Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
17 жніўня 2018, 16:50

Больш за 80 мерапрыемстваў запланавана ў праграме юбілейнага Дня беларускага пісьменства

17 жніўня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Больш за 80 мерапрыемстваў запланавана ў праграме XXV Дня беларускага пісьменства, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Іванаўскага райвыканкама Галіна Клімовіч.

Свята пройдзе 1-2 верасня ў Іванаве больш як на двух дзясятках пляцовак. "У праграму ўключаны мерапрыемствы, прапанаваныя як рэспубліканскімі міністэрствамі і ведамствамі, так і мясцовымі органамі ўлады (Брэсцкім абласным, Іванаўскім раённым выканкамамі). Акрамя таго, для дэлегацый і гасцей запланаваны розныя экскурсіі з наведваннем музеяў, аглядам выдатных мясцін раёна", - адзначыла Галіна Клімовіч.

Першы дзень практычна поўнасцю будзе прысвечаны літаратуры. Так, у раённым музейным комплексе імя Напалеона Орды пройдзе міжнародны круглы стол беларускіх і замежных літаратараў. Плануецца, што ў дыскусіі прымуць удзел прадстаўнікі 15 краін. У раённай бібліятэцы імя Панфёрава збяруцца ўдзельнікі навукова-практычнай канферэнцыі "Іванаўскія чытанні". На гарадской плошчы разгорнуцца павільёны традыцыйнага фестывалю кнігі і прэсы, у час якога адбудуцца аўтограф-сесіі беларускіх пісьменнікаў, прэзентацыі лепшых выданняў мастацкай, навуковай і дзіцячай літаратуры, пройдзе грамадска-культурная акцыя "Чытаем Купалу разам".

Іванаўскі раённы Цэнтр культуры і народных традыцый на два дні ператворыцца ў адну вялікую экспазіцыйную пляцоўку. Тут можна будзе азнаёміцца з выстаўкай, прысвечанай 400-годдзю першага ў свеце выдання пад назвай "Буквар", экспазіцыяй галаграм старадрукаваных кніг з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, выстаўкай кніг з фондаў Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М.Горкага, дакументальнымі выстаўкамі, прысвечанымі творчасці Я. Коласа, М. Зарэцкага. Увечары ў цэнтры адбудзецца фінал рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў "Жывая класіка", прысвечанага Году малой радзімы.

Таксама 1 верасня ААТ "Белкніга" ўрачыста адкрые ў раённым універмагу кніжны магазін "Верасень". Днём у гарадскім парку стартуе XXII абласное свята-конкурс духавой музыкі "Фанфары-2018". Бліжэй да вечара там адбудзецца закрыццё абласнога пленэру разьбяроў па дрэве. Мотальскі музей народнай творчасці будзе прымаць удзельнікаў краязнаўчых чытанняў па рукапісе Марыі Саковіч 1877 года "Сяляне мястэчка Моталь і іх песні".

Праграма другога дня пачнецца з адкрыцця на вул. 17 Верасня ў Іванаве памятнага знака, прысвечанага юбілейнаму Дню беларускага пісьменства. Афіцыйная цырымонія адкрыцця свята адбудзецца ў 12.00 на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы ў гарадскім парку, у час якой пройдзе ўручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Там жа эстафету свята ўрачыста перададуць Слоніму, дзе пройдзе XXVI Дзень пісьменства. У адкрыцці і вялікай вячэрняй праграме прымуць удзел зоркі беларускай эстрады Ірына Дарафеева, Іскуі Абалян, "Беларускія песняры", ансамбль "Бяседа" і іншыя.

Праграма таксама ўключае гашэнне памятных маркі і паштовага канверта, майстар-класы па традыцыйных рамёствах і выстаўку-продаж тэматычнай сувенірнай прадукцыі народных умельцаў. Часткай Дня пісьменства традыцыйна з'яўляецца рэспубліканская навукова-асветная экспедыцыя "Дарога да Святынь" з Жыватворным агнём ад Труны Гасподняй, у якой прымаюць удзел прадстаўнікі творчай і навуковай інтэлігенцыі, духавенства. Удзельнікі экспедыцыі высадзяць на тэрыторыі беларускамоўнай СШ нумар 4 Сад Малітвы, правядуць духоўна-асветніцкія сустрэчы з жыхарамі вёсак Адрыжын і Махро, персаналам і адпачывальнікамі санаторыя "Алеся".

Дзень беларускага пісьменства заснаваны ў 1994 годзе і адзначаецца штогод у першую нядзелю верасня. У гэтым годзе ён прысвечаны тэме "Мая малая радзіма".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі