Сцяг Субота, 23 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
15 студзеня 2018, 14:09

Колькасць подпісаў для вылучэння на прэзідэнцкіх выбарах аптымальна зменшыць - Ярмошына

15 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Колькасць подпісаў для вылучэння на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі аптымальна зменшыць, паведаміла ў інтэрв'ю БЕЛТА старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.

Кандыдаты на пасаду прэзідэнта вылучаюцца грамадзянамі Беларусі пры наяўнасці не менш як 100 тыс. подпісаў выбаршчыкаў. У той жа час у Расіі вылучацца можна ад палітычнай партыі, прычым, калі партыя парламенцкая, ад збору подпісаў яна вызваляецца.

"У нас няма яшчэ парламенцкіх фракцый. У Расіі (на выбарах у Дзярждуму. - Заўвага БЕЛТА) дзейнічае змешаная мажарытарна-прапарцыянальная сістэма, у сувязі з чым у іх фарміруюцца парламенцкія фракцыі. У беларускім парламенце фракцыі адсутнічаюць. Але я не лічу, што парламенцкая партыя павінна мець большыя правы, чым непарламенцкая", - сказала Лідзія Ярмошына.

Пры гэтым яна звярнула ўвагу, што раней у Беларусі дзейнічала "вельмі ліберальная норма па Канстытуцыі 1994 года" - калі дэпутаты парламента (тады - Вярхоўнага Савета) маглі вылучыць самі, без усялякага збору подпісаў, кандыдата ў прэзідэнты. "Гэта закончылася поўным канфузам, таму што пасля вылучэння такога кандыдата (а ім быў палітык Карпенка) партыі проста пачалі таргавацца паміж сабой, а дэпутаты, якія падпісаліся ў падтрымку вылучэнца, - плесці нейкія інтрыгі", - заўважыла старшыня Цэнтрвыбаркама. У выніку некалькі дэпутатаў знялі свае подпісы, і ў названага прэтэндэнта іх стала недастаткова для вылучэння. "З улікам гэтай практыкі ў 1996 годзе, калі ў нашай краіне змянялася Канстытуцыя, было прынята рашэнне адмовіцца ад гэтай нормы і ўраўнаваць абсалютна ўсіх кандыдатаў з пункту гледжання атрымання падтрымкі насельніцтва. Я ўсё ж такі лічу, што не трэба звязваць магчымасць удзелу ў выбарах з палітычнымі інтрыгамі", - заявіла Лідзія Ярмошына.

"А наогул, калі гаварыць аб прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі, тут іншае трэба мяняць. У Расіі зменшылася колькасць подпісаў, якія трэба сабраць у падтрымку вылучэння кандыдата на вышэйшую дзяржаўную пасаду. У іх раней наогул аб мільёнах размова ішла. Нам таксама трэба змяншаць колькасць подпісаў, прынамсі, даводзіць хоць бы да аднаго працэнта ад колькасці выбаршчыкаў", - упэўнена кіраўнік ЦВК.

Яна выказала меркаванне, што, калі зыходзіць з колькасці выбаршчыкаў прыкладна 7 млн, неабходная колькасць сабраных подпісаў можа даходзіць да 70 тыс. "Я лічу, што бар'еры для вылучэння трэба ўстараняць, каб было больш зарэгістраваных кандыдатаў і актыўней працякала палітычнае жыццё", - сказала Лідзія Ярмошына. На яе думку, пры дзеючым заканадаўстве без вялікіх грошай або без значнага адміністрацыйнага рэсурсу сабраць 100 тыс. подпісаў вельмі складана. "Вядома, ужо на пачатковай стадыі кандыдаты ў прэзідэнты ў нас могуць ствараць выбарчыя фонды, але, шчыра кажучы, не так шмат людзей, якія могуць іх аплаціць. Ці патрэбна настолькі камерцыялізаваць выбары?" - задалася пытаннем старшыня ЦВК.

Бліжэйшыя прэзідэнцкія выбары павінны прайсці ў Беларусі не пазней за 30 жніўня 2020 года.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі