Сцяг Аўторак, 7 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
03 красавіка 2018, 13:05

Лукашэнка: у аграрныя ВНУ трэба адбіраць абітурыентаў, знаёмых з жыццём вёскі і вытворчасцю

3 красавіка, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. У аграрныя ВНУ трэба адбіраць абітурыентаў, знаёмых з жыццём вёскі і вытворчасцю. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на рэспубліканскім семінары-нарадзе аб развіцці вёскі і павышэнні эфектыўнасці аграрнай галіны краіны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На думку Прэзідэнта, асноўная прычына парушэнняў тэхналогій у сельскай гаспадарцы - няўменне і нежаданне кіраўнікоў і спецыялістаў арганізаваць работу на належным узроўні.

"Часта мы рыхтуем спецыялістаў, у якіх няма ніякага жадання працаваць у вёсцы. Такі выпускнік праз два гады, прынёсшы не столькі карысці, колькі шкоды гаспадарцы, пойдзе ў іншыя структуры. Урад павінен выбудаваць аптымальную сістэму. Для паступлення ў аграрныя ВНУ неабходна штогод адбіраць абітурыентаў, знаёмых з сельскім укладам жыцця і вытворчасцю", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Менавіта іх трэба накіроўваць на мэтавую падрыхтоўку ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. "Пры гэтым я ставіў перад вамі задачу ў лепшых гаспадарках стварыць школы і накіраваць туды па 10-15, а магчыма, па 6-7 перспектыўных маладых людзей, якія ўбачаць сапраўдную вытворчасць, да якой мы імкнёмся. Мы іх дашліфуем за паўгода, максімум за год. Неабавязкова, каб яны там увесь час былі, а на пікавых мерапрыемствах: пасяўная, уборачная, нарыхтоўка кармоў, іншыя тэхналагічныя прыёмы - яны вызначаць самі, дзе і колькі ім быць. У кожнай вобласці павінны былі быць створаны такія школы. У нас такіх прадпрыемстваў дастаткова", - лічыць Прэзідэнт.

Прэтэнзіі ў пытанні падрыхтоўкі кадраў і да работнікаў вытворчасці. "Вам як заказчыкам кадраў для вёскі трэба непасрэдна ўдзельнічаць у падрыхтоўцы будучых работнікаў. Арганізаваць для іх добрую практыку, дадатковае навучанне з улікам патрэбнасці канкрэтнай вытворчасці, стварыць неабходныя ўмовы ў перыяд вучобы і на старце вытворчай дзейнасці", - адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка прывёў у прыклад ІТ-кампаніі, якія гатовы фінансаваць падрыхтоўку спецыялістаў для сваіх патрэб у дзяржаўных ВНУ. "Я нешта не пачуў ад вас такіх прапаноў, - папракнуў Прэзідэнт кіраўнікоў сельгасарганізацый. - Таму хачу пачуць, як міністр збіраецца разам з губернатарамі вырашаць пытанне фарміравання стабільнага кадравага корпуса для вырашэння праблем вёскі".

Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на частую змену кіраўнікоў і спецыялістаў на сельскагаспадарчых прадпрыемствах. Паводле яго слоў, адпаведныя рашэнні прымаюцца замест таго, каб дапамагчы разабрацца з прычынамі, якія тармозяць развіццё гаспадарак, і аказаць ім садзейнічанне. У 2017 годзе ў сельскагаспадарчых арганізацыях адзначаны 273 такія выпадкі. У Гомельскай вобласці, напрыклад, замянілі кожнага трэцяга кіраўніка.

"Замянілі - напэўна, трэба было замяніць. Але кадравая чахарда, калі на працягу двух-трох гадоў, а часам і аднаго года ў гаспадарцы мяняецца па некалькі кіраўнікоў, як правіла, завяршаецца правалам. І ніхто за гэта не адказвае - ні старшыня райвыканкама, ні губернатар, ні памочнік Прэзідэнта - інспектар у вобласці", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што кадравыя пытанні не вырашыць без павышэння прэстыжу працы ў вёсцы і ўдасканалення сістэмы яе аплаты. "Патрабаваў і буду патрабаваць своечасовай выплаты заработку нашым работнікам. Пастаўленая задача па павышэнні яго ўзроўню адносіцца і да сельскагаспадарчага сектара, а можа, нават і перш за ўсё да яго. Не такія там багатыя людзі, а працуюць больш, чым гараджане. Але грошы, вядома, павінны быць зароблены", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі