16 лістапада, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. У Беларусі выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 28-га склікання назначаны на нядзелю, 18 лютага. Гэта прадугледжана ўказам нумар 410 "Аб назначэнні выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў", які падпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
Дакумент накіраваны на рэалізацыю канстытуцыйных паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы па назначэнні чарговых выбараў у мясцовыя прадстаўнічыя органы (п. 2 арт. 84 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь).
Дзяржаўным органам і іншым арганізацыям даручаецца забяспечыць выкананне аднесеных да іх кампетэнцыі арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў. Урад у тым ліку павінен прафінансаваць расходы на выбарчую кампанію ў межах сродкаў, прадугледжаных у рэспубліканскім бюджэце на гэтыя мэты.-0-