Сцяг Аўторак, 21 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
19 лістапада 2015, 10:55

Міжнародны музычны фестываль імя І.Салярцінскага пройдзе ў Віцебску 1-18 снежня

19 лістапада, Віцебск /Кацярына Князева - БЕЛТА/. XXVII Міжнародны музычны фестываль імя І. Салярцінскага пройдзе ў Віцебскай абласной філармоніі 1-18 снежня, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА адзін з арганізатараў дацэнт кафедры тэорыі музыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі умзыкі Нэлі Мацаберыдзэ.

Уверцюрай стане канцэрт арганнай музыкі лаўрэата міжнародных конкурсаў італьянца Эўджэніа Фаджыяні. "Маэстра выступае ў Еўропе, Расіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе. У гэты час у яго, можна сказаць, гастрольны тур па Беларусі: канцэрты на фестывалях у Мінску, Полацку і ў нас у Віцебску. У праграме прагучаць кампазіцыі Баха, Франка, Малера, Гендэля і самога Эўджэніа Фаджыяні. Арганныя канцэрты вось ужо некалькі гадоў надзейна прапісаліся ў праграме фестывалю, таму што ў нас цудоўны інструмент, які выклікае інтарэс у вядомых выканаўцаў", - адзначыла Нэлі Мацаберыдзэ.

На адкрыцці форуму 3 снежня, у дзень нараджэння Івана Салярцінскага, трыа салістаў з Расіі - Аляксандр Чарноў (скрыпка), Алег Бугаёў (віяланчэль) і Наталля Багданава (фартэпіяна) - дасць канцэрт камернай музыкі. У праграме сярод іншых прагучыць кампазіцыя Шастаковіча - трыа "Памяці І.І. Салярцінскага".

Рэдкім падарункам для віцебскай публікі стане канцэрт старадаўняй музыкі. У выкананні інтэрнацыянальнага дуэта пецярбуржца Дзмітрыя Зубава і мінчанкі Галіны Мацюковай будзе гучаць музыка эпохі барока на гістарычных інструментах - клавесіне і флейце траверс. Арганізатары фестывалю імкнуцца кожны раз адкрываць для слухачоў новыя імёны. Акрамя вышэйназваных, у Віцебск па спецыяльным запрашэнні ідэйнага натхніцеля форуму Дзмітрыя Салярцінскага прыедзе лаўрэат міжнародных конкурсаў Майкл О'Рурк з Ірландыі. На яго фартэпіянным канцэрце "Музыка ночы", дзе прагучаць накцюрны, санаты, прэлюдыі, калыханка, слухачы адчуюць усю гаму настрояў і адчуванняў гэтага часу сутак. Асаблівай падзеяй стане канцэрт камернай музыкі ансамбля салістаў "Класік-Авангард" - да 25-годдзя калектыву і 180-годдзя з дня нараджэння польскага скрыпача і кампазітара Генрыка Вяняўскага. "Класік-Авангард" з'яўляецца адным з ініцыятараў зараджэння віцебскага фестывалю і яго практычна пастаянным удзельнікам.

Гонар закрываць музычнае свята прадастаўлена даўняму сябру форуму - народнаму артысту Расіі Аляксею Любімаву. Ён прыхільнік аўтэнтычнага выканання музыкі XVII - XIX стст., у чым слухачы пераканаюцца на фартэпіянным канцэрце, дзе прагучаць кампазіцыі Моцарта, Бетховена, Скрабіна, Пярта.

Традыцыйна фестываль уключае і навуковыя чытанні, у якіх прымуць удзел вучоныя-музыказнаўцы з Бельгіі, Латвіі, Італіі, Ірландыі, Расіі і Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі