15 красавіка, Мінск /Аксана Каруна - БЕЛТА/. ААТ "Кіруючая кампанія "Белкамунмаш" да канца бягучага года вырабіць 2 доследныя ўзоры электробуса для Мінска. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла першы намеснік старшыні камітэта эканомікі Мінгарвыканкама Таццяна Краўчанка.
Паводле яе слоў, да канца бягучага года прадпрыемства вырабіць для сталіцы 2 доследныя ўзоры электробуса для абкаткі.
Электробусы дзякуючы адсутнасці выкіду шкодных рэчываў, нізкаму ўзроўню шуму і выкарыстанню чыстых крыніц энергіі лічацца "зялёным транспартам ХХІ стагоддзя". Для зарадкі электробуса не патрэбна падключэння да ліній электраперадачы. На прыпынку грамадскага транспарту ўстанаўліваецца зарадны слуп, ад якога электробус атрымлівае дастатковы аб'ём электрычнасці.
Як растлумачылі на "Белкамунмашы", цяпер на прадпрыемстве актыўна вядзецца работа па ўкараненні электробусаў на цэнтральных маршрутах Мінска. "Беларускія электробусы будуць аснашчаны суперкандэнсатарамі (кампанія Xinzhu Corp., Кітай), якія добра зарэкамендавалі сябе ў ходзе эксплуатацыі на гарадскіх маршрутах у Балгарыі і Кітаі", - адзначылі субяседнікі. Электробусы абсталююць паўпантографам - для хуткай зарадкі (не больш як 7 мінут) на канцавых станцыях.
Плануецца, што да пачатку снежня бягучага года ў Мінску па цэнтральных вуліцах пачнуць курсіраваць два электробусы мадэлі Е433 вытворчасці "Белкамунмаш", а ў першым квартале 2017 года для горада будуць пастаўлены яшчэ 18 адзінак электробусаў.
На прадпрыемстве адзначылі, што перадумовы для ўкаранення інавацыйных распрацовак у грамадскі транспарт існавалі даўно: гэта павышаная загазаванасць паветра, частыя заторы і пробкі на дарогах, немагчымасць аб'езду перашкоды на маршруце руху грамадскага транспарту. Еўрапейскія краіны даўно прыйшлі да думкі, што электробус - адзін з напрамкаў далейшага развіцця гарадскога пасажырскага транспарту.
ААТ "Кіруючая кампанія холдынга "Белкамунмаш" з'яўляецца вядучым вытворцам сучаснага гарадскога электрычнага транспарту ў Беларусі. Інжынерны склад прадпрыемства пастаянна адсочвае апошнія тэндэнцыі на сусветным рынку рухомага саставу, што дае магчымасць прапаноўваць спажыўцам сучасны і бяспечны транспарт.
У выніку актыўнага развіцця рынку гарадскога пасажырскага транспарту Еўропы і краін СНД у бок "зялёных" тэхналогій, была неабходна дыверсіфікацыя вытворчасці і асартыментнай лінейкі "Белкамунмаш".-0-