16 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. За невыкананне даручэнняў Прэзідэнта Беларусі па комплексным развіцці Аршанскага раёна і неналежнае выкананне службовых абавязкаў да адказнасці прыцягнуты шэраг службовых асоб. Адпаведны ўказ падпісаў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
Анатоль Чорны і Віталь Воўк вызвалены ад пасад міністра архітэктуры і будаўніцтва і міністра прамысловасці адпаведна.
Строгая вымова аб'яўлена старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Мікалаю Шарстнёву.
Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі Станіслаў Зась і старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Алег Двігалеў папярэджаны аб няпоўнай службовай адпаведнасці.
Акрамя таго, указам прадпісана старшыні Віцебскага аблвыканкама вызваліць Аляксандра Пазняка ад пасады старшыні Аршанскага райвыканкама і назначыць на гэту пасаду Ігара Ісачанку.-0-