19 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У нацыянальным конкурсе XXIV Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад" прыме ўдзел 31 фільм, паведаміў на прэс-канферэнцыі каардынатар нацыянальнага конкурсу Мікалай Лаўранюк, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Мікалай Лаўранюк расказаў, што на ўдзел у нацыянальным конкурсе было пададзена больш за 90 заявак. Арганізатары стараліся адабраць лепшае з лепшага, кіно, якое адпавядае сучасным тэндэнцыям, кіно, за якое не сорамна. У творчым спаборніцтве ўдзельнічаюць работы вядомых майстроў і маладых рэжысёраў.
На нацыянальным конкурсе ігравога кіно заяўлена 9 карцін. Сярод іх прэм'ера - зняты на Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" кінаальманах "Мы", у які ўвайшлі пяць навел маладых рэжысёраў, аб якіх можна гаварыць і спрачацца. Фільм, на які арганізатары раяць звярнуць увагу, - "Заўтра" Юліі Шатун. Гэта карціна ўдзельнічае таксама ў конкурсе "Маладосць на маршы" і, на думку крытыкаў, дастойна ўпісваецца ў палітру сучаснага еўрапейскага кіно. Ужо вядомае імя Улады Сяньковай - рэжысёр не першы раз удзельнічае ў конкурсе і на гэты раз таксама пастараецца не расчараваць гледача сваёй новай работай Paranoid Android.
У конкурсе дакументальнага кіно будуць удзельнічаць 12 карцін, анімацыйнага - 10.
Паводле слоў Мікалая Лаўранюка, нацыянальная праграма - адна з важнейшых на кінафестывалі, яна аб'ядноўвае беларускае кіно з сусветным, упісвае яго ў міжнародны кантэкст. Вельмі важна, што ацэньвае карціны міжнароднае журы (яго ўзначаліць у гэтым годзе вядомы беларускі рэжысёр Юрый Гарулёў), паказы наведваюць нямала гасцей, а пасля "Лістапада" многія фільмы прадаўжаюць сваё фестывальнае жыццё.
Пазаконкурсная праграма нацыянальнага кіно "Беларуская панарама" ўключае шэсць карцін. Фільм адкрыцця нацыянальнай праграмы - дакументальны пазаконкурсны фільм "Залатая маска" рэжысёра Анатоля Алая.
Паказы фільмаў нацыянальнага конкурсу "Лістапада-2017" адбудуцца ў кінатэатры "Беларусь" 7-9 лістапада.
XXIV Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад" пройдзе з 3 па 10 лістапада пад слоганам "Ісціна, любоў і прыгажосць". Дырэкцыя галоўнай кінападзеі года - Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў "АРТ Карпарэйшн". Арганізатарамі выступаюць Міністэрства культуры, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт пры ўдзеле Белтэлерадыёкампаніі, Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм", Беларускага саюза кінематаграфістаў.-0-