24 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі да 2020 года не будуць павышаць падаткі і ўводзіць новыя. Гэта прадугледжана дэкрэтам нумар 7 "Аб развіцці прадпрымальніцтва", які падпісаны 23 лістапада Прэзідэнтам, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.
Дэкрэтам устаноўлена забарона на павышэнне падатковых ставак, а таксама на ўвядзенне новых падаткаў, збораў (пошлін) да 2020 года.
Суб'ектам гаспадарання, якія займаюцца рознічным гандлем праз інтэрнэт-магазін, прадастаўлена права з 1 студзеня 2018 года прымяняць спрошчаную сістэму падаткаабкладання.
Акрамя таго, не праводзіцца спагнанне падаткаў з суб'ектаў гаспадарання ў выпадку непрадстаўлення патрабавання аб іх выплаце на працягу 5 гадоў з дня заканчэння тэрміну выплаты. Выключэнне складаюць выпадкі перавышэння правяраемага перыяду 5 гадоў (згодна з заканадаўчым актам), прадстаўлення суб'ектамі гаспадарання падатковых дэкларацый з унесенымі змяненнямі і (або) дапаўненнямі.
Абавязковыя для выканання суб'ектамі гаспадарання тэхнічныя нарматыўныя прававыя акты (ТНПА) павінны прайсці юрыдычную экспертызу на прадмет іх адпаведнасці заканадаўчым актам і пастановам Савета Міністраў. Экспертыза будзе праводзіцца Нацыянальным цэнтрам прававой інфармацыі. Даныя ТНПА будуць уключацца ў Нацыянальны рэестр прававых актаў і афіцыйна публікавацца на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Саўмін на працягу трох месяцаў павінен забяспечыць распрацоўку і размяшчэнне на адзіным партале электронных паслуг і сайце Нацыянальнага агенцтва інвестыцый і прыватызацыі метадычных рэкамендацый па ажыццяўленні суб'ектамі гаспадарання найбольш распаўсюджаных відаў эканамічнай дзейнасці. Такі ж тэрмін адводзіцца для скарачэння відаў архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці (іх складнікаў), якія ажыццяўляюцца суб'ектамі гаспадарання пры наяўнасці атэстатаў адпаведнасці.-0-