5 лютага, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Беларусь і Расія маюць намер прадоўжыць умацаванне двухбаковага ўзаемадзеяння па ўсіх напрамках. Такая дамоўленасць дасягнута ў час сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, якая адбылася 5 лютага ў Сочы. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Асноўная ўвага ў час перагавораў была ўдзелена маючым адбыцца ў лютым важным для беларуска-расійскага ўзаемадзеяння падзеям. У прыватнасці, лідары дзвюх дзяржаў падрабязна разгледзелі парадак дня намечанага на люты пасяджэння Вышэйшага дзяржаўнага савета. Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што папярэдне гэту тэму ён абмеркаваў у Сочы з кіраўніком расійскага ўрада. "У нас была магчымасць сустрэцца з прэм'ер-міністрам Дзмітрыем Мядзведзевым па вашым даручэнні. Мы падрабязна гаварылі аб пасяджэнні ВДС, а таксама аб пасяджэнні Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы, якое пройдзе ў Магілёве", - канстатаваў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Уладзімір Пуцін падкрэсліў важнасць перагавораў з Прэзідэнтам Беларусі напярэдадні пасяджэння Вышэйшага дзяржаўнага савета. "Вельмі рады вас бачыць, - сказаў расійскі лідар. - Нам ёсць аб чым пагаварыць".
Прэзідэнт Расіі прапанаваў пагаварыць "наконт бягучых двухбаковых спраў і аб рэгіянальных пытаннях, а таксама аб сумесных намаганнях па ўмацаванні інтэграцыйных працэсаў".
З улікам маючых адбыцца беларуска-расійскіх мерапрыемстваў прэзідэнты Беларусі і Расіі ўзгаднілі пазіцыі па шэрагу пытанняў. Лідары дзвюх краін пагадзіліся з тым, што неабходна аб'ядноўваць намаганні ва ўмовах сучасных выклікаў.
Акрамя таго, на перагаворах Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін закранулі пытанні міжнароднага парадку дня, тэму міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі.-0-