4 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі плануецца стварыць рабочую групу па пытаннях дзейнасці індывідуальных прадпрымальнікаў. Аб гэтым ішла размова на пасяджэнні грамадска-кансультатыўнага савета па развіцці прадпрымальніцтва пры Міністэрстве эканомікі пад старшынствам намесніка міністра Ірыны Касцевіч, паведамілі БЕЛТА ў Мінэканомікі.
"У час пасяджэння прадстаўнікі бізнесу выказалі прапанову аб стварэнні пры грамадска-кансультатыўным савеце пры Мінэканомікі пастаяннай групы па абмеркаванні пытанняў дзейнасці выключна індывідуальных прадпрымальнікаў. Гэта прапанова была падтрымана саветам", - адзначылі ў Мінэканомікі.
У пасяджэнні прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства гандлю, Міністэрства па падатках і зборах, Міністэрства аховы здароўя, Нацыянальнага банка, Вярхоўнага суда, Дзяржстандарту, а таксама лідары бізнес-саюзаў.
"Работа савета пачалася нестандартна: у самым пачатку прадпрымальнікі атрымалі магчымасць агучыць усе праблемныя пытанні, а прадстаўнікі дзяржорганаў - Міністэрства па падатках і зборах, Дзяржстандарту і Нацбанка - у сваіх выступленнях адказвалі на іх. Большасць пытанняў датычыліся ўмоў работы індывідуальных прадпрымальнікаў з 1 студзеня 2016 года", - расказалі ў Мінэканомікі.
Там нагадалі, што з гэтай даты завяршаюцца адразу тры "пераходныя перыяды". Па-першае, з 1 студзеня 2016 года спыняецца гандаль "астаткамі" - інакш кажучы, таварамі лёгкай прамысловасці, якія ўвезены ў Беларусь без суправаджальных дакументаў да 1 ліпеня 2014 года. З гэтай даты гандляваць без дакументаў забаранілі (указ ад 16.05.14 нумар 222), але на распродаж ранейшых запасаў у агульнай колькасці далі 1,5 года. "Тым, хто не паспеў усё распрадаць, застаецца толькі выкарыстоўваць гэтыя тавары для сябе - яны павінны быць выведзены з прадпрымальніцкага абароту", - растлумачылі ў Мінэканомікі.
Па-другое, з 1 студзеня 2016 года ўсе тавары легпрама павінны ў поўнай меры адпавядаць тэхнічнаму рэгламенту Мытнага саюза 017/2011 ”Аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці", г.зн. мець аб'ектыўную інфармацыю аб вытворцы, імпарцёры, спажывецкіх уласцівасцях і неабходныя дакументы аб пацвярджэнні бяспекі. "Фактычна тэхрэгламент і адпаведнае нацыянальнае заканадаўства дзейнічаюць ужо некалькі гадоў, але прадпрымальнікам было дазволена не выконваць гэтыя правілы ў поўным аб'ёме і нават наогул не выконваць іх, праўда, папярэдзіўшы спажыўца аб гэтым", - адзначылі ў ведамстве.
Па-трэцяе, з 1 студзеня 2016 года ўсе індывідуальныя прадпрымальнікі ў Мінску і гарадах абласнога падпарадкавання адначасова з прадпрымальнікамі гарадоў раённага падпарадкавання ў сваіх гандлёвых аб'ектах (а таксама аб'ектах бытавога абслугоўвання і таксі) абавязаны ўстанавіць і выкарыстоўваць плацежныя тэрміналы, г.зн. прымаць аплату банкаўскімі карткамі. Згодна з сумеснай пастановай урада і Нацбанка (ад 6 ліпеня 2011 г. нумар 924/16) эта павінна было адбыцца 1 ліпеня 2015 года, але ў выніку прадпрымальнікам Мінска і гарадоў абласнога падпарадкавання далі адтэрміноўку паўгода.
"Адтэрміноўкі і пераходныя перыяды прадастаўляліся ў выніку разумення аб'ектыўных складанасцей, звязаных з пошукам новых добрасумленных пастаўшчыкоў, правераных тавараў або, як у выпадку з тэрміналамі, - з дадатковымі расходамі", - падкрэслілі ў міністэрстве.
Там канстатавалі, што значная частка індывідуальных прадпрымальнікаў скарысталася прадастаўленым часам па прызначэнні. Так, калі ў 2014 годзе амаль 40 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў рэалізоўвалі "астаткі", то на гэты час іх засталося, паводле ацэнкі, менш за 13 тыс. чалавек. Разам з тым практыка пераносаў і адтэрміновак не вырашала праблемы ў цэлым. Пасля заканчэння тэрміну іх дзеяння заставаліся і застаюцца індывідуальныя прадпрымальнікі, не гатовыя да работы ў новых умовах.
Цяпер яны выступаюць за дазвол гандляваць астаткамі аж да поўнага распродажу, а плацежныя тэрміналы ўстанаўліваць па жаданні прадпрымальнікаў. Іншымі словамі, размова ідзе аб прапановах па яшчэ адным змяненні заканадаўства.
Разам з тым індывідуальнымі прадпрымальнікамі быў узняты шэраг практычных пытанняў, звязаных з выкананнем існуючых норм. У прыватнасці, з устаноўкай і абслугоўваннем банкамі плацежных тэрміналаў, практыкай праверкі сапраўднасці дакументаў, што прадастаўляюцца контрагентамі ў Расіі і практыкай прымянення адміністрацыйнай адказнасці за работу з дакументамі, прызнанымі не адпавядаючымі рэчаіснасці.
Ірына Касцевіч падкрэсліла важнасць праведзенага пасяджэння ГКС як дыялогавай пляцоўкі дзяржорганаў і індывідуальных прадпрымальнікаў і падзякавала прадстаўнікам прадпрымальніцтва за грунтоўную падрыхтоўку. Яна адзначыла, што ўсе названыя практычныя праблемы і прапановы знойдуць адлюстраванне ў падагульняючым пратаколе пасяджэння, і папрасіла прадстаўнікоў дзяржорганаў у самы кароткі тэрмін прадставіць прапановы па іх вырашэнні.
Абмеркаванне практычных праблем, звязаных з плацежнымі тэрміналамі (у тым ліку спосабаў іх устаноўкі, тарыфаў абслугоўвання і скорасці залічэння грашовых сродкаў на рахункі), будзе ініцыіравана ў бліжэйшы час у рамках міжведамаснага савета пры Нацбанку. Паводле слоў намесніка міністра гандлю Ірыны Наркевіч, важна вырашаць гэтыя пытанні з улікам інтарэсаў усіх бакоў - пакупнікоў, прадпрымальнікаў і банкаўскай сістэмы, і ў сувязі з гэтым будзе карысна вывучэнне літоўскага і латвійскага вопыту.-0-