31 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Афіцыйны Мінск вітае рашэнне пасольства ЗША аб аднаўленні ўсяго спектра візавых паслуг. Аб гэтым заявіў журналістам начальнік упраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык, паведамляе БЕЛТА.
Напярэдадні на брыфінгу ў пасольстве ЗША ў Беларусі стала вядома, што амерыканская дыпмісія з 1 лютага аднаўляе прадастаўленне ўсяго спектра паслуг, звязаных з выдачай неіміграцыйных віз ЗША. Такія візы ў Мінску змогуць атрымліваць усе катэгорыі грамадзян Беларусі. "Гэты крок разглядаем як неад'емную частку агульнага працэсу паступальнага паляпшэння беларуска-амерыканскіх адносін", - заявілі ў беларускім знешнепалітычным ведамстве, каменціруючы гэта рашэнне.
Дзмітрый Мірончык адзначыў, што выдача віз з'яўляецца адной з асноўных консульскіх функцый дыппрадстаўніцтваў. Беларускі бок рады таму, што "гэты элемент адносін Беларусі і ЗША цяпер нармалізаваны".
"Упэўнены ў тым, што цяперашні крок амерыканскага боку будзе садзейнічаць умацаванню дзелавых, турыстычных і гуманітарных кантактаў паміж нашымі краінамі", - дадаў афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі.-0-