасці навуковай сферы. Разам з тым патрэбны дадатковыя стымулы для прытоку ў сферу навукі маладых кадраў, у тым ліку маладых кадраў вышэйшай кваліфікацыі. Органам дзяржкіравання, мясцовым адміністрацыям, кіраўнікам арганізацый трэба актыўна ўключацца ў гэты працэс", - падкрэсліў Ігар Карпенка.
Вывучыўшы міжнародны вопыт, Міністэрства адукацыі сумесна з Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях прапрацоўвае пытанне прававой магчымасці ўвядзення базавага фінансавання навукі ва ўстановах вышэйшай адукацыі. "Гэта дасць ВНУ права самастойна распараджацца сродкамі, вызначаючы ў якасці прыярытэтных напрамкаў расходавання фінансаў не толькі ўласна навуковыя даследаванні, але і стымуляванне студэнцкіх навуковых аб'яднанняў, аплату ўдзелу студэнтаў і супрацоўнікаў ВНУ ў канферэнцыях, закупку абсталявання і расходных матэрыялаў для навуковых даследаванняў навучэнцаў і на іншыя мэты", - праінфармаваў міністр.
Акрамя таго, Міністэрства адукацыі прапрацоўвае пытанне выдзялення пазыкі Сусветнага банка на мадэрнізацыю вышэйшай адукацыі Беларусі. У выпадку станоўчага вырашэння пытання сродкі будуць накіраваны на развіццё інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і інавацыйнай інфраструктуры ўстаноў вышэйшай адукацыі, рэалізацыю канцэпцыі "Універсітэт 3.0".
У мэтах стымулявання эфектыўнай педагагічнай і інавацыйнай дзейнасці педработнікаў з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу, павышэння іх матэрыяльнай зацікаўленасці ў выніках працы прынята пастанова Савета Міністраў нумар 942 аб павышэнні з 1 снежня 2017 года тарыфных ставак педагагічных работнікаў з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу на 30 працэнтаў.
Выкладчыкі ВНУ, у тым ліку маладыя выкладчыкі, якія ажыццяўляюць навучанне на замежнай мове, у адпаведнасці з заканадаўствам атрымліваюць даплаты ў памеры 25 працэнтаў тарыфнай стаўкі першага разраду за кожную гадзіну вучэбных заняткаў; на падставе калектыўных дагавораў прымяняецца дадатковае штомесячнае прэміраванне ў памеры да 5 тарыфных ставак першага разраду; практыкуецца змяншэнне штатнай вучэбнай нагрузкі адносна сярэдняй па ўніверсітэце.
Для развіцця адукацыйнага патэнцыялу маладых выкладчыкаў, маладых вучоных, што ўключае павышэнне ўзроўню валодання замежнай мовай, установам вышэйшай адукацыі выдзяляюцца з рэспубліканскага бюджэту грашовыя сродкі на арганізацыю стажыровак у вядучых замежных адукацыйных арганізацыях. "Адным з крокаў па павелічэнні заработнай платы выкладчыкаў стане рост аб'ёму экспарту паслуг, што прадугледжвае пашырэнне пераліку спецыяльнасцей навучання на англійскай мове, арганізацыю навучання ў дыстанцыйнай форме, рэалізацыю сумесных адукацыйных праграм і праектаў, пашырэнне ўдзелу ўстаноў адукацыі ў міжнародных праектах, развіццё адукацыйнага турызму і шмат іншага", - рэзюмаваў Ігар Карпенка.
Секцыя "Моладзь і новыя гарызонты навукі" ІІ З'езда вучоных Беларусі праходзіла сёння на базе ліцэя БДУ. Ва ўрачыстым адкрыцці прынялі ўдзел міністр адукацыі Ігар Карпенка, першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш, рэктар БДУ Андрэй Кароль. У рабоце навуковага форуму ўдзельнічаюць каля 300 маладых вучоных беларускіх ВНУ, галіновай навукі і органаў дзяржкіравання. Дэлегаты абмяркоўвалі пытанні, якія датычацца асноўных напрамкаў развіцця навуковай сферы, інтэграцыі айчыннай навукі ў сусветную супольнасць, а таксама сувязі і ўзаемадзеяння навуковай дзейнасці маладых вучоных з рэальным сектарам эканомікі. Таксама на разгляд былі вынесены тэмы ўдасканалення дзейнасці навуковага кіраўніка.-0-