Сцяг Субота, 23 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
06 жніўня 2018, 14:33

Народнаму артысту Беларусі і СССР Ігару Лучанку сёння спаўняецца 80 гадоў

6 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выдатны кампазітар, народны артыст Беларусі і СССР, прафесар, акадэмік, доктар навук Ігар Лучанок сёння святкуе 80-годдзе.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў ордэн Айчыны III ступені старшыні грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз кампазітараў" Ігару Лучанку, 2014 год'

Беларускі кампазітар Ігар Міхайлавіч Лучанок унёс неацэнны ўклад у развіццё нацыянальнай культуры. Яго творчасць з'яўляецца сапраўднай эпохай у музычным мастацтве Беларусі і Расіі, імя кампазітара добра вядаюць у многіх краінах свету.

Канцэрт майстроў мастацтваў Беларусі для дэлегатаў XXXIX з'езда БРСМ. Выступае Ігар Лучанок, 2005 год'

Нарадзіўся Ігар Лучанок 6 жніўня 1938 года ў Мар'інай Горцы Пухавіцкага раёна ў сям'і ўрача. Сям'я была вельмі музычнай. Дзякуючы бацьку Ігар Міхайлавіч у раннім узросце асвоіў цымбалы, скрыпку, баян. У 13 гадоў здольны хлопчык стаў вучнем сярэдняй спецыяльнай музычнай школы пры Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. Будучы кампазітар атрымаў добрую прафесійную адукацыю: ён скончыў Беларускую кансерваторыю па класах фартэпіяна і кампазіцыі, потым два гады вучыўся ў Ленінградскай кансерваторыі імя Чайкоўскага, пасля чаго паступіў у аспірантуру пры Маскоўскай кансерваторыі. Яго настаўнікамі былі такія мэтры, як Анатоль Багатыроў, Яўген Цікоцкі, Уладзімір Алоўнікаў, Дзмітрый Шастаковіч, Ціхан Хрэннікаў.

Ігар Лучанок і Аляксандра Пахмутава, 2005 год'

Творчы шлях Ігара Лучанка пачаўся ў 1960-я гады. Яго дыпломнай работай у кансерваторыі стала кантата "Курган" паводле аднайменнай паэмы народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Адначасова была напісана і кантата "Салдацкае сэрца" - першы твор кампазітара на ваенную тэму. Лучанок праявіў сябе ў розных музычных жанрах. Ён аўтар струннага квартэта, саната для габоя і фартэпіяна, варыяцый на беларускую тэму для фартэпіяна, рамансаў і хораў, вакальных цыклаў, а таксама музыкі да спектакляў і кінафільмаў.

Ігар Лучанок, 2007 год'

Але галоўнае ў яго творчасці - песня. Менавіта яна прынесла кампазітару першы поспех, калі ў 1966 годзе на першым Усесаюзным конкурсе савецкай песні з баладай "Памяць сэрца" кампазітар Ігар Лучанок, паэт М.Ясень і выканаўца В.Вуячыч сталі пераможцамі сярод вядомых тады аўтараў і выканаўцаў.

Юбілейны вечар кампазітара Ігара Лучанка ў рамках XVII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", 2008 год'

Без песень Лучанка сёння цяжка ўявіць музычнае жыццё нашай краіны. Яго творы закранаюць самыя патаемныя струны сэрца, абуджаюць дабро і любоў. Такім жамчужынам песеннай лірыкі Ігара Лучанка, як "Алеся", "Жураўлі на Палессе ляцяць", "Вераніка", "Верасы", "Мой родны кут" ужо больш за трыццаць гадоў, а яны па-ранейшаму гучаць са сцэны, уваходзяць у кожны дом.

Песні кампазітара праслаўляюць сям'ю, бацькоўскі дом, любімую Радзіму. Класікай песень аб Вялікай Айчыннай вайне сталі яго творы "Каб камяні маглі гаварыць...", "Майскі вальс", "Пісьмо з 45-га", "Салаўі Хатыні".

Зорка Ігара Лучанка з'явілася 8 ліпеня на Алеі лаўрэатаў спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Беларусі "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення" на XX Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", 2011 год'

Ігар Лучанок - летапісец сваёй эпохі. У свой час яго называлі камсамольскім кампазітарам за песні пра вечна юную рэвалюцыю, Леніна, камсамол, маладзёжныя будоўлі. У 1967 годзе кампазітару была прысвоена прэмія Ленінскага камсамола Беларусі за "цыкл песень, якія ярка раскрываюць гераізм савецкага народа, багаты духоўны свет моладзі". Ад гэтых сваіх твораў Ігар Лучанок не адмаўляецца і сёння, верачы ў тое, што гісторыю перапісаць нельга, яе трэба берагчы.

У гісторыю сучаснага мастацтва Ігар Лучанок увайшоў не толькі як выдатны кампазітар, але і як музыкант, педагог і грамадскі дзеяч. Ён бліскуча іграе на фартэпіяна, цымбалах і акардэоне. У 1982-1986 гадах быў рэктарам Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. З 1980 года Ігар Лучанок узначальвае Беларускі саюз кампазітараў. Дзесяць гадоў быў старшынёй Федэрацыі Беларусі па цяжкай атлетыцы, аказваў сапраўдную падтрымку і дапамогу спартсменам і разам з тым пісаў песні пра спорт, спартсменаў і рэкорды.

Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", 2012 год'

У кампазітара шмат званняў і прэмій. Ён народны артыст Беларусі, народны артыст СССР, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, Дзяржаўнай прэміі Беларусі, спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, узнагароджаны ордэнамі "Знак Пашаны", Дружбы народаў, Францыска Скарыны. Своеасаблівым прызнаннем заслуг беларускага кампазітара Ігара Лучанка стала закладка зоркі з яго імем на плошчы Зорак у Маскве. У чэрвені 2018 года ў час адкрыцця XVIII Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі "Маладзечна" Ігару Лучанку было прысвоена званне Ганаровага грамадзяніна Мінскай вобласці.

Ігару Лучанку ўручылі медаль ЮНЕСКА "5 кантынентаў", 2016 год'

Адкрыты дыялог "Маладзёжны рух - традыцыі і будучыня" правялі актывісты БРСМ. Народны артыст Беларусі і СССР кампазітар Ігар Лучанок і першы сакратар Гродзенскага абласнога камітэта БРСМ Эліна Брага, 2016 год'

Юбілейны вечар Ігара Лучанка прайшоў на "Славянскім базары". Руслан Аляхно і Ігар Лучанок, 2018 год'

Да юбілею кампазітара 8 жніўня 2018 года адкрыецца выстаўка ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры. Госці змогуць азнаёміцца з дакументальнымі матэрыяламі, фатаграфіямі, убачыць асабістыя рэчы, віншаванні, граматы Ігара Лучанка. Лепшыя песні кампазітара прагучаць 26 верасня на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі, дзе адбудзецца гала-канцэрт "Мой родны кут...", прысвечаны 80-годдзю маэстра.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі