Сцяг Нядзеля, 24 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
22 ліпеня 2016, 12:58

ВЫБАРЫ-2016: Мінінфарм Беларусі растлумачыў, як правільна весці перадвыбарную агітацыю ў сацсетках

22 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кандыдату ў дэпутаты не забаронена карыстацца сацыяльнымі сеткамі ў агітацыйных мэтах пры ўмове, што ў такую дзейнасць не будуць укладвацца матэрыяльныя сродкі. Аб гэтым у інтэрв'ю газеце "Звязда" расказаў старшыня Наглядальнага савета па кантролі за выкананнем парадку і правіл правядзення перадвыбарнай агітацыі ў СМІ, першы намеснік міністра інфармацыі Беларусі Ігар Луцкі, паведамляе БЕЛТА.

У такіх выпадках агітацыя праз сацыяльныя сеткі падобна, напрыклад, да правядзення агітацыйных пікетаў на вуліцы, адзначыў Ігар Луцкі. "Калі ў агітацыю ў сацыяльнай сетцы ўкладваюцца сродкі, то гэта павінна быць зроблена афіцыйна. Таму што на правядзенне агітацыі згодна з законам ствараецца фонд у памеры 1 тыс. базавых велічынь (Br21 тыс.)", - растлумачыў старшыня Наглядальнага савета.

Ён дадаў, што друкаваныя СМІ, радыё і тэлебачанне сёння пакуль яшчэ найбольш актыўна выкарыстоўваюцца ў агітацыі, аднак інтэрнэт ужо таксама нельга скідваць з рахункаў.

Ігар Луцкі нагадаў будучым кандыдатам у дэпутаты, што агітацыйныя перадвыбарныя матэрыялы, дзе б яны ні размяшчаліся, не павінны змяшчаць прапаганды вайны, заклікаў да насільнага змянення канстытуцыйнага ладу, парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі, зняваг і паклёпу адносна службовых асоб, іншых кандыдатаў. Акрамя таго, забаронена агітацыя або прапаганда сацыяльнай, расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або моўнай перавагі, выпуск і распаўсюджванне паведамленняў і матэрыялаў, якія выклікаюць сацыяльную, расавую, нацыянальную і рэлігійную варожасць.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі