14 лістапада, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Цэнтральная выбарчая камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў апублікуе падрабязную інфармацыю аб выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў 28-га склікання на сайце і ў газеце "СБ. Беларусь сегодня". Аб гэтым паведаміла журналістам старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына па выніках сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Заўтра Цэнтральная камісія правядзе сваё пасяджэнне і зацвердзіць каляндарны план правядзення ўсіх выбарчых мерапрыемстваў. Ён будзе апублікаваны як на сайце, так і ў газеце "Советская Белоруссия". Мы ўжо дасягнулі дамоўленасці, што яны трымаюць для нас плошчы на 16-е лістапада. Будзе цэлая падборка ўсіх матэрыялаў, якія датычацца вылучэння ў склады выбарчых камісій і вылучэння кандыдатаў у дэпутаты, збору подпісаў", - сказала Лідзія Ярмошына.
Адказваючы на пытанне, якую яўку на выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 28-га склікання чакае Цэнтрвыбаркам, Лідзія Ярмошына заўважыла, што ў 2014 годзе яна склала каля 78 працэнтаў. "Усё залежыць ад кандыдатаў у дэпутаты", - дадала яна.
Старшыня ЦВК таксама пракаменціравала гатоўнасць палітычных сіл да выбарчай кампаніі. "Я заўважыла, што, чым больш грошай укладваецца ў фінансаванне асобных кандыдатаў, тым бруднейшая выбарчая кампанія. Не думаю, што кандыдаты ў дэпутаты на выбары ў мясцовыя Саветы будуць укладваць або атрымліваць даволі вялікія сродкі на вядзенне перадвыбарнай агітацыі. Таму я думаю, што ў нас выбарчая кампанія будзе ў гэтым плане даволі стэрыльная", - сказала Лідзія Ярмошына.-0-