27 красавіка, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Пятае пасяджэнне Каардынацыйнай групы Беларусь-ЕС адбылося ў Мінску 26-27 красавіка, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МЗС.
Беларускую дэлегацыю ўзначаліў намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка, еўрапейскую - кіруючы дырэктар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў па справах Еўропы і Цэнтральнай Азіі Томас Маер-Хартынг.
У склад беларускай дэлегацыі таксама ўвайшлі прадстаўнікі кіраўніцтва міністэрстваў сельскай гаспадаркі і харчавання, працы і сацыяльнай абароны, эксперты МЗС, МУС, міністэрстваў прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, эканомікі, юстыцыі, Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях, іншых дзяржорганаў і арганізацый.
У ходзе пасяджэння абмеркаваны актуальны стан двухбаковых адносін, удзел Беларусі ў ініцыятыве ЕС "Усходняе партнёрства", тэматыка правоў чалавека. Удзельнікі мерапрыемства ўдзялілі ўвагу перспектывам узаемадзеяння ў галіне адукацыі, аховы навакольнага асяроддзя, навукі, транспарту, лічбавай эканомікі, энергетыкі. Парадак дня перагавораў таксама ўключаў супрацоўніцтва ў міграцыйнай сферы і па лініі праграм міжнароднай тэхнічнай дапамогі ЕС.
Прадстаўнікі асобных беларускіх няўрадавых арганізацый прынялі ўдзел у шэрагу сегментаў Каардынацыйнай групы.
Каардынацыйная група Беларусь-ЕС праводзіла сваё першае пасяджэнне ў красавіку 2016 года. Гэты фармат створаны для забеспячэння структураванага палітычнага дыялогу па ўсім спектры двухбаковага ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Еўрасаюзам.
Пасяджэнні праходзяць раз у паўгоддзе. Удзел у мерапрыемствах прымаюць прадстаўнікі Еўрапейскай камісіі, Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў, рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання Беларусі.-0-