Сцяг Чацвер, 2 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
19 ліпеня 2018, 12:57

Дажджы і навальніцы захаваюцца ў асобных раёнах Беларусі ў пачатку наступнага тыдня

19 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дажджы і навальніцы захаваюцца ў асобных раёнах Беларусі ў пачатку наступнага тыдня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

"У бліжэйшыя дні тэрыторыя Беларусі застанецца пад уплывам цыкланічнага віхра на ўсходзе ад нашых граніц. Захаваецца цёплае няўстойлівае надвор'е", - расказалі ў Белгідрамеце.

У пятніцу, 20 ліпеня, умовы надвор'я на тэрыторыі Беларусі будуць вызначаць атмасферныя франты і цёплая няўстойлівая паветраная маса чарнаморскага паходжання. У многіх раёнах краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Уначы месцамі, днём на большай частцы тэрыторыі Беларусі прагрымяць навальніцы. Удзень у асобных раёнах пры навальніцах чакаюцца моцныя ліўні і моцны парывісты вецер. Тэмпература паветра ноччу складзе 14-19 градусаў вышэй за нуль, днём - плюс 21-27.

У суботу, 21 ліпеня, надвор'е ў нашай краіне па-ранейшаму будзе вызначаць цёплая вільготная няўстойлівая паветраная маса, якая паступае з Чорнага мора. Усходнія раёны застануцца пад уплывам атмасфернага фронту. Уначы месцамі, днём на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, месцамі прагрымяць навальніцы. Удзень у асобных раёнах па ўсходзе Беларусі чакаюцца моцныя дажджы. Тэмпература паветра ноччу складзе 14-19 градусаў вышэй за нуль, днём - 22-27 градусаў цяпла.

У нядзелю, 22 ліпеня, у цэнтральных і ва ўсходніх раёнах Беларусі прагназуюцца кароткачасовыя дажджы, месцамі з навальніцамі. Толькі заходнія раёны апынуцца пад уплывам вобласці павышанага ціску, там будзе ў асноўным без ападкаў. Тэмпература паветра ўначы складзе ад плюс 12 на захадзе да плюс 19 на ўсходзе краіны, удзень - 22-28 градусаў цяпла.

У пачатку наступнага тыдня дажджоў будзе менш. У панядзелак, 23 ліпеня, кароткачасовыя навальнічныя дажджы пройдуць толькі ў асобных раёнах краіны. Ноччу і раніцай месцамі чакаецца слабы туман. Тэмпература паветра ўначы складзе 11-18 градусаў вышэй за нуль, удзень - 22-28 градусаў цяпла.

У аўторак, 24 ліпеня, пераважна ва ўсходніх раёнах краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, месцамі навальніцы. Тэмпература паветра ноччу складзе 12-19 градусаў вышэй за нуль, днём - плюс 22-28.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі